Праз некалькі хвілін у дзверы загрукаталі. Клаўдзія Сцяпанаўна вызірнула ў дзяжурнае акенца. Мужчына спытаўся:
— Дзе дырэктар?
— Малады чалавек, вас, напэўна, дзікі ў лесе расцілі, што вы не ўмееце вітацца? — адказала Клаўдзія Сцяпанаўна — яна да сыходу на пенсію працавала настаўніцай у пачатковых класах.
— Прабачце. Вітаю. Дык дзе дырэктар?
— А нікога няма! Усе з’ехалі.
— Куды?
— Не ведаю.
— Чамадан з сабой неслі?
— Неслі, ды не адзін, а восем. Дырэктар сказала, што ўвесь калектыў цэнтра трымае шлях у Намібію, што вернуцца яны не хутчэй як праз месяц і каб іх ніхто не шукаў па тэлефонах.
Мужчына сеў у аўтамабіль і з’ехаў.
— Нявыхаваны, дзікі тып! — Клаўдзія Сцяпанаўна зачыніла акенца і вярнулася да «Зёлак Беларусі», каб дачытаць старажытнаславянскі рэцэпт пазбаўлення ад завусенцаў.
— Перадайце вашай дырэктарцы, што яна — жмурык! — пачуў Мікіта ў трубцы.
— Амаль што так яно і ёсць, — адказаў той і паглядзеў на Аліну, якая пад шоргат колаў спала на ягоным плячы, абхапіўшы рукамі чамадан з фальшыўкамі.
— Я сур’ёзна! Дабярэмся да вас — перастраляем усіх!
— Ой, перастраляйце, мы хоць адпачнём! — сказаў Мікіта і адключыў тэлефон.
Аліна сніла нешта такое, ад чаго паміж яе броваў прарэзалася зморшчынка. Мікіта даўно заўважыў: яна пачала з’яўляцца на твары Аліны, калі ёй споўнілася дваццаць пяць гадоў.
Мікіта ведаў Аліну з самага дзяцінства — і ведаў не такой, якой звыклі бачыць астатнія. Проста Мікіта быў яе сябрам. Для прыяцеляў і першых сустрэчных у Аліны заўсёды меўся ў запасе міні-спектакль альбо максі-падарунак. Да Мікіты яна прыходзіла іншай.
Сціскала вушак так, што костачкі пальцаў бялелі. Моўчкі пераступала парог. Павольна апускалася на пуфік у вітальні, марудна здымала абутак, расцірала ступакі — яны ўвесь час гарэлі ад пастаяннай мітусні. Размотвала бясконцую шаль. Выключала мабільны. Вінавата ўсміхалася і гаварыла: «Завары мне гарбату… я так стамілася!» Глытала пігулкі. Тахікардыя, дыстанія, высокая тэмпература — заўсёды. Сядала за стол каля акна. Выключалася, нібы нехта нябачны павярнуў тумблер, які адказвае за энергічнасць. Маўчала. Пасля цяжка ўздыхала: «Мікіта, давай яшчэ разок з табой праверым, ці не ўпусціла я чаго?»
Яны ўспаміналі разам. Пілі гарбату. Аліна — з малаком. Мікіта вымаў з лядоўні шакаладку «Алёнка». Аліна чакала, пакуль ён, не развярнуўшы фольгу, паламае плітку і пасуне да яе. Тады яна адкрывала ласунак і пачынала боўтаць пад сталом правай нагой.
Ёй заўсёды было дзесяць гадоў. Яна вельмі баялася холаду, цемры і жабак. Яна любіла сядзець у цішыні і рабіць папяровыя караблікі. Яна хавала блізарукасць пад кантактнымі лінзамі. Асцерагалася мужчын, бо верыла, што яны прыносяць толькі боль, і таму навучылася забіваць адносіны — з аднаго слова.
Аліна не ўмела плаваць і ніколі не бачыла мора.
Мікіта заўсёды быў яе сябрам.
Аліна пачасала за вушкам і ўтыкнулася носам у Мікітава плячо. Ёй сніліся брыганціны пад белымі ветразямі. Дзяўчына спала вельмі моцна: не чула, як па дарозе да бункера завязалася перастрэлка і хлопцы нечакана для сябе пусцілі ў кювет тры джыпы, пад завязку ўзброенымі да зубоў мужчынамі.
— Тут трэба звярнуць! — сказаў Дзіма вадзіцелю. Ён ехаў у галоўнай машыне і паказваў дарогу. Досвед падарожжаў аўтастопам не знік бясследна: Дзіма навучыўся дакладна запамінаць арыенціры на мясцовасці, нават калі гэтымі арыенцірамі былі самыя простыя, нічым не адметныя кусты. — Цяпер тут, па каляіне, прама, прама, да палянкі… Усё, прыехалі! Прачынайцеся, суркі!
Таня і Косця, якія спалі на заднім сядзенні, неахвотна адплюшчылі вочы.
Аліна таксама прачнулася — ад таго, што аўтамабіль спыніўся. Яна паглядзела на Мікіту і спыталася:
— Дабраліся? Усё ціха?
— Як быццам, — адказаў ён і паправіў Алініну прычоску.
— Тады бярыце ліхтары, камеру, акумулятары, што там яшчэ… — Аліна пазяхнула і выбралася з салона, хутаючыся ў шырокі чорны плашч, пазычаны ў касцюмернай: нічога больш прыстойнага і цёплага там не знайшлося. Сама яна не выпускала з рук чамадан з фальшывымі грашыма.
— Вадзіцелі ўсе ўзброеныя? Аўтамабілі пакінем тут, ахова пойдзе з намі, — сказаў Антон.
— Пачакайце крыху! — Ганначка выцягнула з-пад палатак і гітары паходную аптэчку. — У гэтай ролевай гульні я буду санітаркай!