Выбрать главу

Робаты, стамiўшы Клёна, i самi стамiўшыся гуляць у бясконцае дамiно, выходзiлi з пакоя. Было чутно, як топчуцца яны ў прыхожай, як тоненька рыпiць дубовы паркет пад жалезнымi нагамi. Потым наступала цiшыня, i Клён уключаў радыёпрыёмнiк або тэлевiзар. Лiлася задумлiвая музыка, мiльгалi прыгожыя пейзажы, людскiя твары, але ўсё гэта адбывалася як бы па-за свядомасцю. Мозг адмаўляўся ўспрымаць нават самую мiзэрную iнфармацыю.

Недзе на шосты або сёмы дзень свайго "хатняга арышту" Клён цяжка, хваравiта заснуў i ўбачыў жахлiвы сон. Прымроiлася яму, што знаходзiцца ён у каменнай, халоднай як лёд турме, у камеры смертнiкаў. Праз ноч, роўна праз восем гадзiн, яго пазбавяць жыцця — павесяць, расстраляюць, а можа, спаляць на агнi. Ён стаiць па пахi ў чырванаватай вадзе, не можа прысесцi, не можа заплюшчыць вачэй, бо разумее, што адразу ж засне, упадзе ў ваду i захлынецца. "За што мяне хочуць забiць?" — пытае ён у самога сябе i не знаходзiць адказу. Шэрыя мокрыя сцены цiснуць з чатырох бакоў. Шэрая мокрая столь вiсiць над галавой. Яна ўся ў трэшчынах i, калi пiльна прыгледзецца, трэшчыны гэтыя сплятаюцца ў выяву чалавечага чэрапа. "Дзе я буду спаць? Не магу ж я цалюткую ноч прастаяць на нагах", — цьмяна варушыцца думка. Раптам у густой цiшынi гулка грымяць дванаццаць адрывiстых удараў. Гэта, як здагадваецца Клён, б'юць куранты на Спаскай вежы Маскоўскага Крамля. Адразу ж з глухiм ракатаннем, з сытым прыцмокваннем сплывае праз каналiзацыйны люк у падлозе камеры вада, агольваюцца брудныя сцены, адна са сцен з рэзкiм iржавым ляскатам расчыняецца, i, падвешаная на ланцугах, у камеру ўплывае чорная труна, замiрае каля самых Клёнавых ног. "Кладзiся спаць. Гэта — твой ложак", — гучыць нечы цiхi, але ўладны голас. Клён, не раздумваючы, не вагаючыся, кладзецца ў чорную труну, бо сон як камень сцiскае цела. Ды з дрыготкасцю ў кожнай жылцы ён адчувае пад сабой нешта мяккае, жывое. "Злезь, а то раздушыш!" — крычыць нябачны ў змроку чалавек i адштурхоўвае Клёна халоднымi рукамi. Нiбы корак з бутэлькi, вылятае Клён з труны. А чалавек бадзёра ўзнiмаецца, робiць некалькi энергiчных фiзкультурных практыкаванняў, весела гаворыць: "Вы хто, таварыш? Давайце знаёмiцца. Я — Лаўрэнцiй Берыя". — "Той самы?" — спуджана адступае да слiзкай сцяны Клён. На ўроках Гiстарычнай Праўды ў гiмназii ён вывучаў лёс гэтага чалавека. "Чырвоны Кат", — са страхам i агiдай шэпча Клён. Берыя, не зважаючы на непрыемнае ўражанне ад свайго з'яўлення, усмiхаецца, працiрае белай насоўкай пенснэ, потым рэзкiм рыўком расшпiльвае «маланку» на сваiх грудзях. Але расшпiльваецца не куртка колеру хакi, расшпiльваецца ягоная валасатая смуглая скура. Знутры сябе, як з шафы, Чырвоны Кат дастае чалавека, ставiць побач з сабой. "Яжоў", — сцiпла знаёмiцца з Клёнам чалавек. Ён шчуплейшы за Берыю, меншая матрошка. Не паспявае Клён здзiвiцца, як Яжоў гэткiм жа самым чынам расшморгвае ўласную грудзiну, вымае з сябе яшчэ аднаго, ужо зусiм дробнага, чалавечка. «Ягода», — пачцiва раскланьваецца чалавечак. Уся гэта тройца садзiцца наўкол Клёна проста на падлогу, брудную i смярдзючую. "Мы старалiся, — плачуць, матаюць галовамi яны, — мы так працавалi. Мы будавалi для вас, будучых пакаленняў, камунiзм. Думаеш, добра выцягваць у брата з жывата кiшкi, рэзаць рамянi з братавай спiны? Скажы нам, скажы шчыра — ты шчаслiвы? I яшчэ скажы — прыносяць дзецi кветкi да нашых магiл i помнiкаў?" Клён маўчыць, спалохана глядзiць у iхнiя блiскучыя ад слёз вочы. "Не адказвае", — паныла ўздыхае Чырвоны Кат. Потым абводзiць мутным расслабленым позiркам сваiх паплечнiкаў, гаворыць iм: "Таварышы, мы ўжо восем дзён не елi. Што мы будзем есцi сёння?" Усе яны, трое, не адрываючы вачэй ад Клёна, павольна-павольна ўзнiмаюцца з падлогi, дастаючы з кiшэняў куртак iржавыя нажы i вiдэльцы…

Баючыся такiх хiмерных вiдовiшчаў, Клён, каб не заснуць, амаль усе ночы глядзеў тэлевiзар, глядзеў аж да знямогi. I вось аднойчы ў бясконцай плынi тэлевiзiйных перадач яго напаткала перадача пад няхiтрай назвай "Рэпартаж з менскага заапарку".

