— Я згодны, — адразу кiўнуў галавой Гай.
— Але вы яшчэ не ведаеце, аб чым iдзе размова. Паўтараю — гэта зусiм новы, нi на кiм з добраахвотнiкаў не апрабаваны цыкл, i могуць адбыцца нечаканасцi, збоi ў сюжэце пераўтварэння. Вам, калi казаць высакамоўным стылем, прапануецца роля Калумба.
— Нiколi не хварэў калумбiнiзмам, — зморшчыўся Гай, — але згодны ўдзельнiчаць у пераўтварэннi. Давайце пачынаць.
Далей усё пайшло па звыклым сцэнарыi. Маўклiвыя робаты (дарэчы, iм строга забаронена размаўляць з людзьмi, за парушэнне — кавальскi прэс) панеслi Дуброзiча па вузкiм чорным калiдоры, потым пасадзiлi ў цэнтрыфугу. Ажыла страла цэнтрыфугi, цемра падступiла да вачэй.
…Ён ляжаў у маладым густым ельнiку i пiльна, не адводзячы вачэй, сачыў за тым, што дзеецца на дарозе. Гэтая дарога, слаба раз'езджаная i слаба растаптаная, ужо амаль зарослая травой, выбягала з-за ўзгорка, спускалася ў балоцiстую лагчыну, чаплялася за ўскраек лесу, дзе ён хаваўся, i знiкала ў шырокiм полi. За ўзгоркам была ягоная весь, ягоная беласценная хатка з чаратовай калючай страхой. Была, калi яе дагэтуль не спалiлi обры або не разламалi на бiлы i аглоблi для сваiх вялiзных скрыпучых арбаў. Ён ляжаў, затаiўшыся, нiбы звер, у нiзкарослым ельнiку, якi толькi што зацвiў ярка-жоўтымi, мяккiмi, вельмi прыгожымi шышачкамi. Ён чакаў.
У яго была як бы падвойная, напластаваная адной палавiнай на другую, свядомасць. Ён разумеў, што ён Гай Дубровiч, гiсторык, што ў яго ёсць любiмая жонка Бярозка i любiмы сын Клён, што ён жыве ў горадзе Менску i што зараз на вулiцы 223 год Вялiкай Эры Плюралiзму. I ў той жа час востра, да звону ў скронях, ён адчуваў сябе маладым дваццацiдвухгадовым воем Карпуком са славянскага племенi дулебаў. У яго быў бацька Красамiр, мацi Няжыла, пяцёра братоў, усе маладзейшыя, i зеленавокая меднавалосая каханка Трыснята. Ён, Карпук, умеў з самага маленства араць зямлю, засяваць узараную нiву, касiць, пiлаваць i калоць дровы, рабiць цэглу, гнуць палазы, дугi, выразаць з мяккага дрэва вёдры, лыжкi, зубы для грабляў, лавiць рыбу, абкурваць горкiм дымам дзiкiх пчол i забiраць iхнi мёд, бiць камень, гнаць смалу, драць лыка. Яшчэ ён умеў лавiць у сiлкi птушак i падрабляць птушыныя галасы, гартаваць у чорнай кузнi меч, iграць на жалейцы, спыняць кроў, калi яна хвошча са свежай раны, малiцца Сварогу i Перуну, цалаваць дзяўчат i асаблiва Трысняту. Ён шмат што ўмеў, бо быў, як здагадваўся сам, братам Ветру i Грому, Ваўку i Вужу. Iхняя весь мясцiлася на высокай надрэчнай выспе, абгароджанай шчыльным дубовым частаколлем. Вясною амаль да самых хат падступала, падыходзiла рака, плылi крыгi, карчы, жмуты бурай саломы. Потым падсыхала зямля, цямнелi, налiвалiся гневам воблакi, ярасна глядзела з нябёсаў слiпучае сонца — пачынаўся Час Навальнiц. На зыходзе асаблiва спякотнага дня рабiлася душна i глуха, замiралi трава i лiстота, з разяўленых пашчаў выкiдвалi чырвоныя доўгiя языкi сабакi, ластаўкi трывожна ляпiлiся да самай-самай зямлi. I вось бухаў гром, расколваючы суровае чорнае неба. Маланка залiвала жоўтым святлом зямныя i нябесныя абшары.
— Пярун — крычаў Карпукоў бацька Красамiр, з непакрытай галавой становячыся пад лютым дажджом на каленi, працягваючы да чырвона-пепельных воблакаў жылаватыя загарэлыя рукi. — Пярун! Божа! Дзякуй, што ты да нас прыйшоў!
Усе дулебы радасна падалi на каленi. I паперадзе ўсiх на мокрай гарачай зямлi стаяла зеленавокая, меднавалосая прыгажуня Трыснята.
— Пярун! — крычала яна. — Божа! Дзякуй, што ты зноў да нас прыйшоў!
Гром падаў з неба — трах! — i разляталася на кавалкi верхавiна якога-небудзь занадта прыкметнага, дагэтуль буйна-жывога моцнага дрэва. Ад грамападнага ляскотнага ўдару заложвала ўвушшу.
— Дзякуй! — крычалi дулебы.
