Выбрать главу

— Да нас коцiцца зорка!

XI

Вiдовiшча было, трэба сказаць, фантастычна-прыгожае. Клён бачыў, як зладжана i бязгучна расступiлiся ў бакi Жалезныя Людзi, ствараючы шырокi праход. I вось у гэты праход-пралом у блiскучай металiчнай сцяне павольна i велiчна кацiлася пяцiкутная, надзвычай зiхоткая зорка. Яна скочвалася (а можа, iшла?!) з травянiстага спадзiстага ўзвышша ў лагчыну, дзе стаяў вагончык. Нечаканая госця была метры чатыры ў папярэчнiку, i Жалезныя Людзi выглядалi на яе фоне маленькiмi, кволымi. Залацiстае ззянне струменiлася ад зоркi. Там, дзе адзiн з яе пяцi канцоў датыкаўся да пяску або травы, усё ружавела, iскрылася, быццам адразу маладзеючы. Плямы яркага святла, якое, аднак, не рэзала вочы, клалiся на плечы i галовы Жалезным Людзям. Зорка падкочвалася ўсё блiжэй. "Усё-ткi яна iдзе, — здагадаўся Клён. — Пяць канцоў не што iншае, як пяць яе ног". У думках ён спачатку назваў яе Пяцiножкай, але ў назве была нейкая здробненасць, мiнiяцюрнасць, а зорка мела ўнушальныя памеры, i ён прыдумаў ёй iмя — Пяцiног.

— Якая прыгожая, — прашаптала Вера, калi зiрнула на зорку.

Пяцiног падкацiўся-падышоў да вагончыка, у якiм знаходзiлiся зямляне, спынiўся. У акенца палiлося мяккае святло. Было ў iм нешта ад бляску расы на ранiшнiм лузе.

— Цiкава, гэта жывая iстота цi чарговая мадыфiкацыя якога-небудзь робата? — быццам у самога сябе запытаў Радаслаў Буслейка.

— Агрэсiўная або мiралюбная гэта прыгажуня? — у сваю чаргу, спытала Вера.

— Гэта — Пяцiног, — раздражнёна сказаў Клён.

— Як? Пяцiног? — Радаслаў задумлiва паглядзеў на Клёна. — Ты ўжо, аказваецца, iмя знайшоў. Што ж, тваё права. Першаадкрывальнiк, а ты першы ўбачыў зорку, мае законнае права прысвойваць ёй iмя. Такiм чынам, перад намi Пяцiног…

Радаслаў хацеў яшчэ раз глянуць на зорку, памкнуўся тварам наперад, але раптам насустрач яму ў акенца жвава торкнулася адна з ног Пяцiнога. Стрэсаператар адскочыў убок. Зямляне затаiлi дыханне.

Несумненна гэта была частка цела (нага, рука або хобат — iншая справа) жывой iстоты. Вiдно было, як пульсуе ў ёй дыханне, як дробненька ўздрыгвае яна. Нагу шчыльна пакрывала ярка-залацiстае лускавiнне, што аж гарэла ў паўзмроку вагончыка. Але самым здзiўляючым, самым ашаламляльным было… вока, вялiкае, таксама залацiстае, з чорнай зрэнкай усярэдзiне.

— Пяцiног глядзiць на нас, — аднымi вуснамi выдыхнуў Клён i пачаў адступаць, тулiцца да Радаслава.

Жывое пранiзлiвае вока, вока невядомага стварэння пiльна i ў той жа час насцярожана сачыла за зямлянамi. Што рыхтаваў гэты позiрк людзям?

Тым часам у акенца пралезла яшчэ адна нага з яшчэ адным вокам.

— Думаю, што гэта i Пяцiног i Пяцiвок, — стараючыся быць бадзёрым, сказаў Радаслаў, але раптам, глыбока ўздыхнуўшы, падышоў да акенца, пакорлiва схiлiў галаву.

— Што вы робiце?! — закрычала Вера Хрысцiнюк i адразу ж здагадалася, абвяла голасам. — Гiпноз…

Буслейка стаяў, як смiрнае рахманае цялятка, i не адрываючыся глядзеў на Пяцiнога.

— Радаслаў Алесевiч, — шкуматнуў яго за руку Клён. — Глядзiце на мяне. Глядзiце на мяне, а не на яго.

— Адвяжыся, — цiхiм абыякавым голасам сказаў стрэсаператар. — Ты нiчога не разумееш. Вялiкае шчасце пазiраць у мудрыя вочы Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы.

Клён зразумеў — зараз ён для Буслейкi, як надакучлiвая восеньская муха. Не болей.

Тым часам у руках у некалькiх Жалезных Людзей з'явiлiся вострыя, адпалiраваныя да люстранога бляску сякеркi. Нiхто iм iх не даваў, i нiдзе яны iх не бралi. Проста сякеркi выскачылi знутры iхнiх рук-клешняў, рукi гэтыя зрабiлiся сякеркамi. Жалезныя Людзi з найвялiкшай стараннасцю i метадычнасцю пачалi секчы вагончык, пашыраючы акенца.

— Што яны хочуць? — дрыготкiм голасам спытала Вера.

Раптам Пяцiног схапiў Радаслава за шыю i за плячо i ў адно iмгненне выцягнуў з вагончыка.

