Выбрать главу

— Табе нельга ісці ў палітыку, ты пачнёш трэцюю сусветную вайну і будзеш змагацца на баку хахуль! — зайшлася рогатам Ганна, а Каця пачырванела ад сораму і зрабіла выгляд, што не ведае Аліну. Яна, і праўда, ведала Аліну даволі мала, бо тая была сяброўкай Ганны, і ўжо не адзін раз пашкадавала, што згадзілася прыняць удзел у гэтым экстрэмальным падарожжы.

— А я і не збіраюся ў палітыку. Уся палітыка па-сутнасці сваёй — гэта спрэчкі аб праблемах перыферыйных хахуль, якім усё роўна, што пра іх гавораць сталічныя хахулі: на перыферыі жывуць як жылі і будуць жыць далей, нават калі сталіцу з усім кіраўніцтвам паглыне тарнада. А сталічныя хахулі чым больш гавораць пра перыферыйных, тым хутчэй даходзяць да высновы, што без грошай, якія прыходзяць з перыферыі, яны проста пустое месца. І прыдумляюць вайну альбо рэвалюцыю, каб перамагчы і пераканаць перыферыйных хахуль, што ўвесь час тыя свае грошы аддавалі не проста ў чыесьці кішэні, а на карысць радзімы. Вось і ўся палітыка. Схема адна, змяніць яе нельга, а жыць па ёй — сорамна.

— Я лепш дапамагу хахулям такім чынам, што не буду перашкаджаць ім жыць і распаўсюджвацца! — заявіла Каця.

— А я не скажу сталічным хахулям, што недзе ёсць перыферыйныя, каб тыя не напрыдумлялі новых падаткаў! — сказала Ганна.

Дзяўчаткі хутка адцягнулі ўвагу Аліны ад праблемы абезхахульвання планеты вельмі простым, але заўсёды эфектыўным чынам.

— Аліна, ты толькі паглядзі, колькі мужчын вакол цябе! — падміргнула Ганна.

— О, праўда, як гэта я не заўважыла? З гэтымі рэвалюцыямі ў імя ідэі ніколі не бачыш, што адбываецца ў цябе пад носам! Пікап, прапаную пікап!

— Можа, усё ж такі мітынг? — перапытала Ганна і прыжмурылася.

— Не, пікап — самае тое! О, а давайце ўчынім міжсабойнае спаборніцтва: хто адвязе на радзіму больш нумароў тэлефонаў украінскіх мужчын? У каго будзе менш — з таго шампанскае! — з гэтымі словамі Аліна выцягнула з заплечніка абсалютна новы нататнік, набыты ў кнігарні на Крашчаціку. Аліна вельмі любіла прымаць удзел у спаборніцтвах і ператварала нават звычайныя  сяброўскія сустрэчы ў чэмпіянаты — па красамоўстве, пражэрлівасці, выпівошнасці ды іншых смяротных грахах.

Аднаго нататніка для імправізаванай «тэлефаніяды» Аліне не хапіла, але другі яна набываць не стала, і без таго апынуўшыся абсалютнай рэкардсменкай па дысцыплінах: «Хуткасць Знаёмства», «Бессаромнасць», «Флірт» і «Шантаж». Па частцы пікапу Аліне не было роўных.

— Галоўнае — своечасова «саскочыць», каб кансумацыя не абярнулася прастытуцыяй! — павучала Аліна сябровак, што нямелі ад жаху, калі назіралі, як Аліна спакойна падыходзіць да незнаёмых мужчын і заводзіць размовы на абстрактныя тэмы. Праз некалькі хвілін Аліна клікала дзяўчат: мужчыны былі гатовы частаваць пітвом і ежай.

— Ты сапраўдны шчасліўчык! Збягаеш ад непазбежнай расплаты толькі цудам! — гаварылі дзяўчаты, пакідаючы бар, як поле бою — з дрыжыкамі ў нагах.

— Трэба адчуваць момант! — смяялася Аліна. — На што вам патрэбна інтуіцыя? А ў выпадку з мужчынамі можна нават і без інтуіцыі абысціся: у іх жа ўсё на твары напісана вялізнымі літарамі! Прачытала — апрацавала — перавярнула сабе на карысць — сышла з тэлефончыкам і адрасочкам. І ніколі, ніколі не адмаўляйце мужчынам у іх жаданні зрабіць вам прыемнае, калі не хочаце іх прынізіць. А яшчэ… не трэба даваць абяцанняў, якія вы не зможаце выканаць.

Каця, якая амаль што моўчкі назірала за Алінінымі выкрутасамі і не ўзяла ніводнага нумара тэлефона ні ў аднаго мужчыны, нарэшце не вытрымала:

— Дзяўчаты, можа хопіць, паехалі дадому!

Аліна закрыла распухлы ад запісаў нататнік, уздыхнула і згадзілася:

— Сапраўды, самы час, а то наша «тэлефаніяда» хутка перарасце ў перапіс насельніцтва Украіны. Едзем аўтастопам!

— Цягніком! — у адзін голас выдыхнулі Ганна і Каця, якія дужа стаміліся ад адчування небяспекі. Аліна нікога не баялася, бо лічыла, што ў свеце няма дрэнных людзей, ёсць тыя, да якіх складана знайсці правільны падыход. Складана — але магчыма.

Кампраміс быў знойдзены: да Чарнігава аўтастопам, а праз мяжу — цягніком, бо так больш зручна.