— Навошта ты стрэліў у мяне?
— Г эта і быў іспыт. Калі ты павінен застацца ў жывых, то нават срэбная куля Локі не спыніць цябе. Калі ты сапраўды варты жыцця, то нештачка павінна было зберагчы цябе. У дадзеным выпадку гэта — чароўны камень. Дарэчы, цікава, як ён трапіў да цябе?
— Яго падарыла адна дзяўчына...
— Пэўна ж, не ведала, што дорыць, дурніца. Гэты рарытэт змяняе акалічнасці жыцця на карысць уладара. Калі ў небяспецы ёсць хоць маленечкі шанец застацца жывым — ты застанешся жыць. Але каменьчык маленькі і яго моцы хопіць яшчэ на раз ці два. Карыстайся асцярожна. Наперадзе вялікі шлях.
— Шлях?
— ШЛЯХ! Каб здзейсніць тваё наканаванне. Навