Выбрать главу

— Вось падзiвiцеся, — нервова прыкусiў губу Клён. — Гарыць горад, а ён сабе бяжыць, пацее, хоча жыць сто пяцьдзесят гадоў. Дрэва, пушчанскi дуб на адным месцы ўсё жыццё стаiць, а жыве i тысячу, i дзве тысячы гадоў.

Яны, асцярожлiва азiраючыся, пайшлi па Нямiзе, кiруючыся ў бок вулiцы Заслаўскай. Пахла дымам, бензiнам, гарэлай гумай. Каля перакуленага газетнага кiёска валялiся кiпы рознакаляровых часопiсаў, газет. Вецер гартаў старонкi. Блiскучымi вострымi абломкамi было рассыпана вiтрыннае шкло.

"Чаму мяне не сустрэлi ў аэрапорце мама i бацька? — думаў Клён. — Што здарылася? Яны ж павiнны былi ведаць аб нашым прылёце. А можа…" Але ён не дазваляў свайму разгарачанаму ўяўленню iсцi далей слова «можа», сягаць за тую трывожную мяжу, дзе жыве халодная невядомасць, дзе перакочвае свiнцовыя хвалi бязмежны акiян адчаю. "Усё будзе добра, нармальна, — прымушаў сябе думаць ён. — Проста яны не паспелi прыехаць з Чорнага Хутара. Вось зараз павернем на вулiцу Танкавую, а там — i Заслаўская".

З-за рога прадуктовага магазiна выбегла штук пятнаццаць шышкагаловiкаў. Ружовыя твары i ружовыя рукi рэзка кантраставалi з чорнай, мабыць, гумавай вопраткай. Шышкагаловiкi цягнулi панцырны агнямёт, ударылi вогненным струмянём па вокнах магазiна. Шкло гучна лопалася, плавiлася. Некалькi салдат СЦ не спяшаючыся зайшлi ў магазiн, дзе ўжо бушавала полымя, абсалютна не зважаючы на гарачыню, корпалiся там. Нарэшце зноў з'явiлiся на вулiцы i ўсе былi з трафеямi. Хто нёс маткi сасiсак, абкруцiўшыся iмi, хто — галоўку сыра або кардонную скрынку з маслам. У аднаго ў руках блiшчалi дзве бутэлькi гарэлкi. I м, вядома ж, не патрэбна была нiякая ежа, бо адсутнiчалi страўнiк i апетыт. Але капiiсты заставалiся капiiстамi. Проста на асфальце яны селi ў кружок. Адзiн ружовай рукою зачэрпваў з кардоннай скрынкi як паболей масла, старанна размазваў яго па тварах i па жыватах сваiх таварышаў. Так яны «елi». I тут шышкагаловiкi заўважылi людзей.

— Бяжым! — крыкнула Вера.

Але салдаты СЦ iмгненна ўскочылi на ногi, i пякучы струмень з агнямёта разрэзаў, расплавiў асфальт лiтаральна ў некалькiх сантыметрах перад ёй.

— Спакойна заставаймася на сваiх месцах, iначай яны спаляць нас, як жмут сухой саломы, — сказаў Радаслаў.

Шышкагаловiкi шчыльна абкружылi людзей, пачалi разглядваць iх. Так дзецi разглядваюць незнаёмую цацку.

— Якiя яны страшныя, — прашаптала Вера.

Замест зубоў у роце ў шышкагаловiкаў мелiся вузкiя металiчныя пласцiнкi з мноствам дзiрачак. У iх не было павекаў i броваў, чырвоная скура на шчоках была падобна на кракадзiлавую, вiднелася ўсяго адна наздрына, i тая на самым кончыку тоўстага кароткага носа.

Шышкагаловiк, якi трымаў у руках скрынку з маслам, пастаяў-пастаяў i раптам плюхнуў жменю масла проста ў твар Клёну, пачаў размазваць.

— Адчапiся, агiдзiна! — закрычаў Клён.

Пэўна, крык падзейнiчаў, бо шышкагаловiк, схiлiўшы галаву на левае плячо, адступiў, застыў, як каменны. Затое трое ягоных сяброў у iмгненне вока падскочылi да Буслейкi. Адзiн моцна сцiснуў стрэсаператару кiсцi рук не варухнешся, другi адкiнуў яму галаву назад, надавiўшы на нiжнюю скiвiцу, адкрыў рот; трэцi пачаў залiваць у рот стрэсаператару гарэлку. Радаслаў моршчыўся, захлiпваўся, круцiў вачамi, але нiчога не мог зрабiць. Тады Вера, iрвануўшыся да шышкагаловiка, выбiла ў яго з рук бутэльку. Тая пакацiлася, забрынчэла. Салдаты СЦ здзiўлена пазiралi на Веру.

— Уцякайма! — крыкнуў Клён, плюючыся, абцiраючы з твару масла.

Яны што ёсць моцы пабеглi па гарачым патрэсканым асфальце, прычым адразу ж звярнулi ў прахадныя двары, бо на Нямiзе iх бы накрыў агнямёт. Усё было забiта густым едкiм дымам: дзiцячыя пляцоўкi, скверыкi, пад'езды. На клумбе з панiклымi кветкамi стаяў, як здань, магутны чорны дог, з разяўленай мокрай пашчы вывальваўся чырвоны язык. Дзяўчынка гадоў дзесяцi, што вывела сабаку на прагулку, пэўна, не магла з iм саўладаць, бо хлiпала носам i бездапаможна сцiскала ў руцэ павадок.

— Iдзi дадому. Чаго аслупянеў? — строга сказаў Буслейка догу.

