— Ёсць умова. Калі мы з Ромам скінем абутак, вы зробіце выгляд, што нічога не адчулі, добра? Я трое сутак кеды не расшнуроўваў…
— Рыхтуйцеся, хлопчыкі, хутка дзяўчынкі прыйдуць да вас у госці, як у старым добрым піянерскім лагеры! — правуркатала Аліна ў напаўрасчыненыя дзверы «пакоя хлопчыкаў» і вярнулася ў «пакой дзяўчынак», па большасці за тым, каб адшукаць у сваім заплечніку пеньюар, якога там не мелася, бо ён быў шчасліва пакінуты на Майдане ў Кіеве — каб ізноў туды вярнуцца.
— Ты што, сапраўды пойдзеш да хлопцаў? Як гэта можна? — спыталася Ганна, а Каця буйна расчырванелася.
— Пайду. А што такое? — Аліна шукала пеньюар сярод складу рэчаў, што змяшчаў яе заплечнік. — О! Электрашокер, а я думала — згубіўся. Мы ж з імі нічога не будзем рабіць, хлопцы тры ночы нармальна не спалі, я проста хачу зрабіць ім масаж і паразмаўляць пра сёе-тое… о! Набор адвёртак! Клёва, можна што-небудзь адрамантаваць. Добрай фірменнай адвёрткай можна адрамантаваць усё, што заўгодна, акрамя здароўя і біяграфіі. Ведаеце, дзяўчаты, не заўсёды апынуцца ў адным ложку з хлопцам азначае абавязкова мець з ім інтым. У мяне, напрыклад, сёння — настальгія! О, дарэчы, глядзіце, што ў мяне ёсць! — Аліна выцягнула на свет савецкі піянерскі значок. — Вы калі-небудзь праводзілі лета ў піянерскім аздараўленчым лагеры?
Ганна з Кацяй пераглянуліся і адмоўна пакруцілі галовамі.
— Якія вы нешчаслівыя! Я ж усё дзяцінства ў лагеры адматала, шэсць сезонаў!
— Як страшна гучыць! — жахнулася Ганна.
— Нічога не страшна! Лепшае, што ўва мне ёсць, выхавана ў піянерскім лагеры! — Аліна перакульнулася на ложку, на секунду ўявіўшы сябе маленькім прыгожым дэльфіняткам, абавязкова — залатым.
— Ага, і неўтаймаваная бадзёрасць круглыя суткі. Вас там, мусіць, у вашым лагеры электрычнасцю катавалі… — Каця нацягнула коўдру па самыя вушы: яна палову гадзіны намагалася заснуць, а Аліна ніяк не супакойвалася.
— У лагеры бадзёрасць проста неабходна, інакш назаўсёды застанешся сярод аднагодкаў мямляй і недарэкай. Трэба быць увесь час наперадзе. Вышэйшай, спрытнейшай і разумнейшай за астатніх. Быць лепшай сярод роўных!
— Нашто траціць энергію? Адсядзелася да канца змены ў куточку — і дадому… — сказала Каця з-пад коўдры.
— Не, калі ты дакладна ведаеш, што вернешся ў гэты лагер яшчэ неаднойчы, трэба ў яго сістэме знайсці сабе ўтульнае месца. Быць лепшай — значыць атрымаць прывілеі перад іншымі. Напрыклад, такую прывілею, як не спаць у дзённы час. Альбо не дзяжурыць па сталоўцы. Альбо з’ездзіць з важатымі ў горад за пакупкамі. Быць духоўным лідарам рэжыму — значыць ніколі па ім не жыць, а жыць па тым распарадку, які ты абярэш для сябе сам. Ненавіджу жыць па чужых рэжымах, люблю прыдумляць свае! — Аліна ізноў перакульнулася на ложку.
— Дык ты заўсёды была з важатымі і рабіла паклёпы на сваіх аднаатраднікаў? — спыталася Ганна.
— Ну чаму адразу такія думкі? Наадварот, я для свайго атрада магла выгандляваць лішнюю гадзіну дыскатэкі альбо паход у краму. Мой электарат быў задаволены. Эх, што з вамі размаўляць…
Аліна перакульнулася яшчэ раз. Яна ўспомніла непераказальную рамантыку піянерскага лагера, у якім правяла васямнаццаць летніх змен: шэсць год запар па тры змены. Лагер быў заводскі, бацькі-рабочыя адпраўлялі сваіх дзяцей на лета прэч з вачэй, каб пасярод дзікага лесу — яловых фітанцыдаў, камароў, вавёрак і папараці — дзеці спасцігалі асаблівасці жыцця ў соцыуме, які вельмі добра ўладкаваны сістэмна, але дужа блага ўладкаваны ў побытавым сэнсе. Немагчыма забыцца на хрыплаваты «пераплюй» падгулялага горна, якім заспаны гарніст неахвотна склікае ўсіх на ранішнюю гімнастыку. Гарніст — ён і не гарніст, а так, проста адзіны з усіх дзвюх соцень дзяцей, які змог здабыць са старога савецкага іржавага горна хоць-які гук. Гімнастыку праводзіць фізкультурнік. Ён ўсю ноч піў чысты спірт і занюхваў яго лагерным плямістым катом. Таму фізкультурнік баіцца нахіліцца ці прысесці, бо адчувае, што адразу ж упадзе. Ён стаіць на адным месцы і хістаецца з боку ў бок, і ўсе дзеці паўтараюць за ім гэтыя немудрагелістыя практыкаванні, гайдаючыся ўлева і ўправа. Пасля актыўнай гімнастыкі — сняданак, пасля сняданку — прыбіранне тэрыторыі. Смецця няма, яго ніхто не кідае долу, бо за такую справу — адбой у восем гадзін вечара, але ў мэтах працатэрапіі важатыя знаходзяць выйсце, і дзеці вымятаюць з карэння елак ігліцу бярозавымі венікамі і збіраюць шышкі. Шышкі падаюць проста на галовы, бо немагчыма сабраць сіламі двухсот дзяцей усе шышкі ў лесе, гэта відавочна — але важатыя думаюць па-іншаму. Гадзіна збору шышак — і прыбіранне тэрыторыі ператвараецца ў шышкавую вайну, потым хлопчыкі ідуць у медыцынскі пункт, дзе ўрач замазвае ім драпіны зялёнкай, а дзяўчынкі выпаўзаюць з-пад лавак і пачынаюць рыхтавацца да конкурсу самадзейнасці. У дзяўчынак адзенне і абутак — агульныя на ўсіх, і пахнуць усе маленькія мамзелькі адной парфумай! Вечарам дзверы карпусоў замыкаюцца на ключ, але кожны ўмее адчыняць іх пры дапамозе шпількі: гэты карысны навык перадаецца з пакалення ў пакаленне. А яшчэ — раз на змену ў лагер абавязкова прыязджае перасоўная станцыя хуткай стаматалагічнай дапамогі. Там усім запар лечаць зубы, нават тым, у каго яны здаравейшыя, чым макеты ў шафцы стаматолагаў. Але самае галоўнае, што выносілі дзеці з піянерскага аздараўленчага летняга лагера, — гэта, канешне, ніякае не аздараўленне, а адчуванне пляча і сяброўства. Праверанае дурным неўладкаваным побытам і жорсткай ломкай сістэмы, у якой здрада нясе табе больш карысці, чым вернасць, — такое сяброўства засталося на ўсё жыццё.