Выбрать главу

Ася надзімала вусны:

— Глядзіце, не загрызіце з Алінай адно аднаго, у імкненні даказаць, хто з вас самы лепшы і таленавіты! А мая яечня можа заспець і некага іншага!

— Што ж… светлая яму памяць! — адказваў Мікіта: Ася, як і ўсе дзящчаты, хто працаваў у цэнтры «MoST», не ўмела гатаваць.

Мікіта не хацеў прасіць дапамогі ў старонніх асоб: чуткі пратачыліся б у прэсу, і буйныя заказы маглі б вельмі проста перацячы да канкурэнтаў. Ён зноўку пачаў ліхаманкава гартаць Алінін вар’яцкі нататнік, спадзеючыся знайсці хоць маленечкую зачэпачку, нітачку, якая вывела б яго на след і дапамагла разблытаць гэтую незразумелую сітуацыю. Аднак Мікіта ізноў не знайшоў нічога цікавага, акрамя малюначкаў з надпісам: «Мо». Мікіта ўздыхнуў: звычайныя псіхалагічныя тэсты, якімі карыстаюцца псіхолагі ў сярэдніх і старэйшых класах. Напэўна, Аліна ад няма чаго рабіць тэсціла Дзіму. Аліна любіла прымусіць чалавека намаляваць карцінку, а потым разбіраць гэтую карцінку з пункту гледжання псіхалогіі.

Рэзка адчыніліся дзверы, і ў кабінет убегла румяная Яна з ружовенькім партфелем у руцэ:

— Вітанкі, Мікіта!

— О-о, прывітанне, як ты аператыўна!

— Дзякуй, што даслаў машыну, а то я б яшчэ з гадзіну ехала, — зашчабятала Яна, скідаючы беленькі палітончык на сафу.

— Які ў цябе… строгі дзелавы дыпламат!

— Там нэтбук з электроннымі перакладчыкамі і нашымі з Алінай дакументамі, — азвалася Яна. — Я ведаю, што ў вас у цэнтры няма ніводнага слоўнічка, нават самага ўбогага, для першакласнікаў, а беларускі інтэрнэт увесь час вісне! Як вы працуеце?

— У нас ёсць ты! — выгукнуў Мікіта. — Гарбату? З шакаладкай?

— Толькі калі гэта не «Алёнка», — сказала Яна, адкрываючы ружовы дапламат.

— «Алёнку» з маіх знаёмых есць толькі Алінка.

— Алінка пастаянна есць розную лухту, вы за ёй прасачыце, а то як-небудзь нахамячыцца бураксу ці мыш’яку!

— Ну, ёй з гэтага не будзе анічога! У мяне існуе падазрэнні, што яна на сняданак есць мыш’як, каб прызвычаіць свой арганізм да атруты! Наташа, зрабі гарбату! — крыкнуў Мікіта ў калідор.

— Добра! — пачулася з нетраў цэнтра.

Яна ўключыла нэтбук:

— Мікіта, дзе дакументацыя? Будзем звяраць!

— Вось! — Мікіта адкрыў сакрэтэр, дзе, падшытыя ў акуратныя папкі, стаялі ўсе да аднаго дакументы цэнтра. Наташа была вельмі добрым сакратаром і клапацілася пра тое, каб папяровыя справы арганізацыі выглядалі ахайна.

— Давай сюды, я знайду, з чым Аліна да мяне прыязджала, — Яна выцягнула папкі, скінула іх на сафу і пачала хутка перабіраць дакументы. — Дарэчы, Аліна была не адна, а з вашым юрыстам, Міхалам Барысавічам… Ох, ён у вас! Такі донжуан! Яны заваліліся з бутэлечкай вінца. Хацелі спярша ўзяць кактэйлі, але яны, па большасці, дужа брыдотныя, мне ад іх млосна, дык вырашылі пасядзець класічна, з віном. Але ж ад віна мяне «расцягвае», то я магла зрабіць які-будзь недаравальны ляп.

— Ну, ты перакладаеш на аўтапілоце, чаго так хвалявацца?

— Не-не, Мікіта, я ж ведаю, што кажу. Аднойчы пераклала «fee» не як «ганарар», а як «членскі ўнёсак», а потым Аліна званіла і цікавілася, што гэта за арганізацыя, у якую мусіць уступіць яе гурт, каб плаціць такія валютныя членскія ўнёскі, ці не БРСМ тарыфы падняў. Вось так.

Увайшла Наташа з барабанамі вакол таліі і гарбатай на падносе. Мікіта ўдарыў у барабанчык. Наташа ўсміхнулася, паставіла паднос і выйшла. У Яны зазвінеў тэлефон.

— Мікіта, хвіліначку, я адкажу: гэта любы звоніць! З любымі трэба размаўляць як найчасцей…

— Гэта чаму?

— Каб іх не займалі размовамі трэція асобы! Інакш усё каханне распаўсюдзіцца на іх. Алё? Зая мая, я сёння буду позна, тут у нас надзвычайная сітуацыя. Не сумуй. Я пазваню. Буськ.

Яна пачала пераправяраць дакументы.

Ася з Наташай увайшлі ў касцюмерную. Наташа зняла барабанную ўстаноўку і паставіла яе ў куток.

На шматлікіх паліцах і вешалках захоўваўся ўвесь рэквізіт, які рыхтавалі спецыяльна для здымак кліпаў, а цяпер, адзін раз выканаўшы сваю місію, ён проста пакрываўся пылам. Чорныя плашчы, ружовыя шалікі, дэманічныя крылы — плён фантазіі Мікіты, — піянерскія горны, коўдры, кандэлябры, блакітныя слонікі і яшчэ цэлая гара ўсякага хламоцця, адсарціраванае на «Апошняе», «Перадапошняе» і «На памяць, паржаць». Над усім гэтым узвышалася пара чамаданаў, якія Наташа запхнула на самую верхатуру. Гэта былі файныя, дарагія скураныя чамаданы тэракотавага колеру.

Наташа спрытна ўскараскалася па драбінах наверх і сцягнула чамаданы з паліцы.

— Ася, лаві, першы пайшоў! — крыкнула яна і запусціла чамадан уніз.