— Жахоцце! — закрычала Вера, але адразу ж зацiхла, бо вiрлавокiя ногi вярнулiся назад i Пяцiног накiраваў на яе неадрыўны позiрк, як стрэлiў. Вера спачатку збялела, потым паружавела, i неўзабаве лагодная супакоеная ўсмешка засвяцiлася на твары.

— Не глядзiце на яго, — пачаў упрошваць Клён. — Ён жа зробiць з вамi тое самае, што з Радаславам Алесевiчам.

— Ах, Клёнiк, ты яшчэ такi маладзенькi, — усмiхалася Вера, пазiраючы на Пяцiнога. — Каб ты ведаў, якая асалода быць разам з Ультрамозгам, Уладаром Таямнiцы, чытаць ягоныя думкi. Колькi золата, срэбра i мармуру ў беласнежных палацах гэтых думак.

— Да вы ўсе звар'яцелi! — закрычаў Клён.

Пяцiног гэткiм жа самым чынам, як Буслейку, спрытна схапiў Веру Хрысцiнюк, i ў вагончыку застаўся адзiн Клён. Праз нейкi мiг у акенца ўпэўнена палезла лускаватая нага.

— Ну не, страшыдла, проста так ты мяне не возьмеш, — з адчаем i злосцю сказаў Клён.

Стараючыся не глядзець на Пяцiнога, ён адскочыў у самы далёкi ад акенца кут вагончыка. Тут было цемнавата, i Клён спадзяваўся, што гiпноз не будзе мець такой сiлы. Але нага ўпарта цягнулася ў яго бок, свяцiлася ўсёй сваёй луской, а пранiзлiвае вока пачынала ўжо свiдраваць душу. Як жа ратавацца? Клён убачыў раптам паржавелую металiчную канiстру, якую, пэўна, пакiнулi ў вагончыку робаты. У канiстры плёхалася машыннае масла. Ён лiнуў гэтым маслам у вока Пяцiногу, а потым i канiстру шпурнуў. Мяркуючы па ўсяму, нечаканае супрацiўленне збянтэжыла Пяцiнога. Агрэсiўная зорка iмгненна прыняла сваю нагу, рэцiравалася з вагончыка. Там, за сцяной, наступiла мёртвая цiшыня. Можна было толькi здагадвацца, што Жалезныя Людзi стаяць як стаялi, непарушнай сцяной, i чакаюць, пакуль Пяцiног пачне новыя манiпуляцыi. Ды той чамусьцi не спяшаўся. "Пэўна, зараз робаты зноў возьмуцца за свае сякеркi, падумаў Клён. — Дастануць мяне адсюль, як барсука з нары". Яму было вельмi шкада Радаслава i Веру. Такiя разумныя, такiя адважныя i моцныя, а нейкае страшыдла з лёгкасцю перамагло iх. Значыць, чалавек не ўсясiльны, значыць, не толькi для чалавека некiм задумваўся i будаваўся Сусвет.

У гэты час пачуўся мерны цяжкi тупат. Клён, забыўшы пра небяспеку, кiнуўся да акенца. Жалезныя Людзi шчыльнымi блiскучымi шарэнгамi адыходзiлi ад вагончыка. Ён бачыў толькi iхнiя патылiцы i плоскiя спiны. Паперадзе робатаў велiчна кацiўся-крочыў Пяцiног. Гэтае шэсце нагадвала нечым трумф рымскiх iмператараў, не хапала толькi каляснiцы з белымi коньмi. Радаслава i Веры, як нi ўглядаўся Клён, нiдзе не было. "Я выратаваўся, — успыхнула ў душы радасць. — Пяцiног не здолеў зламаць мяне сваiм гiпнозам. Цiкава, чаму Радаслаў з Верай называлi яго Ўльтрамозгам, Уладаром Таямнiцы? Што паспеў ён унушыць iм?"

Трывога за людзей, якiя дзеля ягонага ажыўлення прыляцелi на Вар i самi трапiлi ў бяду, сцiснула сэрца. Дзе яны зараз? У кратэры вулкана? У патаемнай рэзiдэнцыi Пяцiнога? Цi жывыя яны?

Клён Дубровiч адчуў, што вось-вось пакоцяцца з вачэй слёзы, але ён быў прывучаны нiколi не плакаць, i таму, узяўшы пачуццi ў кулак, пачаў рабiць фiзiчныя практыкаваннi. Гэта дапамагло, i праз колькi хвiлiн вярнулася ўпэўненасць i сiла. Клён падышоў да дзвярэй, прыслухаўся. Здаецца, знадворку нiкога не было. Ён таўхануў дзверы, баючыся, што яны не адчыняцца. Ды дзверы надзiва лёгка паплылi ад яго, выпускаючы з вагончыка.

Ланцуг Жалезных Людзей iшоў, ззяў на схiле вулкана i знiкаў, быццам правальваўся ў кратэр. Стаяла надзвычайная цiшыня — хоць бы адзiн малюсенькi гук. Клёну здавалася, што ў яго вушы залiты воскам. Што ж рабiць? Зноў ляжала перад iм чужая планета, дзе жывуць плазмоiды i крангi, дзе ўначы палохаюць, раздзiраюць душу жахлiвыя незразумелыя крыкi, дзе маўклiвымi робатамi кiруе ўсясiльны Пяцiног, якi ўзяў у палон ягоных сяброў. Заставалася адно — шукаць караля жывёл планеты Вар Аюса Першага. Аюс сказаў, што будзе начаваць у Вялiкiм Балоце, значыць, трэба iсцi ў балота.