— Якi цудоўны наш заапарк, — натхнёна казаў, ледзь не дэкламаваў тэлерэпарцёр. — О не — гэта не турма для жывёл, не халодная жалезная пастка. Тут не ўбачыш агароджы, грубага плота або глыбознай ахоўнай канавы. Толькi аксамiтна-зялёныя купкi дрэў i роўныя акуратныя шнуркi кустоў. Тут вольны звер сябруе з вольным чалавекам. I гэта правiльна, гэта вельмi здорава, паважаныя спадары. Прыходзьце сюды, прыводзьце з сабой дзяцей, i вы адчуеце сябе часцiнкай вечнай несмяротнай прыроды. Вунь грацыёзна прабег стравус. Вунь задумлiва стаiць двухгорбы вярблюд-бактрыян. Вiтанне табе, карабель пустынi! А вось я падыходжу, вось я ўжо стаю амаль побач з галоўнай сенсацыяй сёлетняга сезону — прыгожым магутным дзiком па мянушцы Аюс Першы.

Клён, якi ляжаў дагэтуль з заплюшчанымi вачамi, кулём зляцеў, звалiўся з канапы, прылiп да экрана. Так, гэта быў ён, Аюс. Гордая пастава, упэўнены смелы позiрк.

— Гэта не зусiм звычайны дзiк, — працягваў мiж тым тэлерэпарцёр, аж захлiпваючыся ад навiн, што распiралi яго, iмкнучыся як найхутчэй падзялiцца iмi з гледачамi. — Па-першае, ён жыве ў гэтым заапарку i наогул на Зямлi ўсяго толькi няпоўны месяц. Ён, паважаныя спадары, ураджэнец далёкай таямнiчай планеты Вар. Так, гэта не мая выдумка, гэта праўда, праўда найвышэйшай пробы. Прыгажуна Аюса падараваў заапарку палкоўнiк-герой Хвалiбог, вярнуўшыся з вялiкiм трыумфам з планеты Вар. Па-другое, тэлерэпарцёр пазмоўнiцку прыцiшыў голас, — ходзяць чуткi, што Аюс Першы, верце не верце, умее гаварыць. Ходзяць чуткi, што на сваёй планеце ён быў каралём жывёл. Адкуль такiя чуткi, спытаеце вы? Адказваю, як на споведзi. Вера Хрысцiнюк, тая самая, што лётала на Вар i зусiм нядаўна пры таямнiчых нявысветленых абставiнах знiкла, расказвала тут, у заапарку, аб усiм гэтым па прэс-канферэнцыi. Даю запiс яе выступлення.

Клён пачуў усхваляваны Верын голас.

"Ён, кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы, умее гаварыць. Не здзiўляйцеся, я напачатку сама не верыла ў такое. Ён вельмi разумны. У яго, зноў не здзiўляйцеся, амаль чалавечы iнтэлект. Чаму ён тут, на Зямлi, не сказаў нi слова? Цяжка меркаваць. Але пастаўце сябе на яго месца…"

"На месца дзiка?" — перабiў Веру нейкi iранiчны журналiст.

"Пастаўце сябе на яго месца, — як не пачуўшы з'едлiвай рэплiкi, казала далей Вера. — Стрэсавыя ўмовы… Касмiчны пералёт… Людское акружэнне… Чужая, абсалютна незнаёмая планета… Тут не толькi страцiць мову, тут звар'яцець можна".

"Карэспандэнт газеты "Крывiцкi шлях" Iвановiч. I ўсё-ткi, спадарыня Вера, чаму, на вашу думку, гэты дзiк, гэты кароль жывёл згубiў у нас на Зямлi сваё, я б сказаў, надзвычайнае невераемнае ўменне?"

"Я не бiёлаг, — пасля некаторай паўзы цiха прамовiла Вера, — але, мне здаецца, тут справа нават не ў бiялогii. Ён умеў гаварыць, бо я сама з iм гаварыла. Ён гаварыў вачамi. Не здзiўляйцеся — я i мае сябры цудоўна разумелi яго. Наконт таго, чаму гэты незвычайны дзiк анямеў, я хачу выказаць думку, якая можа вам не спадабацца. Я лiчу, што вiной усяму сама планета Зямля, зямная атмасфера i мы, людзi. Прашу не перабiваць мяне. Так, мы стварылi ВЭП, мы ганарымся гэтым. Але цэлыя акiяны адмоўнай энергii акружаюць нас. Не перабiвайце мяне, бо гэта праўда. Нездарма Клён Дубровiч, цудоўны хлопчык, якому я шлю прывiтанне, калi ён мяне зараз чуе, сказаў пра Зямлю, пра нашу з вамi Зямлю: "Фалыдывая планета". Колькi яшчэ на ёй няшчырасцi, хлуснi!"