Выбрать главу

Адзiн толькi Клён Дубровiч, як i належыць юнаму i гордаму грамадзянiну планеты Зямля, заставаўся рэалiстам. Ён пiльна глядзеў на плазмоiд i ўсё стараўся ўбачыць у яго рот цi нейкую iншую адтулiну, адкуль вылятаюць словы i гукi. Але плазмоiд быў падобны на абсалютна гладкi бiльярдны шар — як кажуць, нi сучка нi трэшчынкi. Словы iшлi знутры, з самай патаемнай глыбiнi i гучалi выразна, чыста. Яшчэ адным дзiвам было тое, што плазмоiд, як, дарэчы, i ўсе яго супляменнiкi, з'яўляўся палiглотам — мог гаварыць на ангельскай, на беларускай, на шведскай, на якой хочаш мове. Як да яго звярталiся, на такой мове ён i адказваў. "Мне б такiя здольнасцi, — шчыра пазайздросцiў Клён.

— Шкада, што мы, зямляне, яшчэ не ўмеем рабiць такое, — усклiкнуў Радаслаў Буслейка, убачыўшы, як чарговы плазмоiд ажыў i шчаслiва ўзляцеў у зялёнае варскае неба.

— Вось заключым вечны мiр з жыхарамi планеты Зямля i навучым вас, паважна прамовiў Талеркiй Сiнi 83.

Клён хмыкнуў.

— Цябе ж мы ажывiлi, — сказаў яму плазмоiд. Клёну не было, як кажуць, чым крыць i ўсёткi ён задзiрыста выпалiў:

— Што я? Я — жывучы. А паспрабавалi б вы чалавека падняць, якi сто цi трыста гадоў назад жыў. Дудкi!

— Ты памыляешся, — спакойна выслухаўшы яго, загаварыў Талеркiй Сiнi 83. — Прабач мне, жыхар не нашай планеты, але каэфiцыент iнтэлектуальнасцi Старой Цывiлiзацыi, як вы нас называеце, значна вышэй, чым у вашай, бялковай. Я не хацеў гаварыць, але гэта так. Прабачце i вы, жыхары не нашай планеты, — звярнуўся ён да Веры i Радаслава.

— Не нашай планеты… Не нашай планеты, — раззлаваўшыся, перадражнiў Клён. — Заладзiў, як паламаны вiдзiк. Сусвет — адзiн. Матэрыя — адна. У нас гэта кожны пяцiгадовы карапузiк ведае. А значыць, i Вар, i Зямля, i Сонца нашы.

Клён шырока махнуў рукой.

I раптам Талеркiй Сiнi 83 знiк, як у ваду ўпаў.

— Пакрыўдзiўся, — сказала Вера. — Асцярожней трэба, Клёнiк, далiкатней… Усё ж — чужая планета.

Клён не паспеў адказаць, бо сiнi плазмоiд зноў з'явiўся перад iмi i не адзiн, а з жоўтым, болыпым, чым ён, плазмоiдам.

— Талеркiй Жоўты 106, - пачцiва назваў сябе новапрыбыўшы. — Дваццаць сем разоў назiраў на Зямлi за соннымi людзьмi. Асаблiва прыгожа спяць маленькiя дзецi. У iхнiх роцiках тырчыць нешта, падобнае на свiсток, але чамусьцi не свiшча.

Клён з Радаславам весела перазiрнулiся.

— Мне паведамiў мой вельмiшаноўны малодшы сабрат з вельмiшаноўнага клана Сiнiх Талеркiяў, што вы, жыхары не нашай планеты, сумняваецеся ў нашых здольнасцях, — працягваў жоўты плазмоiд. — Дарэмна. Мы можам вярнуць да жыцця чалавека, якi памёр нават чатырыста гадоў назад. Але памёр не ад старасцi, а ад свiнца, бронзы, сталi, жалеза, сiнiльнай кiслаты…

— Памёр гвалтоўнай, не сваёй смерцю, — падказаў Радаслаў Буслейка.

— Так. Такой смерцю. Але толькi не ад агню — тут мы яшчэ пакуль бяссiльныя. Для таго каб чалавек ажыў, патрэбна яго фатаграфiя, голас, запiсаны на магнiтную плёнку, ён, яго фiгура ў кiнакадрах, група крывi, адбiткi пальцаў i, — Талеркiй Жоўты 106 зрабiў шматзначную паўзу, — ягоны розум.

— Розум? — перапытаў Клён.

— Так. Розум. Кнiгi i карцiны, якiя ён напiсаў. Сiмфонii, навуковыя адкрыццi, выдатныя iнжынерныя дасягненнi…

— А як жа я? — паныла сказаў Клён. — Я ж некалi зноў памру, назаўсёды, а ў мяне — нi адкрыццяў, нi сiмфонiй, нi кнiжак, нiчога няма.

— Усё яшчэ ў цябе наперадзе, Клёнiк, — весела засмяялася Вера.

Ды Клён Дубровiч пачуваў сябе вельмi няўтульна.

— Што ты зрабiў, жыхар не нашай планеты, за сваё жыццё? — узнёсла, трохi напышлiва спытаў у яго жоўты плазмоiд.

— Нiчога, — перасмыкнуў плячамi Клён. — Здаецца, нiчога. У лiцэi на ўроках працы табурэткi рабiў.

— Табурэткi? Што гэта? Ага, здагадваюся. Гэта такiя прамавугольныя збудаваннi на чатырох слупках. Правiльна? Нам, плазмоiдам, добра — мы абыходзiмся без такiх збудаванняў, я хачу сказаць, без табурэтак. Але не адчайвайся, жыхар не нашай планеты, бо для майстравання табурэтак таксама патрэбен розум, i немалы.

