Таня расплакалася.
— Таня, а ты чаму мне нічога пра групу не расказала? — спытаўся Дзіма.
— Хацела сюрпрыз табе зрабіць, адразу кліп паказаць…
— Сюрпрыз атрымаўся. Малайчына! Можна мне цыгарэтку?
Антон працягнуў пачак Дзіму і зацягнуўся сам:
— Прывыкай, мой юны сябар. Калі жанчына кажа, што хоча зрабіць табе сюрпрыз, трэба быць гатовым да таго, што яе давядзецца ратаваць. Усе жанчыны свету ў змове, прычым кожная — супраць сябе самой.
У кабінеце павісла цішыня, якая раз-пораз перарывалася рэдкімі ўсхліпамі Тані. Дзіма і Антон курылі, Косця клацаў па клавішах у надзеі разгадаць, што за інфармацыя захоўваецца на трафейным дыску.
— Дык скажыце мне, — парушыла цішыню Аліна, — з якога перапуду трэба было мяне везці халера ведае куды і замыкаць у хацінцы — увага! — з відэакамерамі! Гэта ж абсурд.
— Хутчэй за ўсё з той прычыны, што цябе там было б складана знайсці, — прамовіў Антон і строс попел у аскепак графіна. — У цябе спачатку доўга выпытвалі б, што ты ведаеш, потым прапанавалі б супрацоўнічаць, а калі б ты адмовілася, запусцілі б у логава вераломнага спакушальніка, і ты б спакусілася, і цябе шантажыравалі б відэазапісам!
— Нам трэба туды вярнуцца! — заявіла Аліна. — Усім.
Дзіма выпусціў з рукі цыгарэту, а Таня пачала гучна ікаць.
— Нашто? — Антон загасіў недакурак.
— Хачу даведацца, што каардынуюць у тым каардынацыйным цэнтры!
— Ты вар’ятка, — выгукнуў Дзіма, — нас жа прыстрэляць!
— Дзіма, нас усё роўна прыстрэляць, паедзем мы туды ці не паедзем, — Аліна прысела побач з Таняй. — Другі бок слушна мяркуе, што мы ўжо дабраліся да інфармацыі, якая захоўваецца на гэтым вінчэсцеры. Супрацоўнічаць мы з імі дакладна не зможам — у нас такая сфера дзейнасці, што мы заўсёды пад аб’ектывамі. Застаецца толькі выкрыць іх групоўку: так ёсць шанец, што нас абароніць дзяржава, хоць і вельмі мізэрны.
— Я не хачу паміраць! — Таня ікнула і зайшлася слязьмі.
— І я не хачу, — уздыхнула Аліна, пагладзіўшы Таню па спіне. — У мяне планы на зіму. Думаю, ёсць сэнс заехаць у цэнтр і паглядзець на чамадан з грашыма.
Адчыніліся дзверы, зазірнула Марына:
— Нешта ў вас ціха. Скончылі рэпеціраваць?
— Так, Марына, арганізуйце нам каву! — распарадзіўся Антон.
— Будзе зроблена. Антон Аляксеевіч, да вас Ганна Міхайлаўна прыйшла.
— Ганначка? Хай заходзіць! Ганначка — мая нявеста! — патлумачыў Антон.
— Віншую. А калі вяселле? — спыталася Аліна.
— Увесну!
У кабінет увайшла Ганна Міхайлаўна. Аліна расквітнела, як вішня ў маі, і кінулася ёй на шыю:
— Ганна! Ганначка Міхайлаўна! Сто год цябе не бачыла! Ты як сюды патрапіла?
Ганна таксама заўсміхалася:
— Пасля ўніверсітэту размеркавалася!
— Дык чаго ж ты маўчала?
— Не, гэта ж ты маўчала! А цяпер усіх прымусіла перабаяцца! Ты ведаеш, што мяне твой Мікіта вызваніў?
— Чаму гэта — «мой»? Ён агульны!
— Ладна-ладна! — Ганна сціснула Аліну ў абдымках. — Ты дзе была?
— Доўга расказваць, трэба паказваць. А міндаль на фоташпалерах — твая прыдумка?
— Так. З’едзіла нядаўна на гістарычную радзіму, у Ізраіль, адтуль прывезла!
— Па гіюр ездзіла?
— Не, яшчэ пакуль не па гіюр, — прашаптала Ганна. — Яшчэ вагаюся, бо не ведаю, як абгіюрыць Антона. У яго, ты разумееш, адна рэлігія — бізнес.
— Я веру: ты нештачка прыдумаеш. Ты бываеш настолькі пераканаўчай, што нават я ледзьве не прыняла гіюр, памятаеш?
— А як жа!
Мужчыны моўчкі назіралі, як дзве шчаслівыя дзяўчыныы абдымаюцца на фоне трэцяй, а яшчэ адна расліна ціхенька ікае на сафе. Антон паглядзеў на лужыну «Хенэсі», што ўсмакталася ў дыван ды разлівала па пакоі спакуслівы водар, і сказаў:
— Хлопцы, тут адбываецца нешта неверагоднае. Прапаную выпіць, каб зняць стрэс.
— Э-э, ты што мне абяцаў? — Ганна паказала Антону кулак. — Дакранаешся да спіртнога, толькі каб працерці кантакты ваткай!
— А давайце ўсе вып’ем! — прапанавала Аліна. — За сустрэчу, за вашае будучае вяселле… і за нашае таксама!
— Вашае? Ты замуж выходзіш? — здзівілася Ганна.
— Так. Я сёння зрабіла Мотузу афіцыйную прапанову!
— Мотузу? Усё-ткі зрабіла! А я яшчэ падумала: з чаго яна ў Дружны паляцела, як той шпак вясновы?
— Да мяне, да мяне! — сказаў Дзіма.
Ганна нарэшце заўважыла яго і здзівілася яшчэ больш:
— Нічога сабе ў вас тут тусня! А ты, Мотуз, усё прыгажэеш. Хто цябе пабіў?
— Гэта я сам сябе пабіў, каб не быць такім прыгожым.
Антон дастаў з шафы бутэльку віскі.