Выбрать главу

— Шна ведала, дзеля чаго прыехаў у Тоўсты Лес гэты дзiўнаваты заглыблены ў сябе гiсторык, — сказаў, улучыўшы момант, Гром Стралковiч.

Яна шчыра спачувала яму, вельмi хацела, каб на далёкай планеце яе муж дапамог вярнуць жыццё Клёну. Але сустрэч з Гаем Дубровiчам пазбягала. Прыроджаная сарамлiвасць, якая была глыбока схавана ў глыбiнi душы, аб якой не здагадвалiся нават сябры, не дазваляла выходзiць на абсалютны духоўны кантакт з малазнаёмым чалавекам. Гэта, вядома ж, былi рудыменты даплюралiстычнай эпохi, яе "радзiмыя плямы", як некалi модна было гаварыць. Нiна разумела своеасаблiвасць свайго характару, пакутвала, але — жанчына ёсць жанчына — нiчога з сабой не магла зрабiць. I таму поўнасцю аддавалася рабоце. А работы ў яе прыбавiлася, бо нечакана ў летнi лагер прыбыла, нiкога не папярэдзiўшы, група «зялёных» — шэсць мужчын i дзве жанчыны. На беразе рэчкi яны разбiлi палаткi, хадзiлi ў зялёных берэтах i дэманстратыўна не насiлi з сабой нiякай зброi, нават звычайных сцiзорыкаў.

— Якая ў вас, спадары, праграма? — асцярожна пацiкавiўся ў iхняга кiраўнiка, лысага рудабародага мужчыны гадоў сарака пяцi, Гром Стралковiч.

— Аклiматызуемся i пойдзем у балоты, — весела адказаў той.

— З чым пойдзеце?

— Як з чым? Вядома ж, без гэтага, — грэблiва зморшчыўся кiраўнiк «зялёных», паглядзеўшы на карабiн за плячамi ў Грома. — Пойдзем з бела-зялёным сцягам жыцця i мiру.

— Ну-ну, — хмыкнуў Стралковiч.

Тым часам Гай Дубровiч зацiкавiўся, што за будынiна — гумавы надзiманы купал — стаiць на ўзлеску.

— Там збiраюцца нашы левiтатары, — растлумачыў Гром. — Нiна таксама туды ходзiць, але зараз чакае дзiця…

Аб левiтатарах, людзях-птушках, якiя спрабуюць перамагчы зямное прыцягненне, сiлу гравiтацыi, Гай чытаў у газетах. I таму, як толькi выпала магчымасць, пайшоў да iх.

Проста на падлозе, на пярэстых цыноўках, сядзела каля дваццацi мужчын i жанчын. На галовах ва ўсiх былi вянкi з рознакаляровых птушыных пер'яў. Рукi яны трымалi на каленях i вельмi засяроджана, амаль не мiргаючы, сачылi за белым голубам, якi лётаў пад самым купалам. Нiна была тут жа, але, як зразумеў Гай, у якасцi трэнера. Яна стаяла на невялiкiм узвышэннi пасярод залы, трымаючы ў руцэ нешта накшталт дырыжорскай палачкi. Вось яна плаўна ўзмахнула гэтай палачкай, i левiтатары развялi рукi ў бакi, вочы ў iх заблiшчэлi, твары зрабiлiся адухоўлена-светлымi.

— Вы — родзiчы арлоў! — крыкнула Нiна, — узлятайце ж!

