Аліна выдыхнула і ўсміхнулася, уцягваючы рэмень у шлейкі сваіх клятчастых штонікаў:
— Я пастараюся. Звычайна чужых дзяцей я не б’ю, але калі вы так просіце, не магу адмовіць. Мяне не таўсціць гэтая зорка на жываце?
— Не, ні кропелькі!
— Ну, тады добра.
Нарэшце ў кухні з’явіўся Дзіма. Яму вельмі пасаваў строгі касцюм. За шырокімі Дзімавымі плячыма хавалася маці і раз-пораз здымала з гэтых плячэй нябачныя пылінкі. Дзіма быў падобны да фотамадэлі з вокладкі гламурнага часопіса.
— Якая прыгажосць! Апалон, сапраўдны Апалон! — пляснула ў далоні Аліна. — Касцюмчык, канешне, турэцкі, але для пачатку і такі падыдзе. Толькі вось, калі дазволіце, я гальштук па-іншаму завяжу. Зараз у модзе вузел «Christensen», а тое, што вы разам стварылі, — гэта алюзія на «Прынца Альберта».
Рукі Аліны мякка залёталі вакол Дзімавай шыі, перавязваючы вузел на іншы. Калі гальштук прыняў належны выгляд, Аліна як след зацягнула яго пад белым каўнерыкам, і Дзіма закашляўся, бо ў яго перахапіла дых ад такой пяшчоты.
— Ну, вось. Зусім іншая справа, — задаволена прамовіла Аліна. — Стыляга. Але ж нам час ісці, а тое мае сябры пачнуць весяліцца без нашага ўдзелу!
У вітальні Юля падышла да брата і паклала ў кішэню яго штаноў пачак прэзерватываў.
— Прадалі сынка за духі ды гальштукі? — спыталася яна ў бацькоў.
— За цябе і столькі не даюць, - адказаў Сямён Іванавіч.
Ледзьве зачыніліся дзверы ліфта, Дзіма паглядзеў на Аліну тым позіркам, якім у фільмах звычайна ахвяры глядзяць на антыгероя, і спытаўся:
— Нашто ты прыехала? Што гэта за цырк?
— Шапіто. Толькі гэта не пра нас. Гэта афіцыйная прапанова рукі і сэрца. Ты ж сам казаў, што табе дужа падабаецца маё — «не ў брыво, а ў вока», ці як там…
— Але ж я не гэтае меў на ўвазе!
— Я не стралок, зразумела як зразумела.
— Дык ты што, сур’ёзна? Ты што, сапраўды мяне кахаеш?
— Ну-ну-ну. Ты добра ведаеш, што я не веру ў такую з’яву, як каханне.
— Чаму тады менавіта я… стаў ахвярай твайго неўтаймаванага жадання завесці сабе мужа?
— Ну, тут усё вельмі проста. Я выходжу ў свет, а ў свеце — усе па парах. Мадамы майго ўзросту даўно пабралі шлюб. Хто з кім. Абы хто мяне не задаволіць. Перш за ўсё, мне патрэбна, каб я з маім сужэнцам гарманічна выглядалі побач. І вось, я з маімі дызайнеркамі і стылістамі селі, перагледзелі некалькі соцень фотаздымкаў і сышліся на тым, што ты вельмі добра дапасуешся да мяне. Проста ідэальны малюнак з усіх пунктаў погляду. Па-другое, канешне, патрэбна, каб мой суджаны быў публічнай фігурай, але гэта робіцца дужа проста. Нават малпа можа быць тэлевядучай, калі над ёй працуе таленавітая каманда крэатыўшчыкаў. Я нармальна патлумачыла?
— Так, але…
— Ну ладна, ладна. Можаш крыху «паламацца», у першы раз усё-ткі. А я пакуль раскажу табе нашую праграму на сёння. Мы едзем у рэстаран, прадстаўляем цябе маёй творчай суполцы, і ты паказваеш усе свае навыкі моўнай актыўнасці і мужчынскай абаяльнасці. Я тут даведалася праз сваіх сакрэтных агентаў, што ў кампаніі сяброў ты бываеш дужа гаваркі, проста душа кампаніі. Дык вось: мае сябры — гэта твае сябры, проста расслабся і атрымлівай асалоду. Сёння ж і выберам дату вяселля. А таксама прыкінем, куды цябе ўладкаваць. Ёсць адзін цікавы праект у распрацоўцы…
Дзіма змоўк. Звычайна ў прысутнасці Аліны ён губляўся і перш, чым нешта сказаць, доўга ўзважваў кожнае слова ды выбудоўваў фразы ў галаве. Аліну гэта то раздражняла, то весяліла. Аднойчы, пасля доўгіх разважанняў, Дзіма выдаў: «Ты душыш мяне сваёй харызмай! Яна важыць усе сто тон!» Аліна прыгадала гэтыя словы, бо мела звычку доўга памятаць тое, што яе раззлавала. Увогуле, яна лічыла сябе мяккай і пяшчотнай.
— І вось што… забудзься пра тое, што на цябе цісне мая харызма. Цяпер адзінае, што можа табе ціснуць, — гэта задужа шчыльныя плаўкі, а ўсё астатняе няхай цябе не хвалюе, — сказала Аліна, адкрываючы дзверы свайго «буцэфала». — Сядай.
— Цікава, на што ты разлічваеш, - хлопец спыніўся каля аўтамабіля і вагаўся: сесці ў салон ці збегчы ад нечаканай і бескампраміснай нявесты.
— Я разлічваю на тваю згоду, мой дарагі, бо гэта вельмі карысная здзелка, у тым ліку, і для цябе. Ты за проста так атрымліваеш цэлы стос бонусаў. Дакладней, не за проста так, а за сваю незвычайную прыгажосць. Ад цябе толькі трэба ўсміхацца фотакарам, калі мы будзем крочыць побач, а таксама рабіць тое, што прыдумаюць мае піяршчыкі.