Выбрать главу

— Закруцiлася кола, — уздыхнуў доктар Метэор i па селектару пачаў аддаваць неабходныя загады гаспадарчым i ахоўным службам Дома Пераўтварэнняў.

Гай жа сядзеў, як уражаны громам. Калi чакаецца яшчэ адна атака СЦ, значыць, Клён, сын ягоны, не стаў, як абяцалi, Гарантам Вечнага Мiру, значыць, ён у гэтыя самыя хвiлiны можа быць мёртвым. Гай абхапiў рукамi галаву.

— Супакойцеся, — мякка паклаў яму далонь на плячо доктар Метэор.

Шж тым Лех Патоцкi перадаў слова Карлу Гакенхольцу. Той, адкашляўшыся ў круглы загарэлы кулак, сказаў:

— Па маiх асабiстых падлiках, гэта ўжо сто сорак трэцяя атака Старой Цывiлiзацыi. Можа, я памыляюся, дык няхай мяне паправяць болып кампетэнтныя спецыялiсты. Але чаму зноў разгараецца полымя, якое, як мы ўсе спадзявалiся, пачало патухаць? На гэты конт чакаецца афiцыйная заява З'езда Ўсiх Зямных Канфедэрацый, i ўсё-ткi я, карыстаючыся дазволам, якi маю, пастараюся, паважаныя тэлегледачы, накiдаць хаця б пункцiрную схему таго, што адбылося i што мусiць адбыцца.

Ён паглядзеў на Патоцкага. Пан Лех адабральна кiўнуў галавой.

— Справа ў тым, што з-за межаў нашай метагалактыкi грамадзянам планеты Зямля i ўсiм насельнiкам Блiжняга Космасу паступiў цi то ўльтыматум, цi то парада вышэйшых па iнтэлекце (заўважце — не багi-алiмпiйцы, а проста вышэйшыя па iнтэлекце) унесцi значную, я б сказаў, кардынальную карэкцiроўку ў перспектывы развiцця чалавецтва. Нейкi нябачны касмiчны дырыжор уладна ўзмахнуў палачкай i хоча, i патрабуе, каб мы спявалi толькi па ягоных нотах. Хто ж гэты дырыжор? Гэта цывiлiзацыя планеты Сiняя Зорка. Да нядаўняга часу астраномам i ўсiм вучоным Зямлi нiчога не гаварыла гэта назва. Сёння ж мы ведаем, што жыхары Сiняй Зоркi практычна бяссмертныя, адным словам, яны навучылiся жыць неабмежаваную колькасць гадоў i стагоддзяў. Яны валодаюць крынiцамi суперэнергii. Яны могуць перамяшчацца ў прасторы з хуткасцю думкi. Заўважце, не гуку, не святла, а думкi.

— А цi хутка яны думаюць? — умяшаўся Лех Патоцкi. — Сярод жывых iстот ёсць жа значны працэнт тугадумаў.

— Гэта ўжо iншая справа, — суха адказаў Гакенхольц, якi не любiў дыялогаў, - мяркую, калi яны дыктуюць умовы нашай высокаарганiзаванай цывiлiзацыi, думаюць яны i хутка, i эфектыўна. Па апошнiх звестках, Сiняя Зорка цi бярэ, цi ўжо ўзяла пад свой кантроль цывiлiзацыю планеты Вар, так, так, той самай, якую СЦ лiчыць прарадзiмай i на якой усё яшчэ знаходзiцца Клён Дубровiч. Вар, на вялiкi жаль, робiцца плацдармам, адкуль эмiсары Сiняй Зоркi пагражаюць Зямлi. Сёння яны прыслалi ўльтыматум. Што ад iх i ад iхнiх саюзнiкаў чырвоных i фiялетавых плазмоiдаў можна чакаць заўтра?

Карл Гакенхольц, задаўшы тэлегледачам i самому сабе вельмi няпростае пытанне, змоўк. Яго замянiў Лех Патоцкi.

— Iдэяй фiкс цывiлiзацыi Сiняй Зоркi я назваў бы яе страснае жаданне спынiць Час, — сказаў ён. — Разумееце: не гадзiннiк спынiць, не канвеер або лiнiю метрапалiтэна, а Час. У сваiм ультыматуме сiнязорцы заяўляюць, што ўмеюць гэта рабiць i што менавiта такое ўменне дазволiла iм знайсцi ключы ад бессмяротнасцi. У блiжэйшыя iхнiя планы ўваходзiць правядзенне эксперымента над чалавецтвам. Ведаеце, якая найпершая ўмова дасягнення людзьмi бессмяротнасцi? Забарона, катэгарычная i безумоўная забарона нараджаць дзяцей. Адным словам, бессмяротным чалавек можа стаць без сына, без дачкi. Гэтага патрабуе ад усiх нас Сiняя Зорка.

— Абсурд, — рашуча выдыхнуў Гакенхольц. — Стварыць Чалавека Несмяротнага, стварыць Ното (як гэта па латынi? Здаецца, Коптогiз) i вечна жыць без дзiцячага смеху i плачу, без радасцi мацярынства i бацькоўства… Зямля ператворыцца ў халодны базальтавы шар, якi будзе бязмэтна i сумна плаваць у прасторах Сусвету. Каму патрэбна такое бясконцае бессэнсоўнае жыццё? Сiнязорцы са сваёй, як вы кажаце, iдэяй фiкс нiколi не зразумеюць зямлян, бо за чужой шчакой зуб не балiць.

— Паеду дадому, — сказаў раптам Гай Дубровiч, якому болып не захацелася слухаць нi пра Сiнюю Зорку, нi пра несмяротнасць. — Разам з жонкай будзем чакаць вестак з планеты Вар.