Некалькi чалавек (не ўсе) раптам адарвалiся ад падлогi, узнялiся над ёй на вышыню ў два-тры метры. Адна дзяўчына ўзвiлася аж пад самы купал, дзе лётаў белы голуб. Гай бачыў яе твар — надзiва прыгожы, нахтнёны i шчаслiвы. "Узляцець, адарваць сваё цела ад зямлi без нiякага рухавiка, а проста намаганнем волi i мускулаў можа толькi шчаслiвы чалавек", — раптам зразумеў ён. Ён перавёў позiрк на Нiну, як бы ўбачыўшы яе ўпершыню, i залюбаваўся вытанчанасцю i высакароднасцю яе рухаў, цеплынёй, што струменiлася з шэрых вачэй, лагоднасцю i той натуральнай шчырай грацыёзнасцю, якiя заўсёды ўпрыгожваюць маладых жанчын. Нездарма прырода вянцом прыгажосцi зрабiла менавiта жанчыну, бо яна стаiць каля самых таемных вытокаў новага жыцця, сама з'яўляецца вытокам, i той, хто прыходзiць у гэты свет, у самыя найпершыя iмгненнi свайго прыходу адразу сустракаецца з прыгажосцю. Непрыгожых мацi не iснуе — гэта аксiёма.

Юна адчула Гаеў позiрк, уздрыгнула, i палачка абвяла ў яе руцэ. I амаль адразу ж болыпасць левiтатараў прызямлiлася на свае цыноўкi. Толькi дзяўчына самазабыўна лунала пад высокiм купалам i ўсмiхалася адтуль. "Мой сын павiнен жыць, — увесь гэты час, пазiраючы на Нiну, думаў Гай. — Ты такая прыгожая, такая моцная, па ўзмаху тваёй рукi цяжкiя чалавечыя целы, як пух адуванчыкаў, адрываюцца ад зямлi. Ты можаш усё цi амаль усё. Над тваёй галавой, калi пiльна-пiльна прыглядзецца, пульсуе залацiсты нiмб. Гэта б'е цераз край, бушуе твая жыццёвая энергiя, твая дабраносная аўра. Запалi ж два жыццi — жыццё свайго будучага дзiцяцi i жыццё майго сына".

Праз тры днi, адпачнуўшы, аклiматызаваўшыся, «зялёныя» рушылi ў балоты. Дарэмна Гром Стралковiч угаворваў, затым i ўпрошваў iхняга кiраўнiка ўзяць хоць якую-небудзь зброю, хоць рэвальверык укiнуць у кiшэнь, дарэмна спрабаваў для страхоўкi паслаць разам з «зялёнымi» сваiх паляўнiчых.

— Мы абсалютна мiрныя людзi, — горда адказаў рудабароды кiраўнiк, нацiскаючы на слова «абсалютна».

I яны пайшлi. Шэсць мужчын i дзве жанчыны. Бела-зялёны сцяжок трапятаў над iмi. Густыя чараты праглынулi купку людзей i зноў сышлiся шчыльна i непралазна, глуха замураваўшы кволыя чалавечыя сляды на ядавiта-карычневай балотнай зямлi.

— Няшчасныя, — махнуў рукой Гром i адразу ж загадаў самым жвавым са сваiх паляўнiчых пайсцi з «зялёнымi» паралельным маршрутам.

— Але пайсцi не так, як бяжыць у чаратах паранены воўкасабака, а так, як падае на ваду бярозавы лiст, — удакладнiў ён задачу, што патрабавала ад падначаленых амаль стопрацэнтнай бясшумнасцi.

Гаю Дубровiчу таксама хацелася паблукаць па балотах, пабываць у таямнiчых трыснягах. Учора, седзячы каля развiтальнага вогнiшча, адна з жанчын шэптам, каб не пачуў кiраўнiк, расказала, што ў самым цэнтры балот ёсць невялiкiя грудкi сухой зямлi i на адным з гэтых грудкоў узвышаецца Зялёная Постаць. I адтуль далятаюць прыглушаныя гукi, быццам нехта б'е ў звон.

— Вы — «зялёныя». Постаць таксама зялёная, — не паверыў, пакпiў Гай. Занадта шмат зелянiны. Нехта з паляўнiчых, помнiцца, хiхiкнуў.

— Так расказваюць вiдавочцы, — строга паглядзеўшы на Гая, сказала жанчына. — Пад святлом месяца яны бачылi менавiта Зялёную Постаць, i хоць навокал вылi воўкасабакi, яны чулi там, у цэнтры дзiкiх балот, удары ў царкоўны звон. Вось так: бо-о-ом, бо-о-ом…

Жанчына спалохана выкруглiла вочы.

