Выбрать главу

У глыбіні кішэні Мікітавых джынсаў занепакоіўся тэлефон: спярша дробненька задрыжаў, а потым зайграў вясёлую песеньку пра незямное шчасце: Аліна папрасіла Мікіту паставіць на свае званкі менавіта гэтую мелодыю, каб заўсёды, калі яна звоніць, Мікіта ведаў, што ягочакае шчасце. Аднак замест дзелавітага чырыкання сваёй сяброўкі Мікіта пачуў:

— Вось што, даражэнькі. Калі ваша палёная кантора не верне грошы — Аліну зможаш бачыць толькі на фотаздымку. На магільнай пліце. З фотаздымка на сваёй магільнай пліце — побач будзеце ляжаць.

— Якія грошы? Вы хто? — Мікіта ўтаропіўся ў выяву адзінарога на сцяне і падумаў, што няблага было б легчы і добра выспацца.

— Няважна, хто мы. А вось вы будзеце светлым успамінам, калі не вернеце нам нашыя пяць мільёнаў еўра. У вас ёсць суткі.

Мікіта яшчэ раз паглядзеў на адзінарога, і яму здалося, што адзінарог падміргнуў левым вокам.

— Наташа! Зрабі каву! — закрычў Мікіта.

З глыбінь цэнтраўскіх калідораў пачулася:

— Сёння ўжо сёмая, Мікіта Алегавіч, можа, хопіць, у вас ціск і плоскаступнёвасць!

— Наташа, з малаком і дзве лыжкі цукру!

— Добра…

Зашыпеў электрычны чайнік.

Пакуль шыпеў чайнік, Мікіта набраў нумар Асі — галоўнай аператаркі творчага цэху.

— Ася, ты, часам, не ведаеш, дзе цяпер Аліна?

— Не-е-е… - Ася ўначы скончыла здымкі і цяпер спала, бачачы ў сне сцэны, якія здымала. Сярод прыгожых фэнтазійных краявідаў чамусьці раз-пораз незапланавана з’яўляўся Мікіта ў клятчастых штанах, верхам на адзінарогу. — Пазвані нашай мастачцы, можа, Аліна ёй выядае плешыну з-за новых дэкарацый…

— Бедная Юля… — уздыхнуў Мікіта і адразу ж пазваніў мастачцы, каб паспець выратаваць яе шыкоўныя рудыя валасы.

— Не, я Аліну, на шчасце, тры дні ўжо не бачыла, — адказала Юля. — Набяры нашай перакладчыцы, Яначцы, яна дакладна будзе ведаць, Аліна з ёй заўчора пад белае віно дакументы перакладала перад паездкай.

«Нашэсце жанчын!» — уздыхнуў Мікіта, але Яначцы пазваніў.

— Так, заўчора Аліна ўвалілася з бутэлькай белага, спачатку актыўна вяла сярод мяне прапагандысцкую работу на прадмет: «Давай да нас у цэнтр на пастаянку!», пасля перакладалі паперы, а пасля нам зрабілася весела, і Алінка паказвала фоткі з Кіева і нешта мармытала такое «дружны, у дружным», і там яшчэ на фотках былі дзяўчаткі і хлопцы, ды ўсе такія прыгожыя, што не разбярэш, хто дзяўчынка, а хто хлопчык. А што здарылася?

— Знікла.

— Як? Куды?

— Яначка, калі б я ведаў як і куды, я б яе знайшоў. У нас праблемы.

— Якія?

— Не тэлефонныя!

— Зразумела. Хутка буду. Трэба праверыць тое, што я наперакладала пад «Шарданэ». Каб толькі не з-за мяне…

За гадзіну Мікіта метадычна абзваніў усіх, хто мог ведаць, дзе знаходзіцца ягоная сяброўка. Усе шчасліва адхрышчваліся ад магчымасці праводзіць ціхую кастрычніцкую раніцу ў кампаніі гучнай Аліны і адсылалі Мікіту з такім пытаннем як мага далей. Сакратарка Наташа тройчы прыносіла каву, кава астывала, Наташа забірала яе і выпівала, каб прадукт не прападаў. Нарэшце, калі Мікіта чацвёрты раз пракрычэў: «Наташа, дзе мая кава?», Наташа прынесла кубачак, нахілілася да Мікіты і раздражнёна прамовіла:

— Пазваніце Міхалу Барысавічу, той заўсёды ведае, дзе Аліна Мікалаеўна, таму што Аліна Мікалаеўна — ягоныя грошы.

Але нават Міхал сонным голасам адказаў, што ўсе паперы акуратна складзены ў ягоны кейс, сама ж Аліна ад раніцы прахапілася, ваяўніча пракрычала нешта пра кагосьці дружнага і з’ехала з Гомеля.  Жаночы голас спытаўся ў Міхала: «Хто гэта?», Міхал прашаптаў: «Па рабоце!»

Мікіта паклаў трубку і глынуў кавы. Усе адпачывалі, і толькі ён, Наташа і адзінарог мусілі працаваць за дваццаць чалавек і паралельна рыхтавацца да хуткай смерці з-за нейкіх грошай, якіх ніхто не бачыў. Усё гэтае вельмі нагадвала жарт.

Аліна любіла пажартаваць. Аднойчы, калі на яе сышло нябеснае прасвятленне, што творчая суполка дужа марудзіць, яна папрасіла ўсіх сесці на свае рабочыя месцы, а потым у памяшканне ўбеглі кінолагі з сабакамі. Сабачак прывязалі да ножак сталоў, і як толькі работнік меў намер устаць, сабачка гучна гыркаў і шчэрыў зубкі. За чатыры гадзіны калектыў зрабіў тое, што не мог скончыць два тыдні. Затое прыбіральня цэнтра ні да, ні пасля такога стымулюючага жарту не ведала падобнага аншлагу.

Мікіту зрабілася няёмка, таму што па ягонай спіне стройнымі шэрагамі пабеглі дрэсіраваныя «мурашы». Яго сяброўка, канешне, магла дазволіць сабе жарт, але ніколі такі, каб у фокусе былі грошы альбо жыццё. Мікіта ўвайшоў у кабінет Аліны, наблізіўся да велізарнага дубовага стала, закіданага паперамі ледзьве не да столі, і сярод папяровых хмарачосаў заўважыў Алінін нататнік: яна забылася яго, калі з’язджала ў Гомель. Нататнік быў стары і абшарпаны, а на вокладцы красавалася каза з баянам, намаляваная Алінай, і надпіс: «На фіга казе баян?» — так Аліна зрабіла спробу асадкі «Паркер», што ёй падарыў адзін са шматлікіх прыхільнікаў. Сапраўды, на чорта ёй была асадка, калі Аліна карысталася для запісаў выключна алоўкамі з грыфелямі самай высокай мяккасці. Напісаны такімі грыфелямі тэкст вельмі хутка размазваўся па паперы і ператвараўся ў шэрыя плямы.