Дзяўчына, і праўда, не змагла супраціўляцца Дзімавай абаяльнасці і працягнула, запунсавеўшыся, яму трубку. У той жа момант да Дзімы падляцела Аліна, і, выхапіўшы тэлефон, паспешліва набрала нумар, каб пракрычаць у дынамік:
— Алё? Прыёмная? Наташа, родненькая, гэта Аліна Мікалаеўна тэлефануе! Мікіта Алегавіч дзе-небудзь побач? Не, не трэба клікаць, у мяне зусім мала часу! Перадай яму, каб тэрмінова — чуеш, тэрмінова! — адсылаў машыну ў Гомель, да Міхала Барысавіча! Канешне, з сек’юрыці! І ведаеш што? Прадыктуй мне нумар тэлефона Міхала Барысавіча. Хутчэй, міленькая!
Аліна стаяла, скрыжаваўшы ногі, і малявала ў нататніку вялікі рамонак, падобны на звышновую зорку. Раптам яна ўбачыла за акном, як на запраўку заязджае, пабліскваючы чорнымі бакамі і храміраванымі дыскамі, яе любіменькі «буцэфал». Аліна моўчкі ўшчыкнула Дзіму, той паглядзеў у акно і збляднеў.
— Так-так, Наташа, пішу, пішу… Усё, дзякуй!
Аліна пачала набіраць нумар Мішы.
— Алін, яны сюды ідуць! — захваляваўся Дзіма.
— Бяжы ў прыбіральню!
— Без цябе не пабягу!
— Бяжы, кажу!
— Што юрыст?
— Не адказвае!
Двое адкрылі дзверы. Дзіма схапіў Аліну і пацягнуў у прыбіральню. Аліна войкнула і выпусціла з рукі трубку, якая ўпала і разбілася.
— Куды ў мужчынскі, Мотуз, ты што? У жаночы, туды яны дакладна не пойдуць! — шапнула Аліна.
Дзіма змяніў кірунак і юркнуў у жаночую прыбіральню ды зашчоўкнуў дзверы на шпінгалет. Аліна падбегла да акна. Шыба аказалася забітай цвікамі.
— Нам трэба выбрацца адсюль!
— Нашто? — спытаўся Дзіма. — Хай з’едуць!
— Як нашто? Там мая машыка, мой жалезны каняга, і я не збіраюся пакідаць яго гэтым двум вурдалакам!
— Ну, тады пасунься!
Дзіма ўзяў швабру, што стаяла ў куточку, і тронкам разбіў аконнае шкло.
— Асцярожна, не паранься! — сказаў ён, дапамагаючы Аліне выбрацца на вуліцу. Тая адразу ж кінулася да свайго аўтамабіля, а Дзіма пабег у фуру за Таняй, лямпай і вінчэсцерам.
Як толькі Аліна адкрыла дзверцы, з салона пацягнула яе любімым араматызатарам — і тытунем.
— Мой хлопчык, мой «буцэфальчык»! Яны курылі ў салоне, вось нягоднікі! І нават дзверы не зачынілі! А раптам у цябе хто-небудзь забраўся б? І скраў аптэчку? З ёдам? Як жа я без ёду? Ну, нічога, мы зноўку разам, цяпер я цябе нікому не аддам!
Падбеглі Дзіма з Таняй і заспелі Аліну за пошукамі нечага пад сядзеннем.
— Што ты шукаеш? — спыталася Таня.
— Ключы. Запасныя. Трымаю іх пад сядзеннем на выпадак, калі асноўныя згублю.
— Запасныя ключы — у салоне аўтамабіля? А запасныя ключы ад кватэры ты захоўваеш…
— У кватэры!
— Жаночая логіка, — Дзіма засмяяўся.
— Вось і смейся цяпер, а як не трымала б тут — і ад’ехаць не змаглі б. Вы хоць вадзілу «дзякуй» сказалі?
— Сказалі, не хвалюйся!
— Тады паехалі! — Аліна націснула на газ і стартанула. — Як жа гэта клёва, сябры мае, угнаць ва ўгоншчыкаў свой уласны аўтамабіль! Гэта падобна на тое, як паэт крадзе ў плагіятара свой уласны верш і выдае твор хутчэй за злодзея! Толькі гэтыя злодзеі мой кашалёк умыкнулі, няхай здаровыя будуць!
Аўтамабіль шпарка пакаціўся па трасе, а яго неспакойная ўладарка толькі надбаўляла хуткасць.
— Як думаеш, нас хутка дагоняць? — спытаўся Дзіма, на ўсялякі выпадак прышпіліўся ды заплюшчыў вочы: Аліна ішла на хуткасці сто восемдзесят, каля населеных пунктаў скідаючы яе да ста пяцідзесяці кіламетраў у гадзіну.
— Ну, калі ім дужа патрэбныя грошы — то хутка. У любым выпадку, у нас ёсць невялікая фора. Павернемся ў Гомелі, забяром Міхала — і ў сталіцу.
— А што гэта за чалавек такі важны, з якім ты хочаш пабачыцца?
— Спонсар. Мецэнат. Я шукала спонсара для свайго мюзікла — і знайшла.
— Дзе?
— Дзіма, ты не паверыш: у тым самым кіеўскім нататніку, памятаеш? Успомніла, перагартала, пазваніла. Тады ж мы з дзяўчаткамі проста забаўляліся, але ж, бачыш ты — спатрэбілася. А мае сябры ўсё смяяліся, нашто я старыя нататнікі захоўваю. Дык адзіны запіс можа жыццё ўратаваць!
— І доўга ты яго ўгаворвала падзяліцца?
— Ды паламала галаву, канешне… Абышлося без інтыму, дый сябры дапамаглі… Справа зроблена, засталося толькі паперы падпісаць.
— Цікава, што такога ты яму напляла, якімі філасофскімі гутаркамі пра каханне ды прыгажосць забаўляла?
— Мотуз, пашкадуй мае вушы, якая філасофія? На гэта хіба што ты можаш купіцца, ты яшчэ грашыма не сапсаваны. А там — выключна на ўзроўні «хто, колькі і каму заплоціць».