Выбрать главу

Фырк доўга глядзеў на гэтыя дзiўныя белыя шарыкi, таптаўся вакол iх, абнюхваў, потым з асцярогаю праглынуў адзiн шарык. Трохi пачакаўшы, праглынуў другi i трэцi. Дагэтуль ён не каштаваў нiчога падобнага. Шарыкi былi горка-кiслымi, ад iх анямела ў роце i закружылася галава. Ён падумаў, што галава кружыцца ад стомленасцi, i дзе стаяў, прылёг крыху адпачыць. Але лягчэй не зрабiлася. У вачах успыхвалi яркiя iскры, падобныя на вясновых жывых апалонiкаў, якiя ператваралiся ў зялёныя i сiнiя кветкi. Тыя кветкi раслi, буйнелi, спляталiся мiж сабой. Iх схiляў да зямлi моцны парывiсты вецер. Фырк адчуў, як ударыла ў вочы гэтым гарачым нясцерпным ветрам, i адразу ж заснуў.

Невядома, колькi ён праспаў. Калi прачнуўся, сонца стаяла высока над зямлёй. Рознакаляровыя стракозы пырхалi тудысюды. Птушка кранг шпарка бегла па балоце, трымаючы ў вялiзнай плюскатай дзюбе сваё яйка, круглае, цяжкое, з чырвонымi плямамi на асляпляльна белай шкарлупiне. У ранейшыя часы Фырк адразу б сiгануў у чарот, каб толькi не сутыкнуцца з крангам, бо той, ледзьве што, шпурляе гэта яйка пад ногi першаму сустрэчнаму зверу альбо птушцы, i яйка адразу ж узрываецца, са страшнай сiлай раскiдваючы наўкол востранаточаныя касцяныя пласцiнкi, якiя могуць нават забiць. Але зараз Фырк адчуваў, што ён ужо не той, што быў раней, i таму нi кропелькi не спалохаўся дурнога кранга. Гэта здзiвiла i насцярожыла Фырка. Вядома ж, упершыню пакаштаваныя белыя шарыкi зрабiлi яго такiм. Незвычайныя сiла i лёгкасць адчувалiся ў целе. Ён быў мацнейшы за Вiнга, за ўсiх дзiкоў, якiя калi-небудзь жылi на планеце Вар. Але, самае галоўнае — ён пачаў разумець глыбiнны сэнс таго, што адбываецца. Нiбы з цёмных непраходных чаратоў выскачыў на шырокую, залiтую сонцам прагалiну. Ён i ўчора разумеў зыкi i пахi наваколля. Ды яны жылi ў iм i вакол, сплеценыя ў шчыльны клубок, засланялi адзiн аднаго, перашкаджалi з усiх галасоў выдзелiць нейкi адзiн голас. Сёння ж ён чуў, як тоненька, танюсенька спявае чарот, як з мокрага шчацiння зрываюцца срэбныя кроплi вады, як сiняя страказа, што села на пёрка травы, iмклiва б'е па паветры сваiмi празрыстымi крылцамi.

"Белыя таямнiчыя шарыкi Жалезных Людзей зрабiлi мяне такiм, вiдушчым i мудрым, — сам сабе сказаў Фырк. — Значыць, Вялiкi Статак не загiне. Учарашняга Фырка, палахлiвага i няўмелага, болей няма. Сёння я — Аюс Першы. Я разумею галасы прыроды. Я ведаю, што мае ворагi Жалезныя Людзi i тыя, хто прысылае гэтых жалязяк сюды з вулкана. Яны хочуць знiшчыць усё жывое i непадобнае на iх, хочуць, каб скрозь быў шэры цвёрды бетон. Але iм не адолець, не перамагчы Аюса Першага".

Аюс (назаўсёды забудзем iмя Фырк!) вырашыў, як толькi змеркнецца, выйсцi з балота i разведаць тэрыторыю па той бок вулкана. А пакуль што ён старанна пазбiраў металiчныя скрыначкi з белымi шарыкамi i схаваў iх у надзейнае месца — мiж тоўстых каранёў старога дрэва тулур, якое, свецячы патрэсканай попельна-сiняй карой, расло непадалёку. Ён ведаў — яны абавязкова спатрэбяцца i яму, i яго новым сябрам. А ў тым, што ён напаткае сяброў, не ў балоце, дык па той бок вулкана, Аюс Першы нi кропелькi не сумняваўся. Жалезныя Людзi, гаспадары Жалезных Людзей, бетон, якiм яны, нiбы струпам, хочуць пакрыць усё, нiчога не будуць варты ў параўнаннi з Аюсам i ягонымi адважнымi сябрамi.

Так думаў, чакаючы прыцемкаў, Аюс Першы, кароль жывёл з планеты Вар.

IX

— Дык вось адкуль узялiся ўсе нашы зямныя казкi аб жывой вадзе, сказаў Радаслаў Буслейка Веры Хрысцiнюк, убачыўшы, што твар у Клёна Дубровiча паружавеў, затрымцелi вейкi, а неўзабаве расплюшчылiся вочы. Лептонная энергiя, якая застаецца пасля фiзiчнай смерцi кожнага чалавечага iндывiдуума, як i прадказвалi вучоныя i фантасты, не знiкае, не рассыпаецца ў космасе, а стараецца трымацца кампактнай масаю, чакаючы цi аднаўлення ранейшага цела (як у выпадку з Клёнам), цi з'яўлення абсалютна новага, каб усялiцца ў яго. Я гэта ўбачыў яшчэ ў час бою з шышкагаловiкамi каля Пятровiцкага вадасховiшча. Але ж там былi не людзi, а псеўдабiялагiчныя копii. А тут — чалавек, падлетак, якi быў мёртвы, знаходзiўся ў стане клiнiчнай смерцi i на нашых вачах ажыў.

