Выбрать главу

— Дзімачка, што з табой? Ты там захраснуў? Цябе нехта трымае? Давай я табе дапамагу!

— Я не захраснуў! Тут нара! Хачу ў яе залезці! — сказаў Дзіма, выпаўзаючы назад.

— Ты мой Белы Трусік… Ведаеш, лепш не трэба лезці ў незнаёмыя норы, ці мала што там схавана!

— А я не хачу тут сядзець у прыцемках і чакаць, пакуль мяне зноў будуць біць.

— Добра. Тады прапусці мяне наперад, я не хачу, каб падземная пачвара адкусіла табе галаву па самы хвасцец.

Аліна схапіла лямпу, саскочыла з канапкі і паправіла штонікі. У памаранчавым святле бліснула зорка на бляшцы рэменя, што Мотуз-старэйшы перадаў Аліне ў спадчыну. Дзіма ўспомніў татавы метады выхавання, перахапіў з рук Аліны газовачку і палез у нару першы.

Праз некаторы час вузкі лаз ператварыўся ў прыстойны бетонны тунэль такой вышыні, што ў ім можна было падняць рукі ўгару і нават падскочыць. Аліна гэтым і займалася — скакала па тунелі і ўзрушана сакатала:

— Гээй! Як у кіно пра падпольшчыкаў! А калі з-за вугла выбяжыць жудасная пачвара-мутант і захоча нас з’есці? Што мы будзем рабіць?

Дзіма не падзяляў Алінінай радасці і таму сціпла адказаў:

— Аміга мія, я пастараюся прачнуцца, таму што не веру, што са мной можа гэта адбывацца.

— Вой, а мне ж так цікава! Я даўно гэтак не забаўлялася! Уяўляеш — нас могуць «шлёпнуць»!

— Вельмі добра сабе ўяўляю. Мяне тут ужо нашлёпалі.

— Нічога, за аднаго бітага двух нябітых даюць! А на маладым арганізме ўсе шнары зацягваюцца з той хуткасцю, з якой распаўзаецца плесня па «Ракфоры».

— Слухай, — Дзіма прыпыніў хаду і паглядзеў Аліне ў вочы, — мяне цікавіць адно пытанне. Чаму ты ніколі не даеш людзям права выбару? Усе мусяць рабіць тое, што ты ад іх хочаш! Чытаць «патрэбныя» кнігі, слухаць «патрэбную» музыку, насіць вопратку, якую ты лічыш самай прыгожай і зручнай. Гальштукі завязваць правільна. Што гэта за комплекс багіні?

— Ну, Дзіма… жыць сумна. Як сама сябе не развесяліш — то загнешся ад тугі. Вось і весялюся, як умею. А сапраўдная весялосць — гэта працэс, які трэба добра арганізоўваць. Стыхійныя забавы прыводзяць да траўм.

— Што ты кажаш такое? Ты паслухай сябе! Гэта ж… вар’яцтва!

— Мотуз, ты нічога не разумееш, можа, як падрасцеш — то дапнеш! — успыхнула Аліна.

— Вось. Ізноў ты вырашыла за мяне, што я нічога не разумею. Як ты сама сябе трываеш, гэта ж катастрофа! — Дзіма рэзка павярнуўся, зрабіў некалькі крокаў наперад і ўпёрся носам у акуратныя жалезныя дзверцы. — Прыйшлі.

Дзіма паторгаў ручку, але дзверцы былі шчыльна зачынены і замкнёны на ключ. У замочнай адтуліне блішчэла святло. Дзіма пашкробся ў дзверцы, падналёг на іх плячом, але яны былі непахісныя.

— Што ж, у нас два шляхі. Можам вярнуцца — і там нас паб’юць, можам застацца тут — нас знойдуць, а пасля паб’юць яшчэ мацней. Выбірай! — сказаў Мотуз-малодшы.

— Дзякуй, канешне, за права выбару, якое ты мне даў. Дурная альтэрнатыва. Вось я, напрыклад, маю намер адкрыць дзверцы і патрапіць за іх. Стань справа і пасвяці мне!

Аліна адшпіліла ад кофтачкі англійскую шпільку, усунула яе ў скважыну, засяроджана паварушыла вастрыём, а пасля ўрачыста сказала:

— Вуаля! У піянерскім лагеры замкі складаней адмыкаліся!

Дзверцы адчыніліся.

Аліна і Дзіма ўваліліся ў памяшканне, застаўленае па перыметры сталамі з камп’ютарамі і пераплеценае правадамі. Па цэнтры залы стаяў стул, да якога скотчам была прыматана дзяўчына ў джынсах і швэдары, з прыгожай заколачкай у валасах і затычкай у роце. Дзіма на хвіліну сумеўся, а пасля сунуў Аліне ў рукі лямпу і кінуўся да дзяўчыны:

— Таня? Ты тут адкуль узялася?

— Ты ёй затычку з роту вынь, а тое Таня нічога не зможа табе адказаць! — параіла Аліна, падышла да стула, паставіла лямпу на бетонную падлогу і пачала дапамагаць Дзіму разматаць палонную.

Таня выпрастала рукі, пасля ногі, затым паднялася, каб размяць зацёклае тулава. Аліна адразу адзначыла, што Таня была выключна прыгожай на твар і цела маладой асобай: чарнавокая, як Дзіма, чорнавалосая, рухамі падобная да коткі і, відавочна, не абдзеленая мужчынскай увагай.

— Нічога не памятаю. Ішла па вуліцы, наляцелі двое, анучу нейкую на нос — і вось я тут, — нарэшце вымавіла яна. — Дзіма, а вы тут як апынуліся?

— Нас прывезлі на машынах. З шыкам! — адказала за Дзіму Аліна і працягнула Тані далонь. — Будзем знаёмыя, я Аліна, бачыла тваё фота на афішках. Ці не ты стала беларускай Lady Metal Death у мінулым месяцы? Віншую, ганаровы тытул, асабліва з улікам таго, што ў Беларусі няма гуртоў, што граюць Death Metal.