Выбрать главу

Яна ведала, што назаўтра васалы Джэрома вернуцца, і ён ізноў упусціць іх у дом.

Было шмат іншых сустрэч: дзённых і паўночных, прыемных і напружаных, карысных і бессэнсоўных. Адзінае, чым Аліна магла ганарыцца — яна нікому не засталася вінная. Пра гэтае паклапаціўся малады ўвішны юрыст Міхал Барысавіч.

— Усім маім знаёмцам, хто носіць імёны «Міхал» і «Барыс», жудасна шанцуе ў фінансавых пытаннях! — паўтарала Аліна і пацірала далоні. Было гэта вернай прыкметай таго, што ўсе хваляванні сябе апраўдаюць.

— Аліна Мікалаеўна, не паверыце: у фінансавых пытаннях шанцуе таксама Львам, Раманам, Аўраамам… — смяяўся Міхал. — Мы-такі вязунчыкі, толькі не трэба нас крыўдзіць, а то мы вельмі эфектыўна сябруем супраць крыўдзіцеляў!

Аліна не мела звычкі крыўдзіць тых, хто быў верны слову і агульнай справе.

Першыя сінглы маладых спявачак патрапілі ў ратацыі і зГанналі свае месцы ў хіт-парадах. Рэжысёр Мікіта і аператар-пастаноўшчык Ася адразу ж узяліся за здымкі кліпаў, музыкі і аранжыроўшчыкі музыцыравалі круглыя суткі бесперапынна. Аліна вядомым адной ёй метадам змагла пераканаць маладых таварышаў, што кожная хвіліна часу, праведзеная не ў працы, адкіне ўвесь цэх на некалькі гадоў назад ад канчатковай мэты. А мэта была ва ўсіх адна — стаць лепшым прадзюсерскім цэнтрам на зямлі, запісаць лепшы ў свеце музычны альбом, зняць лепшае відэа і сабраць поўны ўраджай сусветных музычных узнагарод. Маладыя і амбітныя таварышы думалі не столькі пра адначасовае і хуткае багацце, якое пасыплецца з неба, як кілька ў час урагану, але і пра бясцэнны досвед, пульхныя партфоліа — кожны ў сваёй сферы дзейнасці. Гучнае імя і карысныя сувязі — гэта тое, што неабходна творчай асобе, каб спаць спакойна і не думаць, а ці будуць заўтра новыя праекты. Чым гучнейшае імя, тым здаравейшы сон.

Дакладна гэтак жа лічыў і Мікіта, рэжысёр, намеснік дырэктара цэнтра «MoST» і проста добры сябар Аліны.

Аліна ўзяла Мікіту да сябе працаваць не таму, што той быў яе сябрам, а таму, што ад кончыкаў ускудлачаных валасоў на патыліцы да кіпцікаў на мезенцах ног Мікіта быў сапраўднай творчай асобай. Ён увесь час знаходзіўся ў стане прыдумкі ці напісання чарговага геніяльнага сцэнарыя альбо раскадроўкі. Усе ягоныя ідэі былі багатыя на арыгінальныя вобразы — часам настолькі арыгінальныя, што без пяцідзесяці грамаў каньяку спасцігнуць іх сутнасць было немагчыма. Сам жа Мікіта, хоць і не ўжываў алкаголь, цвярозасцю розуму не вызначаўся, затое вылучаўся рэзкімі зменамі настрою ад слёз да неўтаймаванага рогату, ад маралізатарства — да натуральнага шаленства. У дадатак да ўсяго, Мікіта не ўмеў лічыць грошы: ён быў «вышэй за  самыя ніжэйшыя праявы чалавечае сутнасці». Аліна ставілася да ўсяго гэтага вельмі спакойна, адзінае, што яе раздражняла — ягоная бародка ды тое, што Мікіта заўсёды насіў рудыя швэдры: Аліна не любіла руды колер.

І вось, пакуль Аліна аддавалася ўспамінам у цёмнай хацінцы пасярод лесу, Мікіта поўным ходам працаваў над мантажом відэароліка для аднаго малавядомага, але, па запэўніванні неспакойнай сяброўкі, дужа перспектыўнага гурта. «Дужа перспектыўных» музыкаў Аліна знайшла ў пераходзе метро. Яна мела слабасць да разнастайных «свабодных майстроў» — гарманістаў, флейтыстаў, скрыпачоў і бубначоў, якімі літаральна кішэлі пераходы. Музыкі ў пераходах гралі не для вялікіх мюзік-холаў за неймаверныя ганарары, а для душы, якой хацелася крыху піва і палёту.

— Не магу зразумець: чаму ты захапляешся гэтымі пілігрымамі-абадранцамі? — пытаўся Мікіта і напускаў на свой прыгожы твар грымасы гідлівасці.

— Мікіта, «вольныя майстры» ўсё схопліваюць з лёту, звыклі працаваць у самых нечалавечых умовах — нават без прыбіральні, звярні ўвагу! — граюць без партытур і могуць трымаць аўдыторыю з раніцы да вечара! Акрамя такіх бясспрэчных пераваг, яны ні халеры не разумеюць у дакументацыі! Для нас гэта — манна нябесная!

— Ты будзеш прымушаць іх падпісваць кабальныя дамовы?

— Мікіта, як ты можаш так пра мяне думаць! Проста, калі музыка задужа дасведчаны, ён траціць шмат часу на прачытанне папер. Музыка мусіць займацца творчасцю, а не разводзіць бюракратыю. Там, дзе пачынаецца бюракратыя, мастацтва памірае.

— Зразумеў. Ідэальны музыка — той, які не ўмее чытаць і лічыць.

— Правільна, аміга.

Праўда, праца з «вольнымі майстрамі» мела, акрамя бліскучага аверса, шурпаты іржавы рэверс. Звычка не залежаць ад абставін пазбаўляла іх такой неабходнай характарыстыкі, як дысцыплінаванасць. Іх свабода і незалежнасць межаваліся з поўнай безадказнасцю. Мікіта злаваўся і бурчэў: