Выбрать главу

Жалезныя Людзi ў рэшце рэшт растапталi Кука. I тады не адна, не дзве, а дзесяткi маланак ударылi з плазменнага шчыта i пачалося знiшчэнне робатаў. Клён бачыў, як адважна махаюць яны чорнымi прутамi, як робяцца вiшнёвымi ад лютай гарачынi, як напачатку тоненькiмi, а неўзабаве шырокiмi бурлiвымi ручаямi расцякаюцца iхнiя металiчныя грудзi i ногi. На вачах яны ператваралiся ў блiскучыя лужыны. Захапiўшыся разгромам Жалезных Людзей, чатыры кланы прапусцiлi момант, калi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды апынулiся ў iхнiм тыле, прарваўшыся праз адтулiны ў шчыце. Толькi аднойчы назiраў Клён нешта падобнае. Тры гады назад разам з бацькам ляцелi яны ў аэробусе ў Стакгольм i над Балтыйскiм морам трапiлi проста ў эпiцэнтр навальнiцы. За iлюмiнатарамi было мора агню, найярчэйшыя ўспышкi, гарматная стралянiна грому, вогненна-пякучая павуцiна маланак, што апляла ўсю нябесную сферу. I горы воблакаў. То снежна-белыя, то чырвоныя або карычневыя. У гэтым жахлiвым месiве вялiзны цяжкi аэробус шпурляла ўверх i ўнiз, як дзiцячы паветраны шарык. Зараз у тунелi Клён перажываў такое ж самае спусташэнне душы, калi чалавек перакананы, што праз адну-дзве хвiлiны скончыцца жыццё. Яго падхапiў гарачы вiхор, кiнуў на цвёрдую шурпатую сцяну. Ён, безумоўна, разбiўся б, але некалькi плазмоiдаў акружылi яго, i ў лiчаныя iмгненнi ён апынуўся ўнутры своеасаблiвай ахоўнай капсулы з празрыстымi сценкамi. Капсулу матляла ў бакi, i Клён упiраўся рукамi i нагамi, стараючыся ўтрымацца ў вертыкальным становiшчы. Наўкол грымела жорсткая бiтва. Яркiя вострыя прамянi разразалi змрок. Вось адзiн з такiх смертаносных прамянёў выпусцiла, выстралiла з сябе Клёнава капсула, i чырвоны плазмоiд, што iшоў, здавалася, на таран, аглушальна лопнуў, разляцеўся на кавалачкi.

Сiлы былi няроўныя. Фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды адступiлi з тунеля ў кратэр. З робатаў не ацалеў нiводны.

Клён iмклiва ляцеў у капсуле, азiраўся па баках — хацеў убачыць Аюса з жывёламi. Але iх нiдзе не было. Усюды валялася пабiтае, папаленае жалеза. Плазмоiды чатырох кланаў густым роем кiравалiся туды, дзе вiднеўся ўваход у кратэр. Там ззяў круглячок святла.

У гэты час Пяцiног, сабраўшы вакол сябе рэшткi плазмоiдаў i робатаў з Залы Новых Нараджэнняў, загадаў прывесцi Радаслава Буслейку i Веру Хрысцiнюк. Зямляне прыйшлi, трымалiся незалежна i горда. Вера абапiралася аб Радаславава плячо.

— Я памылiўся, — сказаў Пяцiног. — Хоць Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, не можа памыляцца, але я гатовы прызнаць уласную памылку, адзiную за трыста шэсць апошнiх гадоў. Мне патрэбна было правесцi эксперымент не над мужчынам i жанчынай, а над падлеткам па iменi Клён. Яго, як мне вядома, называюць Гарантам Вечнага Шру.

Пры гэтых словах фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды захвалявалiся, абурана зашумелi:

— Дзе ён?!

— Адшукай i знiшчы яго, Ультрамозг, Уладар Таямнiцы!

— Ён вось-вось будзе тут, перад намi, — папераджальна выставiў уперад тры свае нагi Пяцiног. — Праз гранiт i застылую лаву я ўжо бачу, як iмчыцца ён сюды, знаходзячыся ўнутры нейкага сасуда. Ага — ён знаходзiцца ў капсуле, а гэту капсулу стварылi сваiмi целамi аранжавыя, жоўтыя, зялёныя i блакiтныя плазмоiды. Чамусьцi не бачу сярод iх сiнiх. Дзе сiнiя плазмоiды?

— Яны пачалi атаку з паўночнага боку вулкана, — адказалi яму.

— Дурнi, — засмяяўся Пяцiног. — Роўна праз сто чатыры гады прыляцiць мiжгалактычны ўльтралёт з Сiняй Зоркi. Я хацеў узяць iх з сабой.

— Вазьмi нас, — залемантавалi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.

— Сваiм колерам яны вельмi i вельмi тасавалiся б да пейзажаў Сiняй Зоркi, — быццам не пачуўшы iх, казаў далей Пяцiног. — Але яны (о неразумная дзiкая плазма!) пайшлi вайной на мяне, Ультра-мозга, Уладара Таямнiцы, быццам я не даваў iм iнтэлектыт i не вылучаў iхнi колер з усiх астатнiх колераў.

— Вазьмi нас, — зноў узвысiлi голас фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.

