Дзіма ўяўляў сабе творчы працэс дужа туманна, і Аліна вырашыла пакуль не пасвячаць яго ў дэталі.
Праз пятнаццаць хвілін Аліна спыніла «буцэфала» каля густых зарасцяў, усміхнулася і сказала:
— Кавун. Хутка вярнуся.
Вярнуцца хутка ў Аліны не атрымалася, бо не паспела яна зашпіліць маланку на штоніках, як нехта вялікі і дужы накінуў ёй на галаву пыльны смярдзючы мех, заціснуў рот і пацягнуў у глыбіню лесу, дзе запхнуў у аўтамабіль, што невыносна смярдзеў саляркай, і, не зважаючы на гучны лямант ахвяры, павёз прэч ад месца выкрадання.
У той жа самы час побач з Дзімам на сядзенне кіроўцы плюхнуўся чарнавокі мужчына, прышпіліў рэмень, заблакіраваў дзверы і павярнуў ключ.
— Э, ты хто такі? — закрычаў Дзіма.
— Хочаш, каб твая дама засталася жывенькай і адносна цэленькай, —маўчы і не супраціўляйся, а лепш усміхніся, бо наперадзе стаяць даішнікі, — сказаў мужчына і націснуў на газ.
Аліна зажмурылася ад промня святла, скіраванага ёй проста ў вочы, адкашлялася і прабурчэла:
— Хоць бы мех выпылілі, ці што…
Потым яна зрабіла крок наперад, таму што прывыкла заўсёды ісці на святло, і пачула мужчынскі хрыплы голас, які загадаў:
— Стаяць, мілая!
— Я вас не ведаю. Дакладней, вы мяне не ведаеце. Я зусім не мілая, — прамовіла Аліна і чмыхнула.
— Будзьце здаровенькай. Усе жанчыны мілыя да тае пары, як не пачнуць блытацца пад нагамі ў сур’ёзных мужчын і змешваць ім карты.
— Ну, што такога я зрабіла гэтым разам? — з цікавасцю папыталася Аліна. — У каго я скрала рыфму, хто не спіць начамі, хто абрынуўся ў дэпрэсію, хто складае план помсты? Ой, я ўся ў нецярпенні…
— Дзе грошы?
— Якія грошы? — Аліна адчула, як яе вочы робяцца круглымі. Звычайна яна ўмела сябе кантраляваць, але тут нічога не змагла зрабіць з арганізмам і праз некалькі хвілін стала падобная да бадзёрай савы.
— Вялікія грошы. Ты ведаеш, пра што я кажу.
— Нават не магу ўявіць!
— Не скажаш?
— Ну, як я магу сказаць тое, чаго не ведаю?
Мужчына засмяяўся і накіраваў святло ліхтарыка ўгару:
— Эх, дзяўчаты, дзяўчаты! Дзявочая памяць, разумею… То напруж гіпаталамус і давай мяняцца: ты мне скажаш, куды схавала грошы, а я табе аддам вось гэта!
Мужчына дастаў з кішэні Арчыбальда і сунуў цацку Аліне пад нос. Аліна абурылася:
— Што вы мне тыцкаеце ў твар гэтай забаўкай? Пакіньце сабе, мне іх дзясяткамі прыносяць у цэнтр! Я не бачыла вашых грошай!
— Маленькая злая дзяўчына. Чаму навокал так многа злых дзяўчат? Хм. Ну, добра, раз гэтая плюша табе не дарагая, то ў мяне ёсць аргумент, які цябе зацікавіць.
Мужчына выключыў ліхтарык і адчыніў дзверы. У дзверы ўкулілася знаёмая постаць у касцюме.
— Вось, твой сябар. Вы ехалі разам.
— Дзіма? — Аліна кінулася да хлопца і пачала выціраць рукавом яго скроні, па якіх цяклі тонкія струменьчыкі крыві. — Табе балюча?
— Раскажы мне, калі ласка, у двух словах, што тут адбываецца і чаму мяне толькі што білі два здаровыя мужыкі з-за нейкіх грошай. Хачу ўдзельнічаць у працэсе не толькі фізічна, так сказаць, у форме баксёрскай грушы, а яшчэ і ментальна-тэматычным чынам, — паспрабаваў аджартавацца Дзіма, які выглядаў вельмі разгубленым.
— Дзіма, клянуся — не ведаю, што тут за шапіто і чаго ад мяне хочуць!
Мужчына, што ўвесь гэты час моўчкі назіраў за такой пяшчотнай сустрэчай, падаў голас:
— Вось што, мілыя мае. Пакуль хто-небудзь з вас не ўспомніць, куды вы схавалі пяць мільёнаў еўра, будзеце сядзець тут. Вартоўня — утульная, цёплая. Падурэйце, у дочкі-мамкі пагуляйце са звярком, — мужчына кінуў Аліне Арчыбальда. — Я заўтра прыеду, у мяне, на жаль, няма часу адпачываць тут з вамі. Спадзяюся, што да заўтра часовая амнезія вас адпусціць. Вой, ледзьве не забыўся: здайце мне свае тэлефоны, піянеры, а то я вас ведаю — званіць сябрам пачнеце ці прасіць дапамогу аўдыторыі, гэта нам зусім не патрэбна! Знадворку вас сцерагуць, так што спрабаваць збегчы не раю. А я пакуль паспрабую дазваніцца да вашых калег — можа, нешта высветліцца і без вашага ўдзелу!