— Ту-ман я-арам… ту-ман да-лі-но-о-ю-у-у…
Ганначка і Таня пачалі падпяваць.
Мікіта шапнуў Наташы:
— Хутчэй апранай Таню ў касцюм анёла, а то яна ўпадзе і засне, а следам зваліцца нашая Аліна Мікалаеўна!
Аліна ўхапілася за Мікіту:
— Двоечнік, хутчэй заканчвай здымкі, у нас яшчэ ёсць адна тэрміновая справа недалёка ад Брэста.
— Табе трэба выспацца!
— У машыне выспімся. Усе. Дарэчы, дзе той самы чамаданчык?! Хачу паглядзець на яго і на грошы, — Аліна азірнулася і заўважыла сем чамаданаў, што стаялі роўным шэрагам каля сцяны. — О, чамаданы прывезлі!
— Дарэчы, тут калектыў цікавіцца, навошта нам столькі чамаданаў? — спытаў Мікіта.
— А-а! Дык гэта я ў гонар заканчэння работы над праектам прэмірую вас паездкай у Намібію і дару кожнаму па чамадане! З кракадзілавай скуры, заўважце, бо я не жмот. Заўсёды марыла пра чамадан з кракадзілавай скуры… А ў нас жа сацыялізм у цэнтры: пра што мару я, пра тое мусіце марыць і вы! А вы іх адкрывалі? Можа, там таксама грошы і мы цяпер мульцімільянеры?
Мікіта прыкрыў Аліне рот далонню і пацягнуў яе ў касцюмерную. За імі накіравалася і ўся падпітая кампанія. На лесвіцы яны сустрэлі Яначку, што некалькі гадзін сядзела над дакументамі і правярала пераклады. Яна ўвесь час пацягвала гарбату, у якую Наташа клапатліва дабаўляла бальзам. Шчокі Яны ўжо былі ярка-чырвоныя, а вочы — надзвычай гарэзлівыя. Яначка абняла Аліну:
— У паперах усё правільна. Каня мне варанога і лук са стрэламі, я прымыкаю да вашага войска!
Антон адкрыў чамадан. Усе ахнулі:
— Ого!
— Не такая ўжо і вялікая сума. Значна цікавей, чаму налікам і ў чамадане, — сказаў Косця.
— Хабар прасцей даць наяўнымі, чым перавесці на рахунак: усе пераводы пільна адсочваюцца і фіксуюцца, — патлумачыў Антон.
— А чамадан які шыкоўны! — Ганна правяла па ўнутранай абіўцы накрыўкі і войкнула, зачапіўшыся за тканіну залатой бранзалеткай.
Абіўка адарвалася, і з-за яе вывалілася кружэлка без апазнавальных знакаў.
— О, дыск! Глядзіце! Цікава, што на ім — музыка альбо кіно «тры іксы»? — спыталася Аліна, якая чэпка трымалася за Мікіту, каб не ўпасці.
— Трэба праверыць. Там можа быць усё што заўгодна. Ёсць свабодны камп’ютар? — Антон узяў кружэлку.
— Камп’ютар ёсць — часу няма. Пакідаць тут грошы небяспечна, за намі ў любы момант могуць прыехаць.
Аліна рассмяялася, успомніўшы, што з каляднага часу ў касцюмернай мусіў захавацца дужа цікавы рэквізіт. Потым яна папрасіла Мікіту патрымаць драбіну, ускараскалася на верхатуру ды сцягнула з паліцы чырвоны дзедмарозаўскі мех. Перавярнуўшы яго, яна высыпала на падлогу цэлы стос пачак еўра і загадала:
— Фальшыўкі — у чамадан, грошы — у мех. Мех — у «Тэхноладжы прайм», чамадан — у бункер. Мікіта, скажы Асі, каб збірала тэхніку: хай возьме з сабою камеру і святло. Мы выязджаем.
— Куды?
— Канцавая мэта — бункер пад Брэстам.
— А камера нашто?
— Будзем здымаць дакументальнае кіно.
— А як жа кліп? — занерваваўся Мікіта. — У мяне музыкі ў павільёне і коні на двары…
Аліна схапілася за сэрца:
— Якія коні?
— Ну, як… будучыя адзінарогі. Я выпісаў коней для здымак. Белых. Ледзьве знайшоў!
— Дзе яны?
— У гаражы.
— Мікіта! Ты загоніш мяне ў дамавіну! Завязвай са сваімі барабанамі, адбарабаніў сабе апошні розум! Гэта ж трэба — ператварыць прадзюсарскі цэнтр у стайню! Ты б яшчэ тут свінаферму арганізаваў ці аўчарню! — Аліна звярнулася да Наташы. — Наташа, пакажы мне каштарыс гэтага роліка.
Наташа выцягнула з чырвонай папкі, якую паўсюль насіла з сабой, каштарыс на дванаццаці аркушах. Аліна прагартала паперы:
— Так… так… дэкарацыі, бутафорыя, касцюм Анёла… кава, цукар. Авёс. Авёс?
— Авёс, — кіўнуў Мікіта. — Коням трэба харчавацца.
— А гэта што? Гунькі — восем штук?
— Гунькі, — зноў пацвердзіў Мікіта пункт у каштарысе. — Той, хто працуе як конь, мае права на порцыю аўса і цёплую гуньку!
— Я на цябе самога гуньку нацягну! Гэта ж трэба — адвярнулася на пару тыдняў, ажно каштарыс вырас утрая! Як гэта ты коней у гатэлі не пасяліў, га?
Аліна кінула каштарыс Наташы.
— Едзем. У нас няма часу разбірацца ў гэтай блытаніне з коней і гунек. Застанемся жывыя — заўтра пагаворым.
Ад цэнтра ад’ехалі пяць аўтамабіляў. Аліна забрала з сабою ўсіх ахоўнікаў, пакінуўшы будынак пад прыдгляд вахцёршы-пенсіянеркі Клаўдзіі Сцяпанаўны ды папярэдзіўшы тую, каб яна ні ў якім выпадку не выпускала з замкнёнага павільёна музыкаў.
Клаўдзія Сцяпанаўна прайшлася па апусцелых калідорах, праверыла, ці зачыненыя вокны ў кабінетах: уначы ізноў абяцалі дождж. Пасля жанчына вярнулася на пост, заварыла сабе гарбату з чаборам, які сама збірала ўлетку, начапіла акуляры ў чорнай аправе і пачала вывучаць часопіс «Зёлкі Беларусі».