Выбрать главу

— Хм. Не ведаю ні чарнявых, ні лысенькіх. Баліць? — Аліна дакранулася да правай скроні Дзімы, дзе драпіна была асабліва маляўнічай.

— Баліць. Не прыбірай руку, яна ў цябе халодная.

— У мяне заўсёды халодныя рукі. Мой кузэн кажа, што ў сапраўднай лэдзі рукі павінны быць заўсёды халодныя. І галава таксама.

— Гэта ён правільна кажа.

— У цябе прыгожы твар, Мо. Заўтра гэты твар мусіў з’явіцца ў свецкай хроніцы…

— Ч-ш-ш. Памаўчы, калі ласка. Толькі руку не прыбірай.

Аліна ўладкавалася, паклала Дзіму галавой сабе на калені і змоўкла. Яна пачувалася няёмка — не таму, што з-за яе гэтаму хлопцу балюча і нічога не зразумела, а таму, што не яна рэжысёр, сцэнарыст і проста жудасная выдумляльшчыца, стала арганізатарам выкрадання з выцісканнем грошай. Нехта скраў яе ідэю, якую Аліна агучыла на адной з нарад «творчага цэху»: схапіўшы бутэльку шампанскага, яна тады ўскараскалася на стол рэстарацыі, у якой адбывалася «нарада», і пракрычала, абярнуўшы некалькі бакалаў: «Сумна мне з вамі, вярхушка творчай інтэлігенцыі! Вы толькі і ўмееце, што піць, жэрці ды песні гарлапаніць! Вось, далібог, трэба вас усіх пакрасці ды па цёмных падполках і падстрэшшах распіхаць, каб неяк разнастаіць ваш вольны час, шаноўнае спадарства!»

Жадайце, каб атрымаць і пашкадаваць, што недакладна сфармулявалі жаданне! Маладая рэжысёрка стала першай ахвярай свайго ж уласнага пажадання, бо была, так бы мовіць, энергетычным цэнтрам творчай кампаніі. І цяпер, седзячы пасярод ляснога масіву са смярдзючай лямпай пад бокам і прыгожым маладым хлопцам на ложку, Аліна нервавалася і злавалася таму, што не ведала, які фінал будзе ў гэтай гісторыі. Як рэжысёр яна прывыкла бачыць канчатковы вынік яшчэ да пачатку мерапрыемства. З дадзенай сітуацыі вынікала як мінімум два фіналы: альбо яна застаецца крыху пакамечанай, але жывой, альбо яе вусцішна забіваюць нікому не вядомыя сквапныя дзядзечкі.

Аліну многія не любілі за ўпёртасць і просталінейнасць у фінансава-творчых пытаннях. У творчасці яна слухала толькі сваю інтуіцыю, а ў папяровых справах давярала выключна юрысту Міхалу Барысавічу. Да таго ж, Аліна дужа хутка ўзляцела на Алімп напаўжывога беларускага шоу-бізнесу і перабегла тым самым дарожку яго карыфеям, што трымалі цуглі эстрады ў сваіх зморшчаных ад старасці мазолістых далонях. «Калі б нашая эстрада была канём, яго належала б застрэліць па медыцынскіх паказчыках, бо ён жа стары, кульгавы, пляшывы і глухі!» — сказала Аліна ў адным з інтэрв’ю і ў той жа момант абрасла з усіх бакоў ворагамі і шпіёнамі. Хаця многія меркавалі таксама, як і яна, сказаць гэта ўслых было недаравальным нахабствам. Але Аліна была маладая і мела намер не ездзіць на хворым кані, рызыкуючы загінуць разам з ім, а вырасціць свайго ладнага, здаровага жарэбчыка, які б слухаў выключна яе каманды і быў сімпатычны на храпу. Аліна ўмела змагацца за свае мары і намеры. Часцяком яна вяла сябе не па-дзявочы жорстка. Але… капітан карабля пад назвай «прадзюсарскі цэнтр» не можа быць мяккім і лагодным, інакш карабель хутка ператворыцца ў інстытут шляхетных мамзэляў.

Дзіма заснуў. Аліна раптам успомніла, як пазнаёмілася з ім.

Гэта здарылася крыху больш года таму, у тыя слаўныя часы, калі яна магла сабе дазволіць такую раскошу, як аўтастоп-вакацыі з заплечнікам за спінаю і сяброўкамі з абодвух бакоў. Дзяўчына толькі што зволілася з дзяржаўнай працы, якая не прыносіла ні грошай, ні задавальнення, і знаходзілася ў пошуках свайго «Я». «Яно можа чакаць на любым скрыжаванні, але для таго, каб сустрэцца з ім, трэба пачаць шлях!»

Быў жнівень, Аліна з Ганнай і Кацяй вярталіся з Украіны. Падарожжа прынесла дзяўчатам нямала прыемных момантаў, але больш за ўсё, канешне, іх уразіў Кіеў. Перш-наперш, сяброўкі прайшліся па святых месцах: Ганна зазірнула ў сінагогу, Каця — у Міхайлаўскі манастыр, а Аліна — на Лысую гару. Праўда, старажытнае паганскае капішча яна так і не адшукала, але хутка забылася пра гэта, бегаючы па Майдане басанож ды галёкаючы:

— Віват, Майдан, сэрца ўкраінскіх рэвалюцый! Які ж ты прыгожы! Так і хочацца арганізаваць стыхійны мітынг, мяне так і цягне! Дзяўчаты, давайце зробім мітынг, невялікі такі мітынжочак, мітынг па-беларуску! Дома нам усё роўна не дазволяць, а тут ніхто не здзівіцца, ва Украіне мітынг — гэта лад жыцця!

— Не трэба, Алінка. Пра што ты тут будзеш крычаць? — паспрабавалі тактоўна пераканаць сяброўку яе спадарожніцы.

— Ды якая розніца? Напрыклад, у свеце скарачаецца папуляцыя хахуль! Гэта дужа маштабная праблема! Уяўляеце сабе, — Аліна ўскараскалася на каменны парапет каля фантана, — нашыя дзеці і ўнукі могуць не ўбачыць хахулю і хахулятак! Без хахулі ў планеты няма будучыні! А потым, — Аліна саскочыла ў цёплую ваду фантана, — потым з-за павароту вынырнуць амерыканскія рэпарцёры, а яны ёсць усюды, дзе адбываюцца мітынгі, сфатаграфуюць нас — і вось мы ўжо ва ўсіх часопісах і газетах пад загалоўкам: «Што вы чулі пра хахуль?» альбо «Хахляча-хахулячая рэвалюцыя!»