— Дык, можа, на першай заправачнай станцыі пазваніць яму і сказаць, каб хутчэй бег на вакзал і вяртаўся ў Мінск?
— Не. У мяне сёння на позні вечар была запланаваная яшчэ адна сустрэча там, у Гомелі. Вельмі важная персона, я на яго доўга палявала, і вось — ён будзе праездам у Гомелі, трэба разам сабрацца, абмеркаваць некаторыя нюансы і падмахнуць паперы.
— Што вы там шэпчацеся? Вы есці хочаце, грыбнікі? Мне жонка паёк у дарогу сабрала! — сказаў вадзіцель. — Яна ў мяне дужа смачна гатуе. Жонка мусіць смачна гатаваць і нараджаць прыгожых дзяцей, інакш на халеру яна трэба? Праўда, хлопец?
Вадзіцель засмяяўся і штурхнуў Дзіму локцем у бок. Дзіма адказаў: «Можа быць, і так», — і ўтаропіўся ў акно, за якім прабягалі куртатыя елачкі і голыя палі. Жніво завяршылася, да азімых было яшчэ далёка, зямля палохала сваёй маркотнай шэрасцю і выглядала так, нібыта яе абакралі. Дзіма таксама адчуваў сябе абкрадзеным, але не таму, што ў яго не было з сабой грошай і мабільнага тэлефона. Яму не хапала сонца і летняе рознакаляровасці. Ён здзіўляўся аптымізму Аліны, якая падпявала песенькам, што даносіліся з магнітолы, і расказвала Тані, якія з гэтых песень былі створаны, запісаны і зведзены ў яе цэнтры ды ў колькі гэта абышлося выканаўцам. Дзіма лавіў краем вуха абрыўкі сказаў:
— А з гэтых я ўвогуле грошай не ўзяла, сказала: хлопцы, разлічыцеся, як станеце знакамітымі, што, канешне, малаверагодна. А вось гэтыя — такія жмінды, за капейку ўдавяцца, таму і працуюць вельмі прафесійна, каб мы на іх памылках не зараблялі! А гэтая паненачка зусім спяваць не ўмее, мы зрабілі восемдзесят тры дублі, уяві сабе! Але ж яна так усміхалася…
— Паслухай, адкуль у табе столькі радасці? — раптам спыталася Таня. — Ты калі-небудзь сумуеш, злуешся, плачаш?
— Толькі калі ніхто не бачыць! Я ж з некаторае пары не маю права на слёзы.
— Чаму?
— Ну, сама падумай: як можа нудны песіміст весяліць людзей? Калі ты ўжо ўзяўся несці людзям святло і радасць — будзь ласкавы, рабі гэта пастаянна, працуй на публіку, не расслабляйся, а то з цябе будуць кпіць, пачнеш выглядаць дурнем! Публіка не даруе двудушнасці.
— Як можа маркотны чалавек радаваць іншых? Правільна: ніяк! — сказала Аліна на чарговым пасяджэнні цэнтра. — Таму пачнем з сябе! На «тры-чатыры»: усе шырока і ветліва ўсміхнуліся, а хто будзе выглядаць найбольш весела і жыццярадасна, таму выпішу прэмію!
Праз пятнаццаць хвілін сядзення з шырокімі і ветлівымі ўсмешкамі, з вачэй Наташы пабеглі буйныя слёзы, а Мікіта прамямліў:
— Аліна, ты дэспат! Ну ладна, Наташа, — яна сакратар, ёй гэта патрэбна, а я ўвогуле рэжысёр, у мяне задача — быць заўсёды суровым, каб выканаўцы слухаліся. Альбо вось Асю вазьмі: нашто аператару ўвесь час лыбіцца? Яе ж з-за камеры не бачна!
Ася згодна заківала галавою, але нічога не змагла сказаць: у яе анямелі сківіцы.
— Мікіта! Што за шапіто? Мы ж забаўляльныя кліпы здымаем, а не палітычныя дэбаты! Вось, бярыце прыклад з Міхала Барысавіча!
Лоер Міхал, і праўда, усміхаўся лёгка і нязмушана: ён прывык усміхацца кліентам, каб тыя больш ахвотна падпісвалі нявыгадныя для сябе дамовы.
— Ага, канешне, яму што? — узвіўся Мікіта. — Я наогул не ведаю людзей больш усмешлівых за юрыстаў і стаматолагаў! Яны аднае пароды і прывыклі карыстацца паслугамі адно аднаго!
Тым не менш, у цудоўнай сіле ўсмешкі ніхто не сумняваўся, і пасля непрацяглых баёў усе супрацоўнікі цэнтра «MoST» навучыліся ззяць, як майскія сонейкі, без асаблівай напругі.
— Няўжо табе і праўда падабаецца пісаць усе гэтыя песенькі? Вершыкі-пацешкі? — ніяк не магла зразумець Таня.
— Так. Я люблю, калі людзі ўсміхаюцца. Мая праца іх радуе. У чалавечым жыцці дужа многа непрадказальных непрыемнасцей, я намагаюся разнастаіць яго прадказальным аптымізмам! Калі жадаеш, каб людзі паводзілі сябе так, як табе хочацца, проста дапамажы ім. Гэй, Мо! Усміхніся мне, Мо, мы едзем у Гомель!
— Я дужа рады, аміга, — адказаў Дзіма. — Але адчуваю сябе так, нібыта на мне лазерны прыцэл.
— А ты што хацеў? Нас ужо, хутчэй за ўсё, пачалі шукаць, і мы яшчэ вінныя пяць мільёнаў еўра, так што… проста ўсміхніся і падумай пра тое, што, можа, гэта першая і апошняя прыгода ў тваім жыцці, так што пастарайся атрымаць асалоду ад кожнага моманту!
Фура заехала на заправачную станцыю. Аліна кулём выкацілася з кабіны, прыхапіўшы нататнік з тэлефонам і Дзіму.
— Ты пойдзеш са мной, таму што, па-першае, мяне там ізноў могуць скрасці, а ў адзіноце сядзець мне будзе сумна, а па-другое, калі нам патрапіцца дзяўчына, угаворваць яе падзяліцца мабільнікам будзеш ты!