— Зразумеў.
— Вось такі, Мо, неспакойны лёс! Калі б толькі людзі бачылі, якой крывёю, слязамі і інтрыгамі робяцца радасць ды пазітыў! Калі б яны ведалі, колькі гэта на самай справе каштуе! Якія сцены даводзіцца прабіваць, якія глыбы варочаць?!
— Хай лепш не ведаюць, а то ім не будзе радасна! — падала голас Таня, якая цяпер трымала газнічку і вінчэсцер.
Праз некалькі хвілін Аліна пазмрачнела:
— У нас праблема.
— Што здарылася, аміга мія?
— Дзіўна было б падумаць, што тыя два злыдні заехалі на заправачную станцыю, каб наведаць прыбіральню. Зрабіць свае маленькія і вялікія справы ім нішто не замінала і ў кусціках. На запраўку ездзяць па бензін! Ёлкі-перапёлкі, паліва амаль што на нулі!
— На колькі яшчэ хопіць? — захваляваўся Дзіма.
— Кіламетраў на пятнаццаць, пры добрым раскладзе. Ну што за шапіто, ні капейкі з сабою няма!
Аліна пачала прыкідваць, дзе можна хутка здабыць паліва.
— Можа, прытармазіць, застопіць якога-небудзь вадзілу і папрасіць яго падзяліцца бензінам? — прапанаваў Дзіма.
— Не, не варыянт, — Аліна пашкрэбла нос. — Па-першае, у нас няма часу стаяць на трасе і галасаваць. Па-другое, бак нам усё роўна ніхто не запоўніць, максімум — каб хапіла да першай бензакалонкі. Купляць няма за што. Ну, і па-трэцяе: не забывайцеся, мае любыя, што мы едзем на вялікім дарагім аўтамабілі і нам проста з прынцыпу будуць пляваць на капот: «Вось, народ абкралі, самі ў раскошы жывяце, нічога мы вам не дамо!»
— Што будзем рабіць? — непакоілася Таня.
— Ты патры лямпу, можа, вылеціць джын. А ты, Дзіма, зазірні ў бардачок, там недзе карта аўтамабільных дарог Беларусі валяецца.
Дзіма выняў з бардачка патрапаную, падраную ў некалькіх месцах карту Беларусі і разгарнуў яе. Яму на калені пасыпаўся пыл. Дзіма чхнуў:
— Нашто ты яе трымаеш, усе салідныя людзі даўно на навігатары перайшлі!
— Я не веру ў модныя штучкі, якія адключаюцца пры адсутнасці электрычнасці. Так. Глядзі. Толькі што праехалі ўказальнік. Мы ў сямнаццаці кіламетрах ад Пінска. Далёка да Гомеля?
— Э-ммм… ну яшчэ тры разы, як ад Брэста да Пінска.
— Кепска. Значыць, трэба зарабіць грошай і заправіцца. Карткі няма, пашпарта з сабой няма…
— А я есці хачу! — падала голас Таня.
— Карткі няма, пашпарту няма, і Таня хоча есці. О! Эўрыка! — твар Аліны пасвятлеў. — Мы едзем у Пінск, думаю, дацягнем. Я ведаю там адзін рэстаранчык, называецца «Піна». Пару разоў вячэрала. Харошы, дарагі рэстаран, шчыра кажучы, не ведаю, для каго ён там пабудаваны: мясцовае насельніцтва — яўна не той кантынгент, што будзе наведваць падобныя ўстановы. Дзіма, там, у бардачку, кружэлка. Кінь карту і дастань яе. І паперка такая пакамечаная, пакрэсленая. Во-во, яе таксама вымі. Дыск у магнітолку — і ўключай.
На ўвесь салон загучала бадзёрая папсовая музыка.
— Фу-у, што гэта? — скрывілася Таня.
— Гэта — абсалютна новыя песні, мінусовачкі, мне толькі днямі аранжыроўшчык іх аддаў, каб праслухала. Таня, у цябе памяць добрая?
— Ну… я не скарджуся.
— О! Вось і добра. Бяры паперку. Там тэксты. Вучы на памяць і не бойся, яны лёгкія: я не пішу тэкстаў, якія сама не змагу запомніць.
— Нашто мне іх вучыць?
— Як — нашто? Дзіма казаў, ты няблага спяваеш. Вось прыедзем у Пінск і арганізуем прэм’еру песень. У рэстаране.
— Я не буду спяваць у рэстаране! — завішчала Таня. — Для мяне гэта нізка!
— Ага, а паміраць з голаду ці чакаць, пакуль шпокнуць, для нашай Тані не нізка?
— Я не буду спяваць гэтую лухту! Лепш хай мяне заб’юць.
Аліна ўдарыла па тармазах і павярнулася да Тані:
— Паслухай, дзяўчынка, цябе ніколі не білі па нагах дзеткі багаценькіх бацькоў, калі ты ў касцюме клоўна крыўлялася перад імі на свяце? Ніколі не ратавалася ў касюме Снягуркі ад кампаніі п’яных ідыётаў, якія хацелі цябе згвалціць? Альбо вось у Дзімы спытайся, як за адзін дзень працы грузчыкам ён так пацягнуў спіну, што больш патраціў на лекі, чым зарабіў! А я табе прапаную выйсці на сцэну і за салідныя грошы проста праспяваць. Адзін раз. І ты гэта зробіш, альбо далей пойдзеш пехам, каза цябе забадай!
Аліна пачала шукаць у аптэчцы валідол, але ўспомніла, што той растаў яшчэ ўлетку, гучна прарычала:
— Лічу да трох! Два ўжо было…
— Добра. Я праспяваю гэты шэдэўр у рэстаране, — пагадзілася Таня і пачала завучваць тэксты і музыку.
Заехаўшы ў Пінск, Аліна яшчэ трохі пакружыла па горадзе, пакуль не ўспомніла, дзе знаходзіцца той самы рэстаран «Піна», у якім яна неяк пасля вячэры ў цесным коле сяброў танчыла на стале. Нарэшце рэстаран знайшлі. Аліна прыпаркавала «буцэфала» і загадала Дзіму з Таняй ісці за ёй.