Выбрать главу

Аліна ўхапілася за газнічку:

— А я вось гэта з сабой забяру. Такая рэліквія, што шкада тут пакідаць!

З гэтымі словамі Аліна пасунула Таню і першая пачала караскацца па лесвіцы ўверх.

Мікіта і Ася сядзелі ў офісе перад экранам з амаль зманціраваным кліпам і засяроджана думалі. Абдумалі яны два пытанні. Першае: куды падзелася Аліна? І другое: праца не павінна спыняцца.

— Слухай, Ася, нам трэба перазняць тую сцэну з чамаданамі, дзе герой і гераіня блытаюць іх, калі развітваюцца. Дужа вяла атрымалася. Аліна, калі ўбачыць, будзе кідацца посудам. А яна апошнім часам раз-пораз пачала кідаць трапна. І потым — каб заказчыкі нос не скрывілі, хто іх ведае, якія яны там. А яшчэ ў нас няма той сцэны, дзе адзінарогі пасвяцца на казачнай палянцы.

— А хто заказчыкі? Хіба не Аліна ўсё аплочвае? — Сонная Ася грэла рукі аб кубак з гарбатай.

— Не, фінансуе Масква. Наша дырэктарка дужа не распаўсюджвалася, сказала толькі, што ўсё мусіць быць на вышэйшым узроўні. А тут, паглядзі, у гераіні такі выгляд, нібыта яна спазняецца на ўласныя памінкі! — Мікіта зноў і зноў праглядаў сцэну з чамаданамі і грукаў у маленькі афрыканскі барабанчык: гэта дапамагала яму сабрацца.

— А чаго ты хацеў? Здымалі ў пяць гадзін раніцы, усе былі ледзь жывыя! І потым, гэтая вакалістачка ў іх толькі з тыдзень спявае, на пляцоўку — ты памятаеш? — спазнілася, усё некуды спяшалася, а на дзясятай гадзіне здымак проста зняла касцюмчык і з’ехала. Такая спецыфічная мамзелька.

— Вось вакалістку нам і трэба адшукаць ды перазняць, проста кроў з носа!

— Калі здымкі прызначым? — спыталася Ася. Яе жудасна раздражняў барабанны дробат, але гэта яшчэ было цярпіма ў параўнанні з губным гармонікам Аліны.

Аліна, каб зняць стрэс, з нядаўніх часоў узяла моду граць на губным гармоніку. Трэба сказаць, музычнага слыху Аліна не мела. Зусім. Але ў яе была непераадольная прага да музыкі. Калі пасяджэнні і нарады калектыву зацягваліся, Аліна брала гармонік, Мікіта — барабанчык, і пачыналася тое, што калектыў цэнтра называў «Хоць святых вон вынасі!» Усё б анічога, Аліна грала не так ужо і гучна, ды й адзін барабанчык многа шуму не ствараў, але ж Мікіта з’ездзіў на сафары ў Афрыку і прывёз адтуль яшчэ некалькі барабанаў рознай велічыні. Калі яму карцела паскорыць творчы працэс, ён прасіў Наташу прынесці барабанную ўстаноўку. Апошнія пару тыдняў Наташа проста насіла ўстаноўку на сабе, таму што барабаны Мікіта патрабаваў усё часцей, і гулкія павільёны цэнтра падгучваліся афрыканскімі рытмамі па шмат разоў на дзень. Больш за астатніх ад гэтага пакутавала сама Наташа, але Ася парэкамендавала ёй набыць бярушы. Ззяючая Наташа на высокіх «шпільках», з бярушамі ў вушах і барабанамі вакол стану ўвасабляла сабой атмасферу свята і неўтаймаванай весялосці.

— Здымкі мы прызначым… чым хутчэй, тым лепш. Вось што, я сазванюся з хлопцамі, «зараджу» ўсіх на вечар, а ты паклапаціся, каб памяшканне падрыхтавалі, выставілі святло і рэквізіт быў на месцы, — прамовіў Мікіта і выдаў пальцамі на барабанчыку перфектны дробат. — Хачу хоць пад канец зняць добры ролік!

Ася паставіла кубак на стол і зрабіла крок да выхада, але потым вярнулася, села насупраць Мікіты і ўзяла яго за гузік на кашулі:

— Мікітачка, я не хачу, каб мяне забілі, давай паспрабуем Аліначку знайсці? Можа, у міліцыю, у КДБ пазваніць?

— Ася! Рампа, лямпа, тры сафіты! Ідзі і працуй, а я сам прыдумаю, як вырашыць гэтую праблему! Лепш падумай, дзе мы знойдзем коней для ператварэння іх у адзінарогаў!

Ася на дыбачках выйшла з кабінета. Яна любіла Мікіту і не пераносіла, калі ён злаваўся. Ася раўнавала Мікіту да Аліны — не як да жанчыны, а як да ўвасаблення цяжкай працы, што патрабавала ад Мікіты велізарных энергетычных выдаткаў. Яна хацела б ляжаць побач з Мікітам пад вярблюджай коўдрай і размаўляць пра розныя глупствы, хацела б самааддана служыць яму: гатаваць ежу, праць бялізну, расціць дзяцей. Але Ася была дужа добрай аператаркай, і Мікіта распарадзіўся, каб яна служыла сваёй прафесіі. Як толькі Ася станавілася за камеру, адразу ж знікала яе флегматычнасць, у рухах з’яўлялася жвавасць, а ў словах — канкрэтыка. Менавіта гэта ў дзяўчатах Мікіта цаніў больш за ўсё: канкрэтыку. Але гасла святло, выключаліся прыборы, і Ася станавілася мілай чарнавокай «бэбі», чыё сэрца перапаўнялася пяшчотай, а мова — памяншальнымі суфіксамі.

— Ранішняя яечня, згатаваная табой, яшчэ знойдзе мяне, як я выйду на пенсію! Я нічога не губляю! — адмахваўся Мікіта ад Асінай пяшчоты.