— Прабачце… Буцэфал — гэта вашую кГаннашку так завуць? Верхавой яздой займаецеся? Спартсменка? — перапытаўся Дзімаў бацька і пашкроб патыліцу.
— Буцэфал — гэта мой аўтамабіль, — адказала Аліна і раптам успомніла, што пакінула ў багажніку самы галоўны рэквізіт вечара. — Я хутка вярнуся, літаральна хвілінку пачакайце, калі ласка!
— Ну, цяпер мы ўжо нікуды ад вас не падзенемся! — прамовіў бацька і сеў за стол побач з матуляй.
Аліна спусцілася ўніз, паставіла цагліну ў праёме дзвярэй пад’езда, каб тыя не зачыніліся, потым падышла да аўтамабіля, адкрыла багажнік і выграбла адтуль букет руж ды тры каробачкі.
У вітальні яна сутыкнулася з Дзімам, які стаяў з фенам у руках і глядзеў праз вялікае люстра некуды ўдалеч, нібы намагаўся спасцігнуць тайну чацвёртага вымярэння. Аліна прамуркатала:
— Ты нават не ўяўляеш сабе, як табе пашанцавала, што я сёння прыехала! Можаш лічыць, што ты выцягнуў шчаслівы білет!
Зноўку апынуўшыся ў кухні, дзе Мотузы-старэйшыя сядзелі, як стоды, Аліна ўручыла ружы матулі, а каробачкі — бацьку:
— Трымайце, калі ласка, кветкі і духі — гаспадыні, сувеніры — гаспадару, там кубінскія цыгары і два гальштукі ад Кардэна.
Маці ўстала, каб прыняць букет, са словамі:
— Дзякуй! Якая прыгажосць, у вас выдатны густ!
Аліна не стала казаць Дзімавай маме, што на самай справе выдатны густ не ў яе, а ў дзяўчыны-сакратаркі, якая ўчора ўручыла гэтыя ружы Аліне на прэзентацыі ў Гомелі. Аліна не любіла кветкі, таму па заканчэнні прэзентацыі букет быў засунуты ў багажнік, дзе і праляжаў да сённяшняга дня разам з таксама кімсьці падоранымі духамі, цыгарамі і гальштукамі, што валяліся там ці не паўгода — Аліна не курыла і гальштукі не насіла, бо задыхалася, калі нешта сціскала ёй шыю. Да вялікага гонару дзяўчыны-сакратаркі, ружы аказаліся свежыя і вытрымалі суткі ў багажніку, не страціўшы прывабнасці і водару.
Маці ўсунула нос у кветкі з пяшчотным выразам твару, бацька прынюхаўся да цыгар: ён дужа любіў добры тытунь.
— Якая раскоша! Сапраўдныя кубінскія? — спытаўся ён.
— Так, параходам адтуль да вас прыплылі! — адказала Аліна.
— Мусіць, дужа дарагія?
— Не думайце пра гэта.
— Які водар! Смаката смакоцкая! — захапляўся бацька.
— А гальштукі, ты паглядзі! Будзе табе ў чым хадзіць са мной на юбілеі да сябровак! — парадавалася маці. — А я новымі духамі пахвалюся. Французскія?
— Так! — кіўнула Аліна.
Яна ведала, што добрыя водары зачароўваюць людзей і робяць іх лагоднымі, таму нават сваіх сяброў і супрацоўнікаў часта радавала французскімі духамі ці індыйскімі алеямі. Спецыяльна падбірала супакойваючыя пахі, бо ведала, што, каб весці з ёй справы, людзям патрэбны жалезныя нервы і «кадэбэшная» вытрымка.
Аліна прысела на стул, абхапіла свой кубачак рукой, укінула ў яго кавалачак рафінаду і размяшала каву так, што лыжачка ніводнага разу не дакранулася да фаянсу. Потым Аліна прамовіла:
— А я да вас не проста так, а з сур’ёзнай просьбай.
— Прасіце, — сказала ў букет Дзімава маці.
— Я прашу рукі вашага сына, яна мне дужа патрэбна! — абвясціла Аліна і глытнула кавы.
Дзімавы бацькі прыселі, нібыта па іх нагах прайшлася газонакасілка.
— У вас будзе дзіця? — ціха спыталася мама, і на яе твары адбілася: «Не-не-не, ніякіх дзяцей, не-не-не, толькі не цяпер, я яшчэ дужа маладая, каб звацца бабуляй…»
— Не! — паспяшалася адказаць Аліна. — Рана яшчэ. Дзіме патрэбна давучыцца, а пасля — будзем глядзець. Толькі вы не хвалюйцеся, у яго ўсё будзе. Жыць пераедзе да мяне ў Мінск, калі трэба, я яго на тэлебачанне ўладкую, якую-небудзь перадачку весці!
Дзімава маці пацалавала залаты крыжык, які боўтаўся ў яе на шыі, а бацька сказаў:
— Ведаеце, паненачка, я крыху па-іншаму ўяўляў сватанне свайго сына. На вашым месцы мусіў быць я.
— Вось бачыце, як я вам спрасціла задачу! — усміхнулася Аліна.
— Дзіма! — крыкнуў бацька і накіраваўся з кухні ў вітальню, расплікваючы рэмень з армейскай зоркай на бляшцы.
З вітальні пачуліся некалькі пляскачоў і прыглушаная, таму неразборлівая размова, потым бацька вярнуўся і прысеў на стул.
— Ну, чаго ты там топчашся, хадзі сюды давай! — паклікаў ён, і праз дзве хвіліны ў кухню ўвайшоў, паціраючы мяккае месца, Дзіма з недасушанымі валасамі.
З вуліцы данесліся спевы.
— О, а я думала, што яны не паспеюць! — узрадавалася Аліна. — Ведаеце, у мяне зусім няма часу на рамантыку і хаджэнні пад маладзіком, таму для вашага сына — для цябе, Дзіма! — прагучыць прыгожая песня ў выкананні групы «Фармалін». Такія пекныя паненкі, і спяваюць выдатна.