Яны дакранулiся да Вiнга лычамi i пайшлi праз чараты да сухой зямлi. Не азiраючыся, яны чулi, як гаворыць Вiнг:
— Вазьмi мяне, Вялiкае Балота. Хачу вярнуцца ў зялёныя лугi, да бацькi майго, да дзеда майго.
За чаратамi яны ўбачылi сухую зямлю i на ёй блiскучы белы пясок. Яны павалiлiся ў гэты пясок i пачалi качацца па iм. Фырку, нiбы агнём, апякала рану на спiне. Ён вiшчаў, курчыўся ад болю, але яшчэ мацней уцiскаўся ў пясок, блiскучы, белы i салёны.
Раны зажылi хутка. I зноў пачалося звычнае жыццё. Толькi цяпер дзiкоў было ўсяго трое, i яны зрабiлiся яшчэ больш асцярожнымi. Шукаць ежу выходзiлi ноччу, а днём вылежвалiся ў чаратах. Фырк прыслухоўваўся да наваколля, i трывога сцiскала сэрца. Сваiм вострым слыхам ён лавiў нейкiя незразумелыя гукi. Гукi гэтыя з кожным днём усё наблiжалiся, ахоплiвалi чараты з усiх бакоў.
— Сюды iдуць Жалезныя Людзi, — разгублена сказаў Рохк, якi пасля гiбелi Вiнга быў у iх за важака. — Жалезныя Людзi iдуць i ўдзень, i ўначы таму, што не ведаюць. што такое сон. Хутка яны прыйдуць сюды.
Дзiкi паглядзелi на чорна-зялёнае неба, на чырвоныя i аранжавыя зоркi, i iм захацелася, каб iхнiя чараты перанеслiся раптам на неба, туды, дзе няма Жалезных Людзей. Але неба — радзiма птушак, а дзiк спрадвеку можа жыць толькi ў балоце. I яны шчыльней уплiшчылiся ў цёмную ваду i затаiлi дыханне.
I вось да чаратоў, да схованкi дабралiся Жалезныя Людзi. Страшна было глядзець на iх. Яны былi зроблены з блiскучага металу, што сляпiў вочы. Рукi i ногi доўгiя, прымацаваныя да тулава меднымi спружынамi. На грудзях у Жалезных Людзей, як злыя чырвоныя агеньчыкi, гарэлi электрычныя лiхтарыкi. Часам гэтыя лiхтарыкi пачыналi тухнуць, ледзьве свяцiлiся, i тады Жалезныя Людзi спынялiся, бралi нешта з металiчных скрыначак, якiя былi прыкручаны ў кожнага да правага калена, i сыпалi ў дзiрачку, што была прабiта ў жалезных галовах замест роту. Праз колькi часу лiхтарыкi зноў ярка ўспыхвалi, i Жалезныя Людзi iшлi ўперад. У правай руцэ кожны трымаў доўгi чорны прут. Усё, да чаго дакраналiся гэтыя пруты, адразу ж знiкала, быццам яго i не было. Жалезныя Людзi iшлi павольна таму, што сваiмi прутамi iм трэба было дакранацца да кожнага дрэва, кожнага кусцiка i чарацiнкi. Следам за першым ланцугом Жалезных Людзей рухаўся другi. З вялiкiх насосаў-помпаў яны залiвалi голую зямлю гарачым бетонам. Жалезныя Людзi з трэцяга ланцуга, што замыкаў гэта няўмольнае шэсце, былi абуты ў вялiзныя, тоўстыя, жалезныя чаравiкi.
Iмi яны старанна ўтоптвалi бетон, i той рабiўся гладкi, як стол.
Дзiкi ў сваiм сховiшчы перасталi нават дыхаць. А Жалезныя Людзi падыходзiлi ўсё блiжэй. Яны iшлi моўчкi, без адзiнага слова. Толькi было чутно, як у апошнiм, трэцiм, ланцугу цяжка грукаюць жалезныя чаравiкi аб бетон: тук… тук…
Першы не вытрымаў Бурк. Ён выскачыў з-пад кучы звялага вецця i рынуўся на Жалезных Людзей, пагрозлiва нахiлiўшы вострыя iклы. Але што мог зрабiць дзiк, нават самы моцны, самы агрэсiўны i адважны? Бурк падбег да Жалезнага Чалавека, i Фырк з Рохкам убачылi, што ён таму ўсяго толькi па калена. Жалезны Чалавек нават нi крышачку не пахiснуўся ад магутнага тараннага ўдару. Чорным прутом ён лёгенька дакрануўся да Бурка, i Бурк знiк. Толькi засталiся сляды ад ягоных капытоў.
Фырк з Рохкам моўчкi перазiрнулiся. "Ты малодшы, — аднымi вачамi сказаў Рохк. — Табе яшчэ трэба жыць, бо нельга балоту без дзiкоў. А я — важак. I я пайду ўслед за Буркам. Як вучыў нас Вiнг".
Рохк ускочыў з зямлi, але не кiнуўся, як Бурк, на Жалезных Людзей. Ён пачаў асцярожна кружыцца на адным месцы, стараючыся знайсцi хоць якую-небудзь шчылiнку, дзе можна б было выслiзнуць з гэтага страшнага кола.
Жалезныя Людзi тым часам падыходзiлi ўсё блiжэй. Пярэднiя чорнымi прутамi знiшчалi ўсё жывое, сярэднiя залiвалi зямлю гарачым бетонам, якi аж дымiўся, а самыя апошнiя старанна ўтоптвалi бетон. Яны не здзiвiлiся, убачыўшы перад сабой яшчэ аднаго дзiка. Яны не ўмелi здзiўляцца.
