Выбрать главу

— Калі-небудзь гэтыя работнікі гітары і губнога гармоніка сарвуць табе канцэрт, і ты прагарыш на грошы, а я буду танчыць вакол лужыны, якую ты наплачаш!

Але Аліна ведала ўсе месцы тусовак сваіх вольных майстроў. Яна ніколі не эканоміла на разведцы («Хто папярэджаны — той узброены!») і магла знайсці кожнага цягам трох хвілін. Музыкі ўздыхалі: «У нашае дырэктаркі нават у пекле ёсць агенты…» Тлустай кропкай у справе выхаваўчай працы быў маленькі, але далікатны пункт за нумарам «пяць-кропка-восем» стандартнай дамовы, у якім гаварылася пра тое, што за кожную адмененую рэпетыцыю гурт выплочвае штраф у памеры кошту арэнды памяшкання за дзве гадзіны, а за сарваны выступ няўстойку плоціць са сваёй кішэні.

— Ты б яшчэ ў канцы напісала: «І саечка за перапуд!» Вы здурэлі зусім з вашым Міхалам Барысавічам! — сказаў Мікіта, а Міхал паціснуў плячамі і паказаў пальцам на Аліну:

— Гэта ўсё Аліна Мікалаеўна. Там ёсць яшчэ пункт шэсць-кропка-восем… і сем-кропка-тры.

— Нашыя музыкі ўсё роўна дамовы не чытаюць, вось падпішуць — а пасля я ім агучу, што ад іх патрабуецца. Будуць добра сябе паводзіць — ніхто не пацерпіць. Я сама дабрыня! — усміхнулася Аліна. — Самы час здымаць кліп. У нашых музыкаў з’явіўся аматар і спонсар.

— Хто-о?

— Не ведаю. Перамовы вядзём праз пасрэднікаў, грошы пераводзіць па такой схеме, што нават Міхал пакуль не разабраўся. Ну, не хоча чалавек сябе афішаваць — не будзем прымушаць. Першы ўзнос ён ужо зрабіў, так што хуценька мне сцэнар на стол, пажадана заўтра!

Мікіта схапіўся за галаву.

Матэрыялу для роліка было наздымана недастаткова, студыйныя камп’ютары па невядомых прычынах тройчы ламаліся, Мікіта некалькі тыдняў знаходзіўся ў творчым крызісе і ніяк не мог скончыць працу.

Гэты кліп яму даставаўся вялікімі нервамі. Калі б Мікіта не ведаў Аліну з глыбокага немаўлячага дзяцінства, ён «і звязвацца б не стаў з гэтай вар’яткай!» Кожны праект пачынаўся са скандалу, таму што Аліна лічыла, што ў спрэчцы нараджаецца ісціна, і спрачалася да хрыпаты над кожнай драбязой. Спрэчка была прынцыповай часткай яе жыцця. Калі з Алінай ніхто не спрачаўся, яна пачынала ўзрушана віскатаць: «У вас што, няма ўласнага меркавання?! Раскрытыкуйце мяне, а то я… буду кідацца ў вас кілішкамі!» Спачатку сцены цэнтра былі ў шурпацінах і падцёках ад розных напояў, ад тэкілы да валакардзіну. Калі ж за адзін дзень былі разбіты пяць калекцыйных фужэраў і парцалянавы сабачка, падораны кітайскім паслом, каманда вырашыла ў абход Аліны параіцца з дызайнерам па інтэр’еры. Пасля невялікай нарады і касметычнага рамонту ўсе шпалеры і мэбля ў цэнтры сталі ўстойлівымі да пашкоджанняў, а посуд і сувеніры — неразбівальнымі. Асаблівай трапнасцю Аліна не вызначалася, і кілішкі працягвалі лётаць, не наносячы значнае шкоды.

Над вобразам кліпа Аліна з Мікітам ваявалі вельмі доўга. Мікіту хацелася зрабіць відэа ў стылі фэнтазі, з пачварамі і драконамі, Аліна схілялася да звычайнай бытавой гісторыі з цяжкім восеньскім развітаннем на пероне.

— Ну, не разумею я тваіх эльфійскіх прынцэсак, хоць забі мяне, Мікіта! — паўтарала Аліна, пакуль Мікіта дапіваў чарговы кубак зялёнага чаю і падрыгваў нагою. — Ты бачыў нашых музыкаў? Якія ім прынцэсы!

— Нашыя музыкі вельмі падобныя да гоблінаў… — у першы раз за тры гадзіны адкрыў рот Мікіта і прыгнуўся, каб у яго не патрапіла асадка.

— Нехта тэрмінова пойдзе збіраць чамаданы! Эх, калі я ўжо сабе куплю чамадан з кракадзілавай скуры… — уздыхнула Аліна, і раптам яе твар прасвятлеў. — Чамаданы! Эўрыка, Мікіта, які ты малайчына, як ты ўмееш генерыраваць ідэі! Гэта будзе кліп з чамаданамі! Усё проста і зразумела, абмеркаванню не падлягае. Ідзі перапісвай сцэнарый, трэба тэрмінова ўсё перазняць.

Мікіта ўздыхнуў і пайшоў рабіць новы сцэнарый, плануючы задзейнічаць у кліпе пра вакзал хаця б адзінарога, калі ўжо драконаў і прынцэс ніяк нельга. Пасля яшчэ аднаго разбітага сервіза, кампраміс усё-такі быў знойдзены: чароўныя чамаданы-парталы, адзін — уваход у свет казачнай магіі, другі — выхад у рэальнае жыццё. Мікіта з энтузіязмам узяўся за справу, работа цэха завіравала, Аліна з лёгкім сэрцам схапіла пад пахі Міхала Барысавіча і з’ехала з ім у Гомель па «неадкладных афіцыйна-папяровых справах».

Мікіта ў чарговы раз праглядаў матэрыял — і яму зноў і зноў не падабалася. Удзельнікі гурта падаваліся соннымі, як донныя рыбіны. Ён засяроджана думаў, як дадаць у ролік «жывую містыфікацыю», пакуль Аліна ў раз’ездах: Мікіта ведаў, што на апошнім этапе Аліна не перакрэсліць праект, уздыхне, зробіць выгляд, што задаволена, і выпіша ўсім бонусы.