Адкуль жа, з якога боку, укусiла iх усiх, як гадзюка, бяда? Што было прычынай бяды? Ён, Карпук, баючыся самога сябе, сваiх думак, лiчыў, што зямныя няшчасцi прыйшлi да дулебаў пасля таго рання, калi яны падпiльнавалi i забiлi сям'ю лясных людзей, сям'ю волатаў: мужчыну, жанчыну i дзiця. "Спасу няма ад iх", — амаль сонцаварот перад тым крывавым раннем казалi дулебы пра волатаў, пра дзiкiх лясных людзей велiзарнага росту, якiх на свае вочы ды яшчэ ўдзень нiхто нiколi не бачыў, ад якiх заставалiся толькi сляды на лясных палянах, на берагах чарнаводных лясных азёр. У такi велiзарны след цалкам магло ўмяшчацца гадавалае дзiця. Волаты, калi казаць праўду, нiякай шкоды дулебам не чынiлi. Болын таго, хавалiся ад iх, старалiся быць непрыкметнымi i выходзiлi са свайго логавiшча толькi глыбокай цёмнай ноччу. Яны баялiся не толькi дня, сонца, яны баялiся яркага месяца. Але дулебаў раздражняў на сваiх землях, у сваiх лясах "чужы дух". "Дзiкiя людзi палохаюць звера, птушку, i мы прыносiм у весь усё меней мяса", — плюючыся, сцiскалi кулакi маладыя паляўнiчыя. "Ад iх вяне трава на палянах i ўздоўж ручаёў", — скардзiлiся старыя сiвавалосыя зялейнiцы. Волатам быў вынесены прысуд. «Смерць», — сказала племя. I гэта, як пачынае цяпер здагадвацца Карпук, наблiзiла няшчасцi самiх дулебаў. На волатаў пачалося шматдзённае паляванне. Нават уначы каля непрыкметных крынiц i глухiх лясных азёр сядзелi ў засадзе маладыя воi. Смага павiнна была выгнаць волатаў з патаемнага логвiшча. Але, пэўна, яны мелi свой, схаваны ад старонняга вока калодзеж.
Лясных людзей злавiлi выпадкова. I прычынцам гэтаму быў ён, Карпук. У той дзень ён пайшоў правяраць венцеры, якiя ставiў на ўюноў. Ён борзда крочыў па цёмна-зялёнай халоднай траве i думаў пра Трысняту. Медныя валасы бачылiся ў яркiх сонечных блiскаўках, што былi густа рассыпаны ўсюды: на ствалах дрэў, на мурашнiках, на кветках. Лёгка дыхалася, хацелася спяваць. Каля тоўстага, нiбы дзежка, дуба, якi стаяў мiж густога арэшнiку, Карпук прыпынiўся. У дуба маланкаю была ссечана верхавiна, абсмалена кара, звiлiстыя, як вужакi, трэшчыны беглi зверху ўнiз, пераходзячы ў аб'ёмiстае дупло. I вось з глыбiнi гэтага дупла, з таямнiчай трывожнай чарнаты на iмгненне ўспыхнуў цi то агеньчык, цi то сонечны зайчык i адразу ж патух. Кароткая ўспышка — i зноў цемра. Карпук адламаў арэхавы пруток, сашмаргнуў з яго лiсце i, падышоўшы да дуба, рэзка торкнуў прутком у дупло. Яму чамусьцi падумалася, што адтуль выскачыць собаль або кунiца. Але пачуўся захлiпiсты ўскрык, стогн. Голас быў не звярыны. Карпук здагадаўся, чый гэта голас. Як ветрам адкiнула яго ад дуба. Крышачы арэшнiк, ён iрвануўся далей ад згубнага праклятага месца. Некалькi разоў ён падаў потырч носам на слiзкай траве.
— Куды бяжыш? — весела спынiлi яго. Аказваецца, з косамi на плячах непадалёку iшлi касцы, пяць-шэсць чалавек.
— Там… У дупле… — задыхаючыся прахрыпеў Карпук.
Навошта ён сказаў тады гэтыя словы?
Пераглянуўшыся, касцы натоўпам пабеглi да дуба, i Карпук следам за iмi. З дупла, зацiскаючы рукой левае вока, нязграбна вылазiла нейкая iстота белыя, як лён, доўгiя валасы, звярыная касматая шкура на пукатых плячах, вялiзныя ногi абуты не ў боты, не ў лапцi, а шчыльна абматаны шырокiмi палосамi свежай лiповай кары. Iстота скокнула на зямлю, прысела, а калi выпрасталася на ўвесь рост, аказалася вышэйшай разы ў два за самага высокага дулеба. "Я выбiў гэтаму волату вока", — халадзеючы здагадаўся Карпук. Душу спальвала вiна. Ён адступiў убок ад гаманлiвага вясёлага натоўпу супляменнiкаў.
— Малога знайшлi! — узбуджана крычалi дулебы. — Трэба шукаць мацi i бацьку!
"Малы" ўзвышаўся над iмi, як баравое дрэва над падлескам. Але i сапраўды гэта быў малалетак — дзiця васьмi — дзесяцi гадоў, не болын. Ён стаяў i плакаў ад болю i страху.
— Бач ты, яшчэ плача, — здзiвiлiся дулебы.
Карпук раптоўна зразумеў, што ненавiдзiць лютай нянавiсцю i сябе i сваiх аднавяскоўцаў. Хiба можна стаяць i насмiхацца над пакутай дзiцяцi? Гэта ж не ваўчанё, гэта чалавечы сын, хоць i непадобны на цябе тварам i паставай. Дый ваўчанё трэба шкадаваць, не ламаць хрыбетнiк.
— А як жа знойдзем мацi ягоную i бацьку? — разважалi тым часам дулебы. — Жыўцом недзе палезлi, зашылiся ў зямлю, i хоць перавярнi ўверх карэннем увесь лес, не знойдзеш.
У малога волата зноў пырснулi слёзы, як бярозавiк з-пад сякеры.
— Я ведаю, — сказаў, жорстка ўсмiхнуўшыся, Чацвяртак, худы, вечна зялёны ад гэтай сваёй худобы, хоць еў, як жартавалi, за чацвярых. Прывязвайце лесавiка вунь да той бярозы.