Ён сядзеў, звесiўшы ногi, на круглым металiчным дыску. Гэты дыск, знутры якога даносiлася роўнае, мяккае, як пчалiнае, гудзенне, знаходзiўся на вышынi ў два-тры з паловай метры над Ракой Адноўленых Твараў. Лёгкiя хвалi беглi па рацэ. Але там, унiзе, у блiскучых металiчных берагах, цякла не вада, а нейкая густая маслянiстая вадкасць, колерам падобная на малако. Яна была ў меру празрыстая, i Радаслаў добра, выразна бачыў твар Клёна Дубровiча — нахмураныя цёмныя бровы, запалыя шчокi. Усё цела падлетка было пагружана ў гэту вадкасць, у тым лiку i твар. Клён ляжаў на спiне, танклявы, худы, i часам здаваўся Радаславу маладой драпежнай акулай, якая, затаiўшыся, падкаравульвае здабычу.

— Ты будзеш жыць, — пiльна i неадрыўна ўзiраючыся ў твар Клёну, як заклiнанне, як малiтву, паўтараў i паўтараў Буслейка. Так загадалi плазмоiды. Тое ж самае рабiла i Вера Хрысцiнюк, дыск якой вiсеў над ракой метры за тры ад Радаслава.

I вось Клён павольна i, адчувалася, пакутлiва расплюшчыў вочы.

— Ура! — пляснула ў ладкi Вера Хрысцiнюк, i дыск пад ёй захiстаўся.

— Цiшэй, жыхарка не нашай планеты, — адразу пачулася збоку невялiкага зялёнага шара, якi цiха-цiха кружыўся над металiчным берагам Ракi Адноўленых Твараў. — Трэба суадносiць свае дэцыбелы, акустычную моц свайго голасу са свяшчэннасцю гэтай хвiлiны. У дадзеную бiялагiчную структуру вяртаецца жыццё, а ты можаш спалохаць яго, як лугавую птушку, сваiм крыкам. Цiшэй.

Вера Хрысцiнюк пагардлiва зморшчыла прыгожы носiк, але адразу ж прыкусiла язык. Радаслаў жа прыкмецiў, што акрамя зялёнага шара па абодва берагi ракi роўным шнуром, як бы нешта вычэкваючы, застылi фiялетавыя i чырвоныя шары. "Два кланы, якiя не хочуць мiрыцца з чалавецтвам, здагадаўся стрэсаператар. — Iхнiя прадстаўнiкi, дакладней, iхнiя шпiкi, таксама прысутнiчаюць пры ажыўленнi Клёна. Настроены яны даволi агрэсiўна пускаюць iскры".

Тым часам Клён здзiўлена пазiраў знiзу ўверх на Радаслава i Веру, на iхнiя дыскi. Потым, рэзка шырока раскрылiўшы рукi, адштурхнуўся ад «вады», стаў на ногi, i адчувалася — рака глыбокая i стаiць ён не на дне. I што цiкава — не пачулася анiякага плёскату. «Вада» была безгалосая, нямая.

— Дзе я? — разгублена спытаў сам у сябе Клён. Пэўна, ён думаў, што бачыць усё гэта ўва сне.

— Жыхар не нашай планеты, ты знаходзiшся на Свяшчэннай планеце Вар, стрымгалоў сарваўшыся з месца, падляцеў да яго зялёны шар.

— Дзе? Якi самавар? — не дачуўшы, iранiчна зморшчыўся Клён Дубровiч.

— Ты знаходзiшся на Свяшчэннай планеце Вар, — з годнасцю, нi на ёту не пакрыўдзiўшыся, паўтарыў зялёны плазмоiд.

Тут да Клёна нарэшце дайшло, што ён не спiць, а стаiць па пояс у нейкай вадкасцi i размаўляе, як з жывым (!), з нейкiм шарам.

— Што ж са мной было? — спалохана, глытаючы словы, спытаў ён.

— Ты быў мерцвяком. Клеткi твайго галаўнога мозга пачыналi разбурацца…

— Мерцвяком? — аж падскочыў Клён. I зноў «вада» ў Рацэ Адноўленых Твараў не ўзляцела ва ўсе бакi пырскамi, засталася бясшумнай.

— Так, бо ўсё жывое павiнна некалi памерцi. "Каб не памерлi, дык неба б падперлi". Здаецца, гэта'к кажуць на планеце Зямля? Але Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў ажывiў цябе. Жывi i памятай, што ты — гарант прымiрэння дзвюх цывiлiзацый: Старой, або Плазмоiднай, i Бялковай.

У гэты час на берагах ракi пачулася разгневанае шыпенне. Радаслаў Буслейка заўважыў, што фiялетавыя i чырвоныя шары пачалi пагрозна раздзiмацца, узбуджана скакаць. Iскры так i сыпалiся з iх. Вось яны, шчыльней згуртаваўшыся, павольна паплылi да сярэдзiны Ракi Адноўленых Твараў, дзе знаходзiўся ўшчэнт разгублены Клён, якому здавалася, што ён скрануўся з глузду.

— Спынiцеся, Фiялетавыя i Чырвоныя Браты! — гучна прамовiў зялёны плазмоiд. — Падумайце, што болып: два кланы цi пяць кланаў?

Але тыя павольна падплывалi ўсё блiжэй.

— Мне страшна, — умольна пазiраючы на Радаслава, дрыготкiм голасам прамовiла Вера Хрысцiнюк.