— А чаму — «Фармалін»? — не зразумеў Дзіма.
— У іх па целе столькі пластыкі, што яны цяпер мусяць захавацца, як у фармаліне, яшчэ шмат гадоў пасля смерці. Толькі ты ім не гавары, што я так казала, а то пакрыўдзяцца: яны думаюць, што «фармалін» — гэта «прыгожая кветка» па-кітайску.
«Пекныя паненкі» зайгралі на гітары ды маракасах і заспявалі, праз некалькі хвілін сабраўшы вакол сябе нямала слухачоў, сярод якіх было некалькі пенсіянераў-ветэранаў, матулькі з каляскамі, водаправодчык і дзве дваровыя коткі.
— А пакуль дзяўчаты спяваюць, у мэтах эканоміі часу прапаную працягнуць нашыя перамовы, — працягвала Аліна.
— Якія перамовы? — не зразумеў Дзіма.
Маці паглядзела на сына і прашаптала:
— Пакуль ты перад сваім люстэркам сушыш зубы і губы, мы цябе… замуж выдаем!
Дзіма моўчкі сеў за стол.
— Вы кахаеце нашага хлопчыка? — спыталася матуля ў Аліны.
— Я люблю прыгожыя рэчы і прыгожых людзей. Дзіма прыгожы, увесь у матулю. І мужны — у бацьку. Ён вельмі ўпрыгожыць маё жыццё. А я ператвару яго жыццё ў сапраўдны феерверк!
— У сэнсе — Дзіма ўзляціць у неба з зарадам у дупе? — пацікавіўся бацька.
— Не, у сэнсе — ён не будзе ведаць смутку. Хаця, калі Дзіма адмовіцца, не выключаны і ваш варыянт развіцця падзей!
— А скажыце, часта вы за мяжой бываеце, у Еўропе?
— Часцей, чым дыхаю. Там у мяне шмат спраў. Можа, вам што-небудзь патрэбна? У мяне ёсць сябры ў нямецкіх і італьянскіх аўтасалонах… — як бы між іншым прамовіла Аліна і насыпала сабе ў кубак яшчэ адну порцыю кавы.
— Калі Дзіма адмовіцца, я сам падпалю бікфордаў шнур, — рэзюміраваў бацька і яшчэ раз панюхаў цыгары.
— Вось і добра. Дзякуй, дзяўчаты! — закрычала Аліна, якая адкрыла акно і ўпусціла ў кватэру восеньскую вільгаць. «Фармалін» пакланіўся і знік у тым жа невядомым напрамку, адкуль і з’явіўся на двары.
— Прабачце за такое недалікатнае пытанне… а колькі ж вам гадоў? — спыталася Дзімава маці.
— Чаму ж недалікатнае? Недалікатна пытацца ў чалавека, які хварэе на гемарой, ці не балюча яму сядзець, — сказала Аліна, і Дзімаў тата апусціў вочы. — Мне дваццаць пяць гадоў.
Маці склала рукі ў малітоўнай позе:
— А Дзімку ўсяго дваццаць, ён яшчэ такі маленькі!
— Нічога. Усе мы былі маладымі, гэта як насмарк — само праходзіць, — Дзімаў бацька ўзяў жонку за локаць.
— Ведаеце, калі б мне пяць гадоў таму прапанавалі тое, што я прапаноўваю Дзіму цяпер, я б, на мой сённяшні розум, не стала доўга разважаць і зберагла б шмат часу, здароўя і нерваў, — уздыхнула Аліна і паглядзела ў неба. Там вісела непраглядная кудлатая восеньская шэрань. Аліне зрабілася сумна і, нягледзячы на выпітую каву, захацелася спаць.
— А калі вяселле плануеце… вы? — звярнуўся Дзімаў бацька да Аліны.
— Праз два-тры тыдні, недзе каля таго, так, Дзіма? — перапыталася Аліна. Хлопец збянтэжыўся, паглядзеў на яе, зразумеў, што наконт феерверка яна не пажартавала, і ціха адказаў:
— Так…
— Цудоўна! — узрадавалася Аліна. — Я гляджу, вы рамонт вырашылі зрабіць?
— Так, — паспяшалася пахваліцца маці. — Вось, нават шпалеры набылі, клеіць збіраліся. Прыгожанькія, сама выбірала!
З вітальні, дзе Юля зашамацела шпалерамі, пачулася гучнаае:
— Ма-ам! Я нешта не зразумела — а дзе шпалеры ў мой пакой? Гэта што за кацячы арнамент? Я не буду жыць у пакоі, дзе па сценах бегаюць кашакі! Мне ўжо не пяць гадоў!
Маці ўздыхнула:
— Вось і выраслі нашыя дзеці. Хто жэніцца, хто перастаў захапляцца коткамі ды называць іх «пупусёнкамі»… Нічога, Юлёк, мы гэтыя шпалеры сабе ў спальню паклеім!
Аліна дапіла каву і, шкадуючы, што кава была растваральнай і на ёй немажліва было паваражыць на будучы лёс, звыклым рухам перавярнула кубак на сподачак і сказала:
— Вы не перажывайце, у мяне ёсць добрыя знаёмцы, у іх выдатная кантора па дызайне інтэр’еру. Калі трэба, можна арганізаваць вам хуткі і вельмі якасны рамонт у сучаснай еўрапейскай стылістыцы. Я пакіну вам сваю візітоўку — тэлефануйце, калі што!
Дзімава маці хуценька ўзяла візітоўку і прапанавала:
— Давайце есці кавун! Мы яго так доўга шукалі, увесь кірмаш абышлі!
— Давайце! Дзіма, можа, у кантэксце таго, што тут адбываецца, ты ўсё ж такі пазнаёміш мяне са сваімі бацькамі? Нешта я не памятаю, каб ты называў іх імёны!
— Антаніна Пятроўна і Сямён Іванавіч, — адказала мама.
Сямён Іванавіч усадзіў з размаху нож у паласаты бок кавуна. Метал з храбусценнем разрэзаў тоўстую скуру, на стол пацёк ружовы сок. Антаніна Пятроўна хутка падставіла пад кавун паднос. Сямён Іванавіч выняў з ягады цёмна-ружовую духмяную скібу. Дзіма пацягнуў да яе руку, але бацька адвёў скібу ўбок, незадаволена паглядзеў на сына і аддаў першы кавалак кавуна Аліне.