КАЛI ГРУКОЧУЦЬ ВУЛКАНЫ
X
На планеце Вар Радаславу, Веры i Клёну заставалася яшчэ прабыць трохi менш двух сутак. Калi памятаць, што суткi на Вары ўкладваюцца ў сорак восем гадзiн, дык у iхнiм распараджэннi быў ладны кавалак часу. У першую чаргу трэба было неяк пазбавiцца ад пастаяннай апекi плазмоiдаў. Плазмоiды (маюцца на ўвазе пяць мiрных кланаў) паказвалi сябе гасцiннымi, клапатлiвымi гаспадарамi. Толькi гасцiннасць гасцiннасцю, але калi проста ў цябе перад носам цэлы дзень, нi на хвiлiну не аддаляючыся, круцяцца рознакаляровыя шары, хочацца плюнуць i ўваткнуць галаву ў падушку або ў мяккую зялёную траву. Ды не было падушак, а замест зялёнай травы рыпеў пад нагамi зялёны буйназярнiсты пясок.
— Мы хочам паспавядацца свайму Богу, — сказаў Радаслаў гiду, Талеркiю Сiняму 83. — На Вары няма нашых храмаў, i таму мы пойдзем, пойдзем толькi трое, бо пры споведзi нельга прысутнiчаць чужым вачам i вушам, на высокае чыстае месца, дзе i пагутарым са сваiм Богам. Там нас можа пачуць адзiн вецер, але ён вольны, нiкому не служыць, нiкому нiчога не расказвае.
— Што такое Бог? — спытаў плазмоiд.
— Гэта тое, чаму ты верыш, — адказала Вера Хрысцiнюк.
Плазмоiд памаўчаў, потым сказаў:
— Значыць, гэта — плазма, наша несмяротная плазма, наша прамацi ўсiх плазмоiдаў. Зямляне пераглянулiся.
— Мы пойдзем, — сказаў Радаслаў, - i вернемся, калi Зялёная Зорка стане над тулуравым лесам.
Плазмоiд быццам бы не пярэчыў — адпусцiў. Але крокаў праз трыста Вера, азiрнуўшыся, прамовiла шэптам:
— Здаецца, за намi ўвязаўся, як раней казалi, «хвост». Паглядзiце ўважлiвей вунь на той узгорачак, што зарос сiняй травой. Бачыце? Там нiбы сонечны зайчык бегае.
— Гэта плазмоiд, а дакладней, маленькi плазмоiдзiк, — упэўнена сказаў Радаслаў Буслейка. — Ён або малалетак, або карлiк. Што ж зрабiць, каб ён адчапiўся ад нас?
— Давайце iсцi, як iшлi, — прапанаваў Клён. — I ўвесь час азiрацца. Плазмоiд зразумее, што мы яго заўважылi i…
— I што? — iранiчна спытаў Радаслаў.
— Яму зробiцца сорамна i…
— I што?
— Што вы «штокаеце»? Ён пакiнё нас у спакоi.
— Значыць, ты лiчыш, што плазмоiдам, як i нам, людзям, уласцiвы такiя пачуццi, такiя эмоцыi, як сорам, страх, няўпэўненасць, адчуванне вiны?
— А чаму б i не? Iнтэлект у iх вельмi высокi. А дзе iнтэлект, вялiкi розум, там i адпаведная псiхiка. Высокаiнтэлектуальны мозг не можа належаць падонку.
— Ты генiй, Клёнiк! — захоплена ўсклiкнула Вера.
Радаслаў Буслейка паглядзеў на падлетка са здзiўленнем i павагай, падумаў: "У чалавецтва яшчэ не ўсё страчана, калi нараджаюцца такiя акселераты".
Маленькi плазмоiд, i праўда, памiгцеў-памiгцеў з травы, з-за ствалоў тулураў i знiк, як яго не было. Затое кiламетры праз два на камянiстым пустынным плато зямлян сустрэў Аюс Першы, а разам з iм былi конь, бык i смаляна-чорны певень, якi горда сядзеў у быка на спiне.
"Мае сябры, — сказаў Аюс, — Конь I г, бык Яр, певень Кук. Я навучыў iх разумець iсцiну".
Кароль жывёл, як i ўсе каралi, не вызначаўся асаблiвай сцiпласцю.
"I га я знайшоў у цырку, — працягваў Аюс. — На паўночным схiле Нябеснага Зуба ёсць арэна, якую зрабiлi Жалезныя Людзi. Там I г танцаваў на заднiх нагах, а на шыi ў яго быў павязаны ружовы вялiзны бант. Уявiце толькi: конь — i танцуе. Замест таго каб цягнуць плуг, вазiць фурманку, iмчаць у атаку з адважным рыцарам на спiне. Бык Яр удзельнiчаў у карыдзе. Яго калолi шпагамi, а ён кiдаўся, як шалёны дурань, на чырвоную анучу. Я навучыў Яра ўдарыць рогам не ў гэту анучу, а ў жывот тарэадору. Чулi б вы, як заенчыў тарэадор!"
— Тарэадорам быў зямлянiн? — спытаў Клён.
"Жалезны Чалавек. Але Яр, пасля таго як я яго навучыў, ударыў бы i чалавека. Усё жывое павiнна быць роўным мiж сабой. Цi не так, людзi?"
Кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы пiльна глядзеў на Радаслава, Веру i Клёна, чакаў адказу.
— У прынцыпе я згодзен з табой, кароль Аюс, — прамовiў нарэшце Радаслаў Буслейка. — Але ўсё далёка не так проста, як ты мяркуеш. Калi б ты i твае падданыя цi сябры (не ведаю, як i назваць) умелi чытаць, я раiў бы вам пазнаёмiцца з кнiжкай Джорджа Оруэла, ангельца, "Жывёльны двор". Там кабан Напалеон падбухторыў свойскiх жывёл узняць паўстанне супроць свайго гаспадара-фермера.
"Яны перамаглi?" — радасна заззялi вочы ў Аюса.
— Перамаглi. Толькi перамога не прынесла iм радасцi.
"Чаму?"
— Зноў жа — не так проста адказаць.
— Некалi я прачытаю табе, кароль Аюс, гэту кнiжку, — горача ўсклiкнуў Клён Дубровiч. — Прылячу на Вар з Зямлi i прачытаю.
"Дзякуй, хутканогi i вастравокi, — сказаў Аюс Першы. — А зараз, зямляне, я i мае сябры просiм вас дапамагчы нам адолець Жалезных Людзей. Калi мы гэта не зробiм, яны зальюць бетонам усю планету".
— З чаго ж мы пачнем? — у роздуме паглядзеў на конусападобную вяршыню Нябеснага Зуба Радаслаў.
Клён i Вера таксама задумалiся. Яны, вядома, вельмi хацелi зрабiць нешта добрае для дзiка, пеўня, каня i быка. Але як? Хiба можна голымi рукамi перамагчы Жалезных Людзей? З надзеяй пазiралi яны, падлетак i жанчына, на Радаслава Буслейку. Ды той, нахмурыўшыся, зацята маўчаў.
— Радаслаў Алесевiч, Радаслаўчык, у вас жа не мозг, а самы найноўшы камп'ютэр. Прашу вас — выдайце якую-небудзь iдэю, — какетлiва, з абаяльнай усмешачкай папрасiла Вера Хрысцiнюк, але ў голасе адчувалiся хваляванне i трывога. Спагадлiвая мяккая душа, яна ўжо аж да слёз перажывала з-за тых страшэнных несправядлiвасцей, якiя змушаны цярпець ад Жалезных Людзей бедныя жывёлы планеты Вар. Можна толькi здагадвацца, як яна б сябе паводзiла, калi б раней за Аюса з падобнай просьбаю звярнулiся да зямлян Жалезныя Людзi. Няма сумнення, што яна кiнулася б ратаваць няшчасных робатаў. Ва ўсiм гэтым — сакрэт (магчыма, яго нiколi не разгадаюць) Веры Хрысцiнюк, сакрэт i велiч таямнiча-пяшчотнай жаночай душы. Уславiм жа гэту душу, дзб б мы нi знаходзiлiся: на далёкiх планетах, на змрочным акiянскiм дне цi каля вечаровага цяпельца, што мiрна гарыць, патрэсквае на лужку каля Лондана або Менска.
"Спачатку мы пойдзем у Вялiкае Балота. Акрайчык яго яшчэ захаваўся", сказаў Аюс Першы, i ўсе з iм пагадзiлiся. Рушылi адразу ж — паперадзе бык Яр з пеўнем Кукам на спiне, за iмi зямляне, у ар'ергардзе I г i Аюс.
Наўкол ляжалi маўклiвыя зялёныя пяскi. Вецер змятаў iх у невялiкiя дзюны. Дзе-нiдзе з гэтых дзюнаў тырчалi саржавелыя вострыя абломкi нейкiх металiчных канструкцый. Разы са тры памiж пяскоў траплялiся адчыненыя (у iх свiстаў вецер) люкi. Зямляне ўжо ведалi, што гэта ўваходы ў падземнае жытло плазмоiдаў. Значыць, па нейкiх прычынах жытло занядбана, пустуе i там начуюць толькi ценi i незразумелыя чалавечаму вуху шолахi.
— Здаецца, тут была вайна, — сказаў Клён Дубровiч.
— Падобна, — згадзiўся Радаслаў i пацiшэлым голасам дадаў: — Як пустэльна i як сумна…
Пад нагамi танюсенька, не па-зямному, рыпеў пясок. У iм вецер нарабiў баразёнак, прыгожых хвалiстых грабеньчыкаў. Раптам крокаў за пяць ад сябе Клён заўважыў гняздо, у якiм ляжала (ён iмгненна злiчыў) дванаццаць буйных яек — адзiнаццаць асляпляльна белых з яркiмi чырвонымi плямамi i адно зялёнае. Дзiўнае гняздо было зроблена не з травы, не з пер'я, галiнак або моху, а з калючага жалезнага дроту.
— Гняздо, — разгублена прамовiў Клён i памкнуўся да яго. Чамусьцi вельмi захацелася ўзяць, адчуць даланёю прыгожае i, пэўна ж, важкае i цёплае яйка.
"Назад!" — гнеўна закрычаў Аюс Першы i адштурхнуў Клёна лычом.
Вера з Радаславам здзiўлена глядзелi на тое, што адбываецца. Iшлi мiрна-спакойна, i раптам гэты дзiк, гэты кароль жывёл, як ён сам сябе называе, нечакана накiнуўся на Клёна. Ну ўзяў бы той, пакратаў яйка усё-ткi яшчэ малалетак.
— Напэўна, нас падманулi, Вера, — адчуваючы, як пачынае пульсаваць у скронях кроў, сказаў Радаслаў Буслейка. — Мы — зямляне, мы прывучаны верыць усяму жывому, але ж гэты гаваркi дзiк i ягоныя маўклiвыя малойчыкi не ўручалi нам нiякiх вярыцельных грамат. Адкуль мы ўзялi, што ён кароль? Кароль жывёл з планеты Вар! На Зямлi нас засмяюць. Па-мойму, гэта хаўруснiкi чырвоных i фiялетавых плазмоiдаў i вядуць яны нас у нейкую пастку.