Дзіма паглядзеў на Таню. Таня адвярнулася. Антон узяў у рукі «жучок» і сказаў:
— Дарагая штучка, прафесійная. Я з такімі сустракаўся. Нядаўна прывозіў на продаж аднаму заказчыку. Такія дзіўныя людзі: разлічыліся наяўнымі, усё рабілі праз кур’ераў, кожны раз — новых, проста шпіёнскія страсці! Ну, і што далей?
— А далей — у нас знік з Гомеля лоер. А потым мы прыехалі да цябе, і вось, падаруначак прывезлі!
Аліна ўручыла Антону газнічку і працягнула:
— Антош, у мяне няма такіх грошай, і я хачу жыць! Мне падаецца, што маё жыццё каштуе значна даражэй за пяць «лямаў».
— Гэта праўда, — пагадзіўся Антон. — Але я нічога ні ў Брэст, ні пад Брэст не пастаўляў. Хіба што тыя ж заказчыкі, што бралі ў мяне шпіёнскую тэхніку, закупіліся камп’ютарамі. Мы ім збіралі. Сур’ёзныя машыны, проста звяры!
— Антош, ну, давай хаця б твае хлопцы зірнуць, што на гэтым вінчэсцеры? Можа, гэта нас уратуе!
Антон узяў трубку:
— Марына, запрасіце да мяне Канстанціна і прынясіце, нарэшце, гарбату!
— А можна яшчэ маім пазваніць з твайго тэлефона? А тое ў нас трубкі яшчэ ў лесе адабралі… — папрасіла Аліна.
Пасля нядоўгай, але грунтоўнай гутаркі са сваімі калегамі, Аліна развіталася і задуменна прамовіла:
— У нас дзве навіны. Не ведаю, якая з іх горшая.
— Выкладвай! — Дзіма прысеў на канапку.
— Першая: Мікіта так і не зманціраваў кліп ды яшчэ прызначыў дадатковыя здымкі. І другая: знайшліся пяць мільёнаў еўра. У чамадане. Ніхто не ведае, чые яны. Як да нас патрапілі — таксама невядома. Мае думаюць, што гэта я некага абакрала ці зрабіла «заначку» на чорны дзень.
— У чамадане? — ажывілася Таня.
— Вой, а з чаго ж гэта мы так занепакоіліся? Сядай на канапку і не рабі рэзкіх рухаў, мы спачатку разбяромся з вінчэсцерам, а пасля зоймемся табой. А табе, Дзімачка, рэкамендую сесці побач з Таняй і сачыць, каб яна не пачала збягаць ці забіваць сябе аб сцяну.
У кабінет увайшоў Канстанцін — худы, высокі тып з вачамі, у якіх, здавалася, роўнымі шэрагамі бегалі лічбы і коды. Антон скінуў пінжак, закасаў рукавы — і абодва маладых чалавекі з энтузіязмам узяліся падключаць вінчэсцер да камп’ютара.
Аліна хадзіла кругамі вакол стала і нецярпліва пыталася: «Ну як?», «Ну што?», «Ну, гатова?» Праз некаторы час Косця спытаўся:
— А як гэты вінчэсцер да вас патрапіў?
— Гэта няважна, гісторыя доўгая і дужа непраўдападобная! — адказала Аліна, грэючы рукі кубкам з гарбатаю.
— Проста гэтая цацка пад завязку забіта файламі з невядомым мне расшырэннем, — прамармытаў Антон. — Трэба ўстановачны дыск з праграмай. У нас яго няма.
Аліна накіравала позірк на Таню. Тая надзьмулася:
— Я вам нічога не скажу.
— Гавары, мармышка!
Таня ўскочыла, падбегла да акна, адчыніла яго і сіганула б уніз, калі б Дзіма не паспеў схапіць яе за стан ды адцягнуць у цэнтр пакоя, па дарозе перавярнуўшы фікус і разбіўшы графін, што стаяў на краі стала.
— «Хенэсі», — у скрусе выгукнуў Антон.
— У цябе быў «Хенэсі», а ты мне не прапанаваў? — уз’юшылася Аліна, але яе ўвагу зноў прыцягнула Таня, якая ўпіралася, малаціла нагамі ў паветры, крычала і патрабавала, каб яе тэрмінова адпусцілі. Антон і Косця кінуліся дапамагаць Дзіму: таму яўна не ставала спрыту і досведу, каб цалкам абезрухоміць раз’ятраную дзяўчыну.
Зазірнула перапалоханая сакратарка. Аліна весела ўсміхнулася:
— Рэпеціруем, Марыначка!
Тая спагадліва кіўнула:
— Аліна Мікалаеўна, вы, як заўсёды, у творчым працэсе. Яшчэ гарбаткі прынесці?
— Не, не трэба, але калі ёсць што-небудзь супакаяльнае, то нам не зашкодзіць.
Марына пашукала ў сябе ў шафцы і знайшла настойку пустырніку. Аліна схапіла флакончык і скамандавала:
— Хлопчыкі, трымайце нашую мармышку крапчэй. Дзіма, адкрый ёй рот, будзем лекаваць нервачкі, а то пагульваюць, пагульваюць!
Пасля таго як тое, што знаходзілася ў пляшачцы, перамясцілася часткова на дыван, часткова Тані ў рот, яна зачмыхала, але стала значна спакайнейшая. Аліна, назіраючы такую выдатную метамарфозу, задаволена прачырыкала:
— Ну вось, зусім іншая справа. А то адразу — у акно! Не птушка, не ўзляціш, паверх — другі, не заб’ешся, толькі ногі паламаеш, балець будуць на змену надвор’я. Давай, расказвай.
— Не буду. Не скажу, — упарцілася Таня. — Хоць літр лекаў у мяне ўліце — не скажу!
— Ну, ты сама напрасілася. Іду на крайнія меры!
— Будзеш біць? Бі! — закрычала Таня і паспрабавала штурхануць Аліну нагой.
— Крый мяне Божа, што ты? Я падобная на члена байцоўскага клуба? Я крыві баюся. Хлопцы, распранайце яе.