— Чаго або каго вы баiцёся? — нарэшце звярнуў на iх увагу Пяцiног. Бялковых смертных iстот? Дык вось дзве такiя iстоты стаяць перад вамi. Я ўзяў iх у палон i магу зрабiць з iмi ўсё, што толькi захачу. А можа, вы смерцi баiцёся? Дык у вас жа ёсць Рака Адноўленых Твараў. Праз нейкi час пасля свайго знiкнення вы зноў адновiцеся. I так — вечна. Чаго ж вы хочаце?

— Знiшчы з Зямлi падлетка па iменi Клён! — хорам закрычалi плазмоiды. Забi таго, каго назвалi Гарантам Вечнага Мiру! Мы жадаем, мы прагнем бясконцай вайны з Бялковай Цывiлiзацыяй!

— Няўжо вам так хочацца вайны? — цiхiм голасам сказаў Радаслаў Буслейка, але яго адразу ж пачулi. — Як мне вядома, пяць кланаў плазмоiдаў, пяць кланаў вашых братоў заключылi мiр з чалавецтвам. Я сам бачыў, як гарэла зялёная трава i плавiўся пясок на беразе Пятровiцкага вадасховiшча. Няўжо толькi на гэта здольна Старая Цывiлiзацыя? Мы — антыподы. Але мы разам iснуем у Сусвеце. Давайце iснаваць паралельна, мiрна, не скрыжоўваючы кап'ё i меч. Напачатку было Слова…

— Напачатку была Зброя! — крыкам перарвалi яго плазмоiды.

— Любоў… - казаў далей Радаслаў.

— Нянавiсць! — яшчэ гучней закрычалi плазмоiды.

Узнялiся страшэнны гвалт, густое металiчнае гудзенне, якое пераходзiла ў злавеснае шчоўканне. З плазмоiдаў пасыпалiся iскры. Яны пачалi раздзiмацца, прычым з шарападобных i элiпсавiдных некаторыя, напэўна, самыя агрэсiўныя, рабiлiся востравугольнымi. Цяжка сказаць, што чакала б Радаслава i Веру, але ў гэты момант у кратэр Нябеснага Зуба праз тунель уварвалiся чатыры кланы. Памiж iх у празрыстай непрабiвальнай капсуле iмчаўся Клён Дубровiч. I адразу ж з нябёсаў ударылi страбы. Дзесяць магутных птушак, на iмгненне як бы засланiўшы ўсё неба, спiкiравалi дакладна туды, дзе стаялi Радаслаў з Верай, прыкрылi iх крыламi. Затым дзве птушкi з двух бакоў шчыльна падступiлi да стрэсаператара, нагнулi свае прыгожыя моцныя шыi. Радаслаў зразумеў — абхапiў гэтыя шыi рукамi, i страбы лёгка ўзнялiся, панеслi яго з Нябеснага Зуба. Трэцi страб ляцеў знiзу — страхаваў.

Фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды, убачыўшы такое, з найвялiкшай ярасцю напалi на астатнiх страбаў, якiх заставалася сямёра, прычым трое намервалiся выносiць з вулкана Веру Хрысцiнюк. Але жыхары воблакаў спрытна ўхiлiлiся ад iхнiх стрэлаў-маланак, i, у сваю чаргу, самi перайшлi ў атаку. Аказваецца, страбы ведалi тую адзiную кропку, тую своеасаблiвую "ахiлесаву пяту", ударыўшы ў якую, можна было паралiзаваць плазмоiда. Некалькi шароў глуха засiпелi i ўпалi, падняўшы воблачкi вулканiчнага пылу. У гэты час Вера Хрысцiнюк нiяк не адважвалася даверыць сваё жыццё страбам, узляцець разам з iмi.

— Баюся, — шаптала яна, пазiраючы то на дзiўных птушак, то на неба.

Дарэмна падстаўлялi страбы шыi, нават падштурхоўвалi яе моцнымi крыллямi. Жанчыну скаваў страх.

— Не магу, баюся, — паўтарала яна, нiбы зацыклiўшыся на двух гэтых словах. — Я слабая… У мяне змярцвеюць, не вытрымаюць рукi, i я ўпаду з вышынi. Я не хачу разбiцца…

— Вера! — закрычаў Клён Дубровiч, выскокваючы са сваёй ахоўнай капсулы, якая, ледзь крануўшыся паверхнi Вара, iмгненна расчынiлася. — Я тут! Нiчога не бойся!

Ён адчуваў надзвычайную адвагу, рашучасць, ён гатоў быў схапiцца загрудкi з самiм Пяцiногам. Але Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы, апярэдзiў яго. Лускаватыя залацiстыя ногi павярнулiся, нiбы антэны, да Веры, i загучаў меладычны чысты, як ранiшняя раса, голас, у якiм была непадуладная чалавечаму разуменню ўсёпранiкальнасць.

— Iдзi да мяне, Жанчына, iдзi да мяне, безабаронная i несуцешная, загаварыў Ультрамозг, Уладар Таямнiцы. — Я напоўню тваю душу жыццём. Я павяду цябе ў мроi. Сiняя Зорка, чакаючы, глядзiць на цябе з Космасу.

Вера Хрысцiнюк шчаслiва ўспыхнула тварам, заплюшчыла вочы, выцягнула ўперад рукi i пайшла да Пяцiнога. Расступiлiся страбы, расплылiся ў бакi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.