Сабака глянуў на яго, мiргнуў карычневымi вачамi, паслухмяна патрухаў у пад'езд.

— Што будзем рабiць? — стомлена спытала Вера. Буслейка ўсмiхнуўся.

— Адзiн мудрэц казаў: "Я нiколi не думаю пра будучыню. Даволi хутка яна прыходзiць сама". А калi быць сур'ёзным, то трэба прабiрацца на вулiцу Заслаўскую — там нашага Клёна ўжо даўно зачакалiся.

Клён з удзячнасцю зiрнуў на стрэсаператара.

Яны, трымаючыся падалей ад будынкаў, з якiх адкрышвалiся, ляцелi ўнiз кавалкi цэглы i аблiцовачная плiтка, пабеглi праз дым. Спераду — Радаслаў, за iм — Вера. Клён трымаўся ў ар'ергардзе. Рабiлася горача. Пот залiваў шчокi. Раптам накрыўка каналiзацыйнага люка, якi толькi што пераскочыў Буслейка, са звонкiм грукатам адчынiлася, адвалiлася. Адтуль, з-пад зямлi, вытыркнулася доўгая ружоваскурая рука, схапiла Веру за нагу, рэзка рванула ўнiз. Усё адбылося iмгненна.

— Ой! — крыкнула Вера, i ўжо былi толькi вiдны яе плечы, рукi i галава.

— Радаслаў! Клён! Хлопчыкi! Ратуйце! — са слязьмi ў голасе залямантавала яна.

Буслейка з Клёнам за рукi i плечы пацягнулi яе з люка, з цяжкасцю, але выбавiлi на паверхню. Яна была басанож, прыгожыя блакiтныя кеды засталiся ў калодзежы. Калi яна ўбачыла свае ногi, то жахнулася i закрыла вочы далонямi. На нагах была ружовая, нiбы дзiцячая, скура, абсалютна такая, як у шышкагаловiкаў.

— Божа, што яны зрабiлi? — заплакала Вера.

— Вера, пойдзем, — асцярожна крануў яе за плячо Клён.

Але яна несуцешна плакала.

— У пазамiнулым годзе я заняла чацвёртае месца на конкурсе "Спадарыня Навука", — праз горкiя iскрыстыя слёзы казала яна. — Я выступала ў залацiстым купальнiку. Мае ногi…

Вера, як да чужых, з гiдлiвасцю i жахам дакранулася да сваiх ног, пагладзiла iх, i раптам яе рукi зрабiлiся такiмi ж — ружовымi, ашаламляльна-яркiмi. Гэта для жаночай душы было ўжо занадта. Вера неяк сутаргава ўсхлiпнула i страцiла прытомнасць.

— Пракляцце! — гнеўна закрычаў, узняў угору кулакi Радаслаў Буслейка. Каму патрэбна такое?! Колькi можна цярпець?! Чаго хоча ад нас СЦ?!

Ён быў у шаленстве — махаў кулакамi i тупаў нагамi, пляваўся. Клён з трывогай глядзеў то на Веру, то на Радаслава.

I ў гэты мiг у небе, якраз у iх над галовамi, з'явiлася чорная-чорная хмарка, падобная на шар, шумлiвая, уся ў зiхоткiх маланках. Загрымеў гром, падзьмуў парывiсты гарачы вецер. Стала цяжка дыхаць. Вера застагнала, пачала павольна расплюшчваць вочы.

Чорная хмарка з неймавернай хуткасцю наблiзiлася да зямлi. У суседнiх будынках нiбы самi сабой расчынiлiся ўсе вокны, зазвiнела, пасыпалася шкло. Дрэвы i дрэўцы, якiя раслi навокал, кветкi на клумбах разам зашалясцелi, нiзка нахiлiлiся, прычым кветкi адразу ж згарнулi ў пучок свае пялёсткi, быццам разумелi — iм немагчыма глядзець на тое, што зараз адбудзецца.

Хмарка села на зямлю пасярод двара, пачала шыпець, булькатаць, нечакана раскалолася на дзве палавiны, i з яе выкацiлася яркая зорка.

— Маленькi Пяцiног, — зачаравана i адначасова спалохана сказаў Клён.

Так, гэта быў Пяцiног, абсалютная копiя таго Пяцiнога, з планеты Вар, але разоў у дзесяць меншы. Ён пайшоў-пакацiўся проста на Радаслава Буслейку.

— Сыдзi з дарогi i аддай жанчыну! — загрымеў над дваром, здавалася, над усiм Менскам уладны жалезны голас.

— Убiрайся прэч, — цвёрда сказаў стрэсаператар. — Гэта жанчына i гэты юнак — мае сябры. Пакуль б'ецца ў грудзях сэрца, пакуль рука можа сцiскацца ў кулак, ты iх не возьмеш.

— Станавiся на каленi, iначай раздушу i спалю! — грымеў жалезны голас.

— Убiрайся прэч, — упарта нахiлiў светлавалосую галаву Буслейка.

Клён i Вера не дыхаючы глядзелi на яго i на Пяцiнога. Яны пачыналi разумець, што менавiта ў гэтае iмгненне, на гэтым дымным няўтульным двары, дзе амаль да самай травы схiлiлiся тонкiя кволыя дрэўцы, дзе нетутэйшым крыклiвым святлом залiта дзiцячая пясочнiца, аўтамабiльчыкi, лялькi i рыдлёвачкi ў ёй, адбываецца сутыкненне дзвюх цывiлiзацый, дзвюх несумяшчальных суперсiстэм. Iмя iм — Зямля i Сiняя Зорка, Чалавек i Пяцiног, Душа i Ўсёсакрушальная Сiла…