— А што — «хопіць»? Ну, што? Што я сказала не так? Мужчыны павінны зарабляць мужчынскай працай і выглядаць па-мужчынску, у нас заўсёды так было, толькі ты адзін падаўся ў менеджары ды чуб абстрыг набок, мне перад сябрамі і сяброўкамі сорамна, усе з мяне смяюцца, кажуць, што мой брат — гомік!
— Юля! — закрычаў Дзіма і запусціў у сястру магніцік з халадзільніка.
— Ага, магнітамі кідаешся, і ўніверсітэт кідаць збіраешся, у цябе будзе цяпер мянушка — «Кідалава!» — крыкнула Юля і знікла ў паўзмрочных нетрах кватэры.
— Кідаць універсітэт? — Аліна схапіла са стала чайную лыжачку і кінула яе ў Дзіму. — Я гляджу, у вас тут модна кідацца рознымі рэчамі, дык і я таксама дазволю сабе! Паслухай мяне! Невукі яшчэ ніколі не прыносілі карысці чалавецтву, яны станавіліся толькі гарматным мясам падчас войнаў і рэвалюцый! Ну, а мне невук зусім без патрэбы. З табой жа і пагаварыць не будзе пра што!
Дзіма нахіліўся, чайная лыжачка адрыкашэціла ад кафельнай сцяны і ўпала ў ракавіну. Юля пракрычала, заглушаючы тэлевізар:
— Ён нават не хоча запісвацца ў аўташколу — баіцца, што мы яго зробім «вадзілам»!
Дзіма зачыніў дзверы кухні на зашчапку.
Аліна паказытала гаршчок з «сукуленцікам» вялікім пальцам правай нагі, а левай зноў уключыла электрачайнік, што стаяў на стале:
— Вось як. Не хочаш у аўташколу? Ідзеш супраць волі бацькоў? А-я-яй, ганьба табе!
— Не, аміга міа, я вельмі паважаю сваіх бацькоў. Проста Юля хоча, каб у мяне з’явілася машына — яна б тады брала яе пакатацца.
— А чаму Юля сама не здасць на правы?
— Ды ўжо здала, але машыны ў дасягальнай будучыні яна не дачакаецца.
— Гэта яшчэ чаму?
— Бацька кажа, што жанчына за рулём — гэта смяротніца. Ён, калі даведаўся, што Юля запісалася ў аўташколу, два тыдні з ёй не размаўляў. І з мамай, бо тая грошы дала. А што ж рабіць, грошы цяпер не вернеш…
— Як я зразумела, ты хочаш зберагчы жыццё і здароўе сястрычкі, адмовіўшыся ад аўтамабіля? Дзіўны метад. Але ў нечым ты маеш рацыю, - Аліна ўспомніла, як дабіралася да Дружнага, і сэрца пахаладзела. — Мусіць, твой бацька мяркуе слушна. Я сама б ніколі не села за руль, калі б жыццё не прымусіла.
— Ты за рулём? — здзівіўся Дзіма.
— Вызірні ў акенца. Там б’е капытом мой жалезны конь!
Дзіма падышоў да акна, пасунуў трускалкаа-яблычную фіранку і прысвіснуў, кінуўшы пагляд на аўтамабіль Аліны:
— Ого, нішто сабе! Які велізарны! Як ты з ім упраўляешся?
— Я, даражэнькі, упраўляюся з цэлым прадзюсарскім цэнтрам, так што мой «буцэфал» — гэта кветачкі.
— «Буцэфал»? Гэта марка?
— Не-е, гэта мянушка.
Загрымелі металам ключы, у вітальню ўвайшлі Мотузы-старэйшыя і ўнеслі некалькі трубак шпалер, вядзерца з фарбай і кавун. Дзіма выбег з кухні і прашаптаў Юлі, што павісла на шыі ў маці:
— Ты б Алініны падарункі запхнула пад ложак, а то мала ці што…
Калі Дзімавы бацькі зайшлі ў кухню, Аліна прыбрала ногі з падаконня, устала, шырока ўсміхнулася два тыдні таму адбеленай усмешкай і гучна павіталася:
— Добрай раніцы!
Дзіма расквітнеў ад штучнай радасці і весела прамовіў:
— Тата-мама, знаёмцеся, гэта Аліна!
— Аліна? — здзівілася мама. — Пра Аліну ты нічога не казаў.
— Ён проста не ведаў, з чаго пачаць! — сказала Аліна і зняла з падножкі электрачайнік, што паспеў закіпець, і заліла растваральную каву ў кубачак, знойдзены ў шафцы над мыйкай.
— А вы даўно сябруеце? — спыталася мама.
— Хутка будзе год. Праўда, за гэты час бачыліся ўсяго тры разы, у асноўным перапісваемся па інтэрнэце. Але ж сяброўства вымяраецца не піва-гадзінамі, праведзенымі ў парку на парэнчах, вы не знаходзіце? Хочаце кавы?
Аліна ў любым памяшканні вельмі хутка асвойвалася і пачынала адчуваць сябе гаспадыняй: частыя пераезды прывучылі яе лічыць сваім жытлом любое месца, дзе ёсць спраўныя чайнік і санвузел.
— Так, мажліва… — адказала Дзімава маці адначасова на два пытанні і асцярожна апусцілася на стул, паправіўшы валасы, пафарбаваныя ў няпэўна-каштанавы колер дастаткова, каб забіць сівізну, але недастаткова, каб упрыгожыць жанчыну.
Аліна выцягнула з шафкі яшчэ два кубкі, абдала кіпнем і насыпала ў іх кававую субстанцыю — без дапамогі лыжачкі, на вока, адразу з бляшанкі. Гэта была не тая кава, якую трэба вымяраць лыжачкамі, каб цябе не назвалі марнатраўцай.
Маці Дзімы спыталася:
— А вы ў Дружным жывяце?
— Не, я з Мінска, хаця… ведаеце, дужа складана сказаць, дзе я жыву, прасцей — дзе я раз-пораз бываю. Сёння, напрыклад, прыехала з Гомеля. На мінулым тыдні была ў Маскве. А заўтра скокну на свайго «буцэфала» і накіруюся ў Кіеў.