Клён, вiдно па ўсяму, быў задаволены вердыктам, якi вынес ягоным разумовым дасягненням плазмоiд. А гаваркi Талеркiй Жоўты 106, адцяснiўшы свайго сiняга сабрата, расцякаўся шматслоўем.

— Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў вырашыў, як вы ведаеце, заключыць з бялковай цывiлiзацыяй, з чалавецтвам вечны мiр. Мы зразумелi, што пераможцаў у тысячагадовай барацьбе не будзе, што вышэй жыцця, у якiх бы формах яно нi iснавала, нiчога няма. Вышэй — смерць. I наша, i, прабачце, ваша. А барацьба вялася жорсткая. Асмелюся спытаць вас, жыхар не нашай лланеты, — звярнуўся ён да Радаслава, — што вы можаце сказаць пра пасажырскае судна «Тытанiк»?

Пра "Тытанiк"? — Буслейка наморшчыў лоб. — Буйнейшы карабель пачатку дваццатага стагоддзя. Пабудаваны ў Вялiкабрытанii. Вадазмяшчэннем, калi не памыляюся, каля сарака сямi тысяч тон. Даўжынёй дзвесце шэсцьдзесят дзевяць метраў. Ужо тады плавалi ў морах такiя мастадонты. У красавiку 1912 года сутыкнуўся з гiганцкiм айсбергам i пайшоў на дно. Загiнула каля паўтары тысячы пасажыраў. Вось i ўсё, што я помню.

— Памяць у вас выдатная, — пахвалiў плазмоiд. — Толькi наконт айсберга ў вас недакладная, а калi гаварыць шчыра, зусiм няправiльная iнфармацыя.

— Чаму? — здзiвiўся Радаслаў. — Увесь свет гэта ведае. Прэса пiсала. Засталiся жывыя вiдавочцы.

— Таму, што айсберга не было, а была падводная таранная машына, якую вынайшлi i зрабiлi ў глыбокай тайне ад Старой Цывiлiзацыi фiялетавы i чырвоны кланы.

— Але ж айсберг быў. Цэлая ледзяная гара!

— Гэта быў муляж. Унутры так званага айсберга была ўманцiравана наймагутнейшая таранная машына са стальным бiўнем даўжынёй у сто метраў. Воданепранiкальныя перагародкi «Тытанiка» ён прабiў, як iголка прабiвае мяккую тканiну.

— Не веру, — матнуў галавой Клён. — Я глядзеў кiнафiльм "Гiбель «Тытанiка».

— I я не веру, — падтрымала яго Вера Хрысцiнюк. — I не бачу нiякага сэнсу ў гэтай бандыцкай, iнакш не скажаш, акцыi.

— Старая Цывiлiзацыя сурова асудзiла напад фiялетавага i чырвонага кланаў на «Тытанiк», — павольна, з адчуваннем уласнай годнасцi загаварыў Талеркiй Жоўты 106. — З таго часу, можна сказаць, i пайшла глыбокая трэшчына ў жывым целе народа плазмоiдаў. Фiялетавы i чырвоны кланы аддзялiлiся ад нас i працягваюць па сённяшнi дзень атакаваць чалавецтва. А калi гаварыць пра сэнс таго, што адбылося ў туманах i хвалях халоднай Атлантыкi, дык гэта было папярэджанне чалавецтву i помста.

— За што? — спытаў Буслейка.

— За тэхнiчны прагрэс, за пахвальбу i непамерныя амбiцыi.

— Калi помсцiць кожнаму, хто не так, як паложана, паглядзiць на веласiпед i задумае прыкруцiць да яго нейкую новую гайку, дык мы апынемся ў каменным веку.

— Згодзен з вамi, жыхар не нашай планеты. Старая Цывiлiзацыя, добра зразумеўшы тую небяспеку, якую прынясе ўсiм нам бясконцая i, самае галоўнае, бяссэнсавая канфрантацыя, рэзка асудзiла фiялетавы i чырвоны кланы. Зараз мы ваюем не з вамi, а з гэтымi двума кланамi — адшчапенцамi. Вы ўчора бачылi, як мы ваюем.

— Гэта было жахлiва, — сказала Вера Хрысцiнюк.

— Учора адшчапенцы пацярпелi паражэнне, адступiлi, — не звярнуўшы ўвагi на яе словы, працягваў Талеркiй Жоўты 106. — Але ў iх яшчэ шмат сiлы. Яны трымаюць пад сваiм кантролем адну трэць планеты Вар, у тым лiку вулкан Нябесны Зуб, дзе робяць i трэнiруюць полчышчы Жалезных Людзей.

— Робатаў? — спытаў Клён.

— Так. Жалезныя Людзi, змайстраваныя iмi, залiваюць бетонам паверхню ўсёй планеты, не пакiдаючы нiчога жывога. Вы спытаеце: навошта? Можна даць некалькi адказаў. Першы i, вiдаць, галоўны — яны хочуць, выцеснiўшы з Вара астатнiя пяць кланаў, пабудаваць помнiк самiм сабе. Вам, людзям, цяжка зразумець такое. Вы ўзводзiлi i зараз яшчэ ўзводзiце помнiкi некаторым дзеячам, якiх лiчыце вартымi пасмяротнай увагi i славы. Вы значна сцiплейшыя, чым яны, бо фiялетавы i чырвоны кланы прагнуць калектыўнага самаўслаўлення. Планета Вар, гладка залiтая бетонам, будзе павялiчанай копiяй плазмоiда, што вечна плавае ў касмiчнай прасторы, прычым адна палова яе будзе пафарбавана ў фiялетавы колер, другая — у чырвоны. Два гэтыя кланы — i ўсё. I нi жоўтага, нi зялёнага, нiякага…