Як толькі самавызваленая кампанія знікла ў гушчары, на вузкай сцяжыне, што вяла з глыбіні лесу да пятачка перад люкам, данесліся крокі. Два чалавекі ў чорным, высокі і нізенькі, з півам і чыпсамі ў руках, няспешна наблізіліся да люка.
— Нудная справа: хадзіць вакол люка, як вакол каляднай ялінкі! — уздыхнуў той, што быў ніжэйшы. У ягоных вачах панавала неадольная самота.
— Ну, знайшоў што ўспомніць! Ты, можа, яшчэ і вершыкі ў дзяцінстве Дзеду Марозу чытаў? — спытаўся той, што быў вышэйшы, і гучна засмяяўся.
— Канешне, чытаў, — адказаў першы і зноў уздыхнуў.
— Прадэманструй!
Першы выцягнуўся «па струнцы», і сумныя вочы нечакана засвяціліся такой пяшчотай, нібы ён згледзеў рай на зямлі. Затым заплюшчыў вочы і пачаў дэкламаваць радкі:
— У Савосева суседа… быў пярэсценькі каток… выхаванец Паўла-дзеда… гэткі слаўны… гэткі слаўны… забыўся. Не памятаю далей, даўно не чытаў.
— Ух ты! А пакажы трусіка! — папрасіў другі.
Першы склаў рукі на грудзях, нібы лапкі, і пашморгаў носам.
— Сапраўдны! Ну, сапраўдны трусік, нават насапатка падобная! Артыст! — першы два разы пляснуў у ладкі і адкрыў зубамі бутэльку піва.
— Ага. Артыст. Толькі ў дзяцінстве мне пасля калядных карагодаў і выступаў падаруначкі давалі, а цяперз аніякіх заахвочванняў не назіраецца, хоць мы тут ужо тры дні топчамся. Акурат, як абсталяванне сюды завезлі, так нас і камандзіравалі.
— Табе за гэта бабкі плоцяць. Сказалі ж: каб ніхто ні ўнутр, ні знутры.
— А што… там нехта ёсць?
— Не ведаю. Там, у хацінцы, двое з раніцы качаюцца, але яны нягеглыя, самі не збягуць. А тут — не ведаю.
Першы рвануў накрыўку:
— Зачынена. А можа, злазім унутр ды паглядзім, што там?
— Табе плоцяць не за тое, каб ты лазіў сюды-туды, а за тое, каб ніхто, у тым ліку і ты, туды не залез! Эх, добрае піўко! Шкада толькі, крама далёка.
— Паслухай, — сказаў першы, — можа, не будзем больш у краму хадзіць разам? А ну, як хто-небудзь прашмыгне, пакуль нас няма?
— Расслабся! Мне сказалі: тут такая сістэма аховы, што мышына не прашкрабецца!
— А мы тады нашто?
— Як нашто? Для саліднасці! Давай дапамагу, — прапанаваў другі, гледзячы на тое, як першы намагаецца адкрыць піва аб крышку люка. — Бездапаможны ты, акцёр. Усе мае знаёмыя акцёры такія бездапаможныя — як дзеці! Адразу бачна: ніколі ў арміі СССР не служылі, саранчу ў Казахстане не жэрлі.
— А ты еў? То бок.. жэр? — спытаўся першы і каўтануў сліну.
— Жэр.
— І як?
— На чыпсы падобная.
Першы сумна паглядзеў на свае чыпсы, пасля на піва, затым сеў на люк і паставіў на яго харчы. Другі ўладкаваўся побач. Абодва прымоўклі.
Тым часам Аліна, Дзіма і Таня прадзіраліся праз мокрыя зарасці. З галля раз-пораз падалі буйныя халодныя кроплі і патраплялі ім на валасы і за каўнер. Дзіма змахваў ваду з чуба, Таня выцірала рукавом твар, Аліна бадзёра насвіствала песенькі пра дождж, а калі прамуркатала ўсе песні, якія ведала, сказала:
— Вось вырасцем, як грыбы пасля дажджу, здаро-овыя! О, паглядзіце, я грыбок знайшла! — яна падбегла да пушыстай сасонкі, нагнулася, адшчыкнула пазногцямі сімпатычны маленькі грыб. — Эх, мне б кошык, ножык, дажджавік…
— Няма калі нам грыбочкі збіраць! — Дзіма страсянуў чубам, як грывай.
— Ну, тады я гэтага малёху з сабой забяру! — Аліна схавала грыб у кішэню і прысыпала месца, дзе яго знайшла, ігліцай. — Вы толькі ўявіце сабе, якая прыгода! Нас скралі, звезлі ў невядомым напрамку, замкнулі, ледзьве не ўзарвалі, пабілі, але мы збеглі, ды з цэлай кучай трафеяў: вінчэсцер, газнічка і нават, прашу адзначыць, ядомы грыб! Вакол свежае паветра і надзея на тое, што мы ўсё-ткі будзем жыць вечна! Кажуць, у яловых лапках ёсць фітанцыды, якія ратуюць ад хвароб вуха, горла і носу! Рэкамендую ўсім закусіць галінкамі!
Аліна адламала яловую лапку і, не спыняючы хады, пачала яе жаваць.
Таня адмахнулася ад калючай галінкі і шэптам спыталася ў Дзімы:
— Гэтая Аліна… яна заўсёды такая?
— Я бачу яе трэці раз у жыцці, мы па інтэрнэце перапісваліся.
— І адразу жаніцца?
— Ты нічога не разумееш. Гэта фіктыўны брак.
— Яе не цікавіць, што ў цябе ў душы, ёй патрэбны толькі твой глядкі твар!
— А ты… ты ведаеш, што адбываецца ў мяне ў душы? — Дзіма паглядзеў Тані ў вочы. — Да сённяшняга дня цябе цікавіла толькі маё цела.