Рохк з адчаем круцiўся на адным месцы. I тут ён заўважыў, што ўсе Жалезныя Людзi злучаны мiж сабой тоненькiм дроцiкам. Да правага калена кожнага жалезнага страшыдлы была прыкручана металiчная скрыначка. Усе гэтыя скрыначкi i злучаў амаль непрыкметны дроцiк. Жалезныя Людзi былi падобны на вялiзных блiскучых рыбiн, якiх начапiў нехта на адну нiзку. Вось лямпачка на грудзях у Жалезнага Чалавека пачала тухнуць. Ён нахiлiў галаву, доўгай нязграбнай рукой палез у скрыначку, каб узяць белых шарыкаў, якiя былi насыпаны там. На нейкае iмгненне ён выпусцiў Рохка з поля зроку. I Рохк рынуўся ў яго каля ног, разарваўшы дроцiк, выскачыў за першы ланцуг Жалезных Людзей. Ён бы пабег i далей, але капыты правалiлiся, загрузлi ў гарачым бетоне. Дарэмна, напружваючы ўсе сiлы, спрабаваў Рохк вырвацца з гэтай страшнай пасткi. Яго ўсё глыбей засмоктвала ў бетон. Вось ён ужо ў бетоне па каленi, па жывот, вось толькi вiдны лыч i хвосцiк… Падышлi Жалезныя Людзi ў вялiзных чаравiках з тоўстымi падэшвамi. Яны ўтапталi, утрамбавалi бетон, i нiчога не засталося ад беднага Рохка.
Але недарэмна загiнуў Рохк. Жалезны Чалавек, у якога ён парваў дроцiк, нiяк не мог скрануцца з месца. Ён быццам аслеп, бязладна тыкаў перад сабой чорным прутом. Вось ён няўклюдна крутнуўся i сваiм прутом зачапiў плячо суседа. Раз! — i суседа не стала. Нешта, вiдаць, парушылася ў, здавалася б, неадольным ланцугу. Жалезныя Людзi пачалi знiшчаць адзiн аднаго. За некалькi хвiлiн усе яны разам са сваiмi чорнымi прутамi знiклi. Толькi iхнiя скрыначкi з белымi шарыкамi засталiся ляжаць у балоце ды з чорнай, нiбы смаляной вады з шыпеннем узвiвалiся срабрыстыя пухiры.
Фырк не верыў вачам. Ён ужо чакаў смерцi, а тут прыйшло нечаканае збавенне. Два апошнiя ланцугi Жалезных Людзей, тыя, што залiвалi голую зямлю бетонам i ўтоптвалi бетон, пастаялi як здранцвелыя, пачакалi, усе адначасова павярнулiся i пайшлi з балота. "Дзуг, дзуг", — грукалi iхнiя чаравiкi па бетоне.
I Фырк iрвануўся са свайго сховiшча. Нiколi раней не бегаў ён так хутка. Здавалася, ён ляцеў над балотам. Шбы замест хвосцiка ў яго раптам з'явiўся прапелер. Чараты так i трашчалi пад нагамi.
Але Вялiкае Балота даўно ўжо зрабiлася маленькiм, бо Жалезныя Людзi з усiх бакоў удзень i ўначы наступалi на яго. Вось чаму вельмi хутка Фырк вьь скачыў на шэры цвёрды бетон, паслiзнуўся на iм i ўпаў. Ён узняўся, аддыхаўся, асцярожна i палахлiва агледзеў наваколле. Да самага небасхiлу ўсё было залiта бетонам, якi дзе-нiдзе пабраўся ўжо трэшчынамi i трэшчынкамi. Нi травы, нi кветкi, нi кусцiка не ўбачыў перад сабой Фырк. Толькi вулкан, не дужа вялiкi, з коса зрэзанай чорнай вяршыняй, дымiўся непадалёку. Да яго, нiзка ўнурыўшы ў зямлю галовы, iшлi Жалезныя Людзi. Яны тупалi адзiн за адным i блiшчалi пад промнямi сонца. Здавалася, вялiзная блiскучая гадзюка павольна ўспаўзае на схiл вулкана. Усё вышэй i вышэй узнiмалiся Жалезныя Людзi i правальвалiся, знiкалi ў кратэры. Вось знiк апошнi, i зноў пустэча i цiшыня зазвiнелi наўкол.
Вельмi сумна зрабiлася Фырку. Няма Вiнга, няма Рохка з Буркам… Што рабiць? Куды iсцi? Ён павярнуўся i патрухаў назад, у сваё балота. Увесь дзень праляжаў у чаратах. Нават не ўзняўся i тады, калi пачаўся вечар, калi на чорна-зялёным выстылым небе загарэлiся яркiя чырвоныя зоркi. Ён глядзеў на зоркi i думаў, што Вялiкi Статак загiнуў. Ранiцой прыйдуць новыя Жалезныя Людзi, i нехта з iх дакранецца да яго, Фырка, чорным прутом, у якiм хаваецца смерць. Не, ён не здасца iм без бою! Да сканання ён будзе падобны на Вiнга!
Фырк ускочыў на ногi. Сэрца бiлася рашуча i смела. Ён панюхаў паветра, асцярожна, але ўпэўнена, пайшоў па чаратах. "Пакуль жыве Фырк — жыве Вялiкi Статак!" — увесь час думалася яму. Там, дзе Жалезныя Людзi спалiлi адзiн аднаго, ён наткнуўся раптам на металiчную скрыначку, што напалову была залiта вадой. Белыя шарыкi высыпалiся з яе i аж зiхцелi на чорнай зямлi. Мiльготкае святло зорак рабiла iх нiбы жывымi.