Выбрать главу

Мікіта прыняўся гартаць старонкі нататніка і даволі хутка зразумеў, што разабрацца ў гэтых шэрых плямах самастойна, без удзелу Аліны, ён не зможа, а на тое, каб абтэлефанаваць усіх людзей, што значыліся ў нататніку, спатрэбіцца ці не паўгода. Мікіта цяжка ўздыхнуў і сеў у дырэктарскае чырвонае крэсла: Аліна адмовілася ад чорнага і каштанавага колеру скуры і, на злосць дызайнерам ды сабе на ўцеху, набыла і прыкаціла з магазіна мэблі гэтае, чырвонае, таму што лічыла чырвоны лепшым ахоўным колерам, які прыносіць удачу.

Мікіта сядзеў у чырвоным, як савецкі сцяг, крэсле і думаў пра тое, што, напэўна, ён аддаў бы перавагу смерці хуткай і бязбольнай, але, магчыма, яго будуць катаваць і мучыць гарачымі прасамі альбо «гішпанскім боцікам», а можа, расцягнуць на дыбе ці прывяжуць рукі да пятак і кінуць у Свіслач, каб праверыць, ці вядзьмак ён… Мікіта калісьці глыбока вывучаў літаратуру па сярэднявечных катаваннях, таму разбіраўся ў гэтым вельмі добра і праз колькі хвілін прыйшоў да высновы, што з усіх катаванняў яму больш пасуе смерць на вогнішчы. Гатовы самастойна скласці вогнішча па ўсіх законах інквізіцыі, ён рашуча падняўся з крэсла і ўжо хацеў загадаць Наташы паслаць па цесляра і зварыць апошні ў жыцці кубачак кавы, ды раптам яго позірк упаў на фотаздымак у металічнай рамачцы — Аліна і дзве дзяўчыны. На здымку было напісана: «Мы ў Кіеве: Аліна, Ганна, Каця!» Пад імем «Ганна» значыўся нумар тэлефона, запісаны дзявочым разборлівым почыркам — відавочна, гэта быў не почырк Аліны, бо ейныя грымзолі Мікіта мог пазнаць з мільёну; там жа стаяла прыпіска: «Тэлефануй, не забывайся!»

Мікіта набраў нумар.

— Прывітанне. Праходзьце, калі ласка.

Мікіта падхапіў паліто Ганны, здаў яго ў гардэроб і правёў дзяўчыну да століка ў піцэрыі, дзе яны дамовіліся сустрэцца.

— Мы з Алінай раней сюды хадзілі часта. Потым у яе нарасла такая гара спраў, што яна нават званіць перастала. Як яна жыве-дыхае? — спыталася Ганна і паглядзела на Мікіту вільготнымі карымі вачамі.

— Нармальна, — адказаў Мікіта і адразу ж паправіўся, бо карыя вочы свідравалі яго, як добрая германская дрэль, — ненармальна. Ведаеце, Ганна, тут такая справа… можа, мы закажам што-небудзь?

— Закажам, — пагадзілася Ганна. — Я буду малочны кактэйль.

— А піцу?

— Мне нельга, я не зусім упэўнена ў кашэрнасці прадуктаў, з якіх тут яе гатуюць.

— Добра. Два малочныя кактэйлі, — прадыктаваў Мікіта заказ афіцыянтцы, што ўжо стаяла побач і завучана ўсміхалася. Афіцыянтка запісала заказ, гучна паўтарыла яго і знікла, як прывід.

— Дык вось, Ганначка. У нас небагата часу. Меней як суткі да таго моманту, як нас, а можа — і вас, пазбавяць жыцця не самым гуманным метадам. Ад нас патрабуюць грошы, Аліна знікла, а юрыст сцвярджае, што апошнія яе словы перад развітаннем былі пра нейкага дружнага чалавека. Вы пра гэта што-небудзь ведаеце?

— Ай, Аліна, ай, шэльма! Дастала яго ўсё-ткі! Як жа ён там, няшчасны, з ёй змагаецца? Бедны хлопча! — усклікнула Ганна.

— Каго дастала? Хто бедны? — не зразумеў Мікіта.

— Каго-каго. Дзіму Мотуза. Аліна ўсё хадзіла-прычытала, што дужа ён падабаецца ёй, што ён сама пекнасць і прыгажосць, што такіх хлопцаў яшчэ пашукаць трэба!

— Гэта ён — дружны?

— Не, ён, на маю думку, крыху дзікаваты. Дружны — гэта горад, дзе Дзіма пражывае.

— Думаеце, Аліна з’ехала ў Дружны?

— Не выключаю, яна даўно збіралася пазнаёміцца з яго бацькамі.

— Нашто?

— Ну, як… Аліна хацела з Мотузам узяць шлюб, ды толькі ўсё не магла прыдумаць, як зацікавіць у гэтым асабіста Дзіму, бо ён жаніцца не хоча, а на Аліне — дык і ўвогуле, ён жа не самазабойца.

— Паслухайце… а як Дзіма выглядае? — Мікіта трасянуў галавой, каб з самых далёкіх куткоў памяці выкаціліся вобразы шматлікіх хлопцаў і мужчын, з якімі яго знаёміла Аліна па рабоце альбо выпадкова. З гэтых вобразаў можна было адабраць патрэбны і ідэнтыфікаваць яго з тым хлопцам, якога апіша Ганна. Вобразы выстраіліся перад вачамі Мікіты ў роўныя шэрагі — цэлая армія мужчын, з якіх ніводзін не змог зрабіць Аліну шчаслівай.