— Кажуць, гэтая Зялёная Постаць дае сiлу, калi дакранешся да яе, гаварыла яна далей. — Пакладзеш далонь або даткнешся лбом, i адразу нiбы кроў успыхвае ў чалавеку, i нiчога яму не страшна.

I такi сум гучаў у словах жанчыны, што Гай зразумеў — яна адзiнокая, бяссоннымi начамi яна марыць аб сустрэчы з Зялёнай Постаццю, але жаданая сустрэча, вядома ж, не адбудзецца. Зялёная Постаць, нават калi яе i не выдумалi, такая ж недасягальная, як i квазары, што выпраменьваюць у дзесяткi разоў больш энергii, чым самыя магутныя галактыкi, але касмiчны лёс закiнуў iх надта далёка ад Сонечнай сiстэмы, i чалавецтва нiколi не даляцiць да iх.

Потым жанчына амаль усю ночь сядзела каля вогнiшча. Гай бачыў засяроджаны, чырвоны ад блiкаў полымя твар. А ранiцой яна, як i ўсе «зялёныя», пайшла ў балоты.

I ён адчуў глухую трывогу. За Клёна, за жонку, за гэту незнаёмую жанчыну. Ён хадзiў па апусцелым Тоўстым Лесе, слухаў шум дрэў, глядзеў на раку, на сiвавата-шэрыя воблакi. Трывога не адпускала. Яна ўсё глыбей кiпцюрыла душу, халоднымi далонямi пачала павольна сцiскаць сэрца. Ператомленыя нервы, здаецца, брынчэлi, як туга нацягнутыя струны. I Гай, не вытрымаўшы, добра не разумеючы, што робiць, пабег у балоты, урэзаўся ў сцяну чаратоў. Магчыма, яму хацелася быць блiжэй да Грома Стралковiча, заўсёды моцнага i ўпэўненага. А магчыма, недзе ў падсвядомасцi ажыў, заварушыўся, як асколак у целе, расказ аб Зялёнай Постацi. Але ж Гром учора сказаў як адрэзаў: "Лухта ўсё гэта! Няма там нiякай трасцы. Акрамя, вядома, качак, уюноў, чаратовых катоў i воўкасабакаў".

Гай хутка iшоў, амаль бег па цёплай чорна-карычневай жыжцы, потым выбiўся на сушэйшую мясцiну, дзе тырчалi аброслыя апенькамi крывыя бярозавыя пнi. Пацягнула свежым ветрам, i неўзабаве залопаў дождж. Фантанчыкi ад кропель скакалi пад нагамi ў блiскучых лужынах. Раптам справа ад сябе ён пачуў глухое бомканне. Звон! Гай iрвануўся на гук, як на святло ў апраметнасцi чорнай ночы. Ён зразумеў — яму патрэбна, яму неабходна адшукаць у гэтым гнiлым трысняговым акiяне Зялёную Постаць i прыпасцi да яе сваiм гарачым iлбом. Яна будзе халодная, гаючая, яна суцешыць i ўзмацуе. Як калiсьцi (гэта так далёка, за лесам Часу) ласкава суцяшала мацi.

Вакол яго былi бурыя i жоўтыя трыснягi, зрэдзь стаялi дрэвы, пад нагамi плёхалася вада, угiналася, як гума, вiльготная зямля, над iм вiсела хмарнае дажджыстае неба. I ён адчуў сябе Чалавекам Ранейшых Стагоддзяў. Падалося, што за спiной надзейна сядзiць лук, а правую руку халодзiць каменны нож. Ён прагна, глыбока хапаў ротам i ноздрамi сцюдзёнае ад дажджу паветра. Сiла перакочвалася ў цвёрдых мускулах, вочы пазiралi востра i аб'ёмна, заўважаючы кожную травiнку на дарозе, кожную вадзяную кроплю на травiнцы. "Дзе ты, Зялёная Постаць?!" — крычала, пакутуючы, душа.