— Будзьце асцярожныя, — папярэдзiў доктар Метэор. — Ёсць iнфармацыя, праўда, неафiцыйная, што ў ваколiцах горада i ў самiм Менску з'явiлася агентура СЦ. Могуць быць усялякiя штучкi-дручкi.

Ён пстрыкнуў пальцамi правай рукi, правёў Гая да лiфта.

У лiфце акрамя Дубровiча спускалiся дзве маладжавыя прыгожыя жанчыны i бледнатвары худы мужчына гадоў сарака. Нягледзячы на гарачыню ён быў у тоўстым ваўняным свiтэры, з пярэстым шалiкам на шыi. У яго неяк дзiўнавата блiшчалi вочы. Жанчыны шчабяталi аб новым часопiсе мод, мужчына з шалiкам на шыi пазiраў на iх, але, падалося Гаю, як бы скрозь iх, i гэта было ненатуральна, бо на эфектных гаваркiх жанчын мужчыны так не глядзяць. Раптам Гай падсвядома адчуў нейкую трывогу, нейкi халадок пад сэрцам. Жанчыны весела тараторылi, мужчына з шалiкам пiльна пазiраў на iх i скрозь iх, а Гай Дубровiч аж ледзянеў ад нечаканай трывогi. "Зараз нешта павiнна здарыцца", шапнуў унутраны голас, якi нiколi не памыляўся. Мужчына ўзняў руку, тонкую, бледную, каб расслабiць шалiк на шыi, i Гай мiжволi скалануўся. На чалавечай руцэ не было пазногцяў. Была вузкаватая, з сiнiмi ручайкамi венаў, кiсць, было пяць пальцаў, а пазногцяў не было. Там, дзе яны звычайна знаходзяцца, Гай убачыў абсалютна гладкую бледную скуру. Ён пачынаў ужо здагадвацца, хто едзе разам з iм у марудлiвым лiфце, хто стаiць за крок-паўтара ад яго. Лютая гарачыня, духата, ваўняны тоўсты свiтэр, якi нiбы металiчны панцыр абцiскае хударлявую фiгуру, i нi малюсенькай кроплi поту на твары. Лiфт спынiўся, палавiнкi абшарпаных дзвярэй пачалi павольна раз'язджацца ў бакi, i раптам мужчына з нiзкiм вантробным гыркам хiснуўся ўперад, аскалiў зубы i гучна клацнуў iмi — укусiў жанчыну, што стаяла блiжэй да яго, за шчаку. Жанчына дзiка ўскрыкнула, асела на падлогу лiфта. Мужчына з крывавым ротам нязграбна скокнуў цераз яе, шаргануў Гая каляным рукавом свiтэра па твары i вельмi хутка пабег у змрок доўгага калiдора.

— Якi жах! — усклiкнула сяброўка ўкушанай. У яе пачалася iстэрыка.

Гай Дубровiч стаяў каля дзвярэй лiфта, бачыў, як санiтары вядуць жанчыну да машыны "хуткай дапамогi", як малады лiфцёр зацiрае кроў на падлозе, i душа кiпела абурэннем. Нельга так далей жыць. Лепей жахлiвы канец, чым бясконцы жах. Перасохла ў роце. Ён падышоў да аўтамата, каб напiцца. Але газiроўкi чамусьцi не было.

— Просiм прабачэння, — сказаў, тройчы мiргнуўшы зялёнай лямпачкай, аўтамат. — Праз дзве хвiлiны сорак пяць секунд будзе дазапраўка. Пачакайце. Ды Гай, махнуўшы рукою, сеў на таксi, папрасiў шафёра як найхутчэй ехаць у Менск. Шльгалi за акном чырвоныя i зялёныя катэджы, купкi дрэў, акуратныя лужкi. З прыёмнiка неслася меланхалiчная песня, "цвiк сезона":

Не кружы, зязюля, над чужым гняздом. Пабудуй, зязюля, свой уласны дом. Бач: пасля дасвецця Зноў плыве iмгла. Цяжка тваiм дзецям Без твайго крыла.

"Клён, сынок, — думаў Гай, — хутчэй бы ўбачыцца з табою".

Раптам песня перарвалася.

— Увага, — строга сказаў металiчны голас. — Гаворыць Штаб грамадзянскай абароны горада Менска. Просiм усiх мiнчукоў заставацца дома, не выходзiць на вулiцы. Праверце, цi ў зборы ўсе члены вашых сем'яў, асаблiва дзецi, зачынiце дзверы i вокны, не стойце на балконах, нi ў якiм разе не пускайце ў кватэры незнаёмых асабiста вам людзей. Помнiце: гэта можа быць агентура СЦ. У горадзе пачалiся баi. Па папярэднiх звестках, Серабранка i Чыжоўка захоплены атрадамi Старой Цывiлiзацыi i робатамi з аўтамабiльнага завода, якiя далучылiся да iх. Атрады СЦ, выкарыстоўваючы агнямёты, па лiнiях метрапалiтэна хочуць прабiцца ў цэнтр горада. Баявiкi Старой Цывiлiзацыi знешне вельмi падобныя на людзей. Рознiца ў тым, што ў час мiмiкрыi прайшоў дэфект, i на пальцах рук i ног яны не маюць пазногцяў. Помнiце: у iх няма пазногцяў. Асцерагайцеся людзей у пальчатках i рукавiцах, патрабуйце, каб яны неадкладна здымалi iх. Тых мiнчукоў, хто ў гэтыя хвiлiны слухае нас за рулём аўтамабiля, просiм прыехаць на чыгуначны вакзал i аўтавакзал. Там працуюць паходныя лазарэты для параненых i будзе патрэбна ваша дапамога.