Выбрать главу

Наступныя пятнаццаць хвілін прайшлі ў прыемным дыялогу пра мастацтва — дакладней, маналогу: Сямён Іванавіч і Антаніна Пятроўна не дужа разбіраліся ў нюансах паўночнага Адраджэння, а таксама — італьянскага і ўсходняга. Мадэрн з сюррэалізмам былі для іх таксама проста словамі, незнаёмымі, дзіўнымі, а таму палохаючымі. Такім чынам, вельмі хутка гутарка прыняла сямейна-побытавы характар: маці пачала расказваць самыя захапляльныя эпізоды з жыцця сынка, і з кожным новым эпізодам Дзіма рабіўся яшчэ больш пахмурным. Ён угрызаўся ў кавун, аддаўшы перавагу тактыцы «слухаю ды ем». Калі ж прагучала фраза: «А вось сікацца Дзімка ў нас вельмі рана перастаў, з гэтым ніколі праблем не было!», Дзіма ціха сказаў:

— Гэты перыяд сваёй біяграфіі я зусім не памятаю.

— Ну, то я пастараюся не палохаць Дзіму, каб яго немаўлячы энурэз, крый Божа, не вярнуўся! — абвясціла Аліна. Яна паглядзела на гадзіннік, устала з-за стала і выцерла шчокі  папяровай сурвэткай. — Трэба збірацца. Я хачу пазнаёміць Дзіму са сваімі сябрамі, яны нас будуць чакаць у Мінскай рэстарацыі. Мы мусім паспяшацца. Дзякуй за каву і кавун! Адпускаеце?

— Адпускаем! — паспяшалася адказаць маці. Яе да такой ступені расчулілі ўспаміны пра сынава дзяцінства, што яна была гатовая адпусціць сваю «крывінку» хоць на край свету, абы ён там, на краі свету, не забыўся гучна сказаць, якая ў яго пяшчотная і прыгожая матуля. — Сына, надзень белую сарочку і той касцюмчык, што табе цётка Марына падарыла на дзень першакурсніка, і гальштук не забудзься, добра?

— Ма-ам, я сам!

— Не, не сам, ты ў мяне не ўмееш гальштук завязваць і прасаваць штонікі! Я табе дапамагу! — Антаніна Пятроўна схапіла Дзіму за локаць і павяла ў спальню, дзе ў самым далёкім кутку новай шафы вісеў той самы касцюмчык, які Дзіма так і не апрануў на сябе ў дзень першакурсніка, бо не любіў пінжакі і штаны са «стрэлкамі».

Аліна засталася сам-насам з бацькам Дзімы. Той прыжмурыў левае вока, пільна паглядзеў на дзяўчыну і спытаўся:

— А хто вашы бацькі, мадамачка?

Аліна апусціла галаву і задумалася, ці трэба шчыра адказваць на такое далікатнае пытанне.

Яе заўсёды здзіўляла, навошта людзі імкнуцца даведацца пра радавод сваіх суразмоўцаў. «Выходзіць, што я нібы тое шчГанна — чым больш медалёў прывезлі мае бацькі з выстаў, тым даражэй абыходжуся свайму патэнцыйнаму ўладальніку? — часта паўтарала яна сваім блізкім сябрам. — І нікому ні кроплі не цікава, што я з сябе ўяўляю як асоба, галоўнае — каб генафонд быў добры. А што такое — добры генафонд? Інтэлігент палічыць, што ў мяне добры генафонд, калі мае бацькі, бабулі і дзядулі — усе, як адзін, былі педагогамі, музыкамі і літаратарамі, пажадана рэпрэсіраванымі альбо збеглымі ад савецкай улады ў Парыж, а лепш — у Цюрых. І каб сярод іх аказаўся хаця б адзін расстраляны: гэта надае асаблівы статус. А вось селянін ад такога генафонду адмахнецца. Для яго добры генафонд — гэта трактарысты, камбайнёры і даяркі ў сёмым калене. Рабочы спытаецца, на якіх заводах мае сваякі пакінулі сваё здароўе ў абмен на працоўныя ордэны і дзесяціпрацэнтную надбаўку да пенсіі. І ўсе яны — інтэлігент, селянін, рабочы — у канцы абавязкова пацікавяцца, ці не было ў мяне сярод сваякоў яўрэяў? Нібыта няма больш жудаснай плямы на біяграфіі, чым сваяк-яўрэй, і гэта нават горш за сваяка-вар’ята ці сваяка-забойцу!»

— У мяне польскія, расійскія, беларускія і ўкраінскія карані. Быў і цыган адзін, — адказала Аліна на пытанне.

— Бач ты, які нацыянальны вінегрэт. А яўрэяў у вашым генеалагічным дрэве не было? — перапытаў Дзімаў бацька і захваляваўся.

— Магу напружыць памяць, можа, выцягну аднекуль і яўрэя, калі вам гэта сапраўды патрэбна…

— Не-не, не трэба. Цыгана хопіць. Проста цікава было б сустрэцца, паразмаўляць…

— Паразмаўляйце са мной, я перадам ім на словах, калі надарыцца выпадак. Шчыра кажучы, я даўно іх не бачыла. Нікога. Дужа многа працы, няма калі па сваяках з візітамі ветлівасці цягацца.

Дзімаў бацька ізноў зажмурыўся, зачыніў кухонныя дзверы, потым падышоў да Аліны і расцягнуў рэмень на джынсах. Аліна прыўзняла брыво. Бацька нахіліўся да яе вуха і напаўголасу прамовіў:

— Аліна… я вас папрашу. Па-мужчынску. Мамка над Дзімкам дужа трасецца, любіць, як дачку. Вось мы і маем што маем. Так што, калі мой абармот павядзе сябе не па-хлапечы… дасць слабіну ў чым-небудзь… Вы тады яго вось гэтым! — мужчына працягнуў Аліне рэмень. — Бляшка — армейская, сляды ад яе па два тыдні не сыходзяць! З імі, цяперашнімі хлопцамі, трэба як найстражэй, а то яны зусім разбэсціліся з гэтай сваёй тэорыяй пра белыя і сінія каўнерыкі… Кожны хоча насіць белы каўнерык. А сінія — каму? Вы яго трымайце там за адно месца. Хай звонку будзе белы, а па характары — сіні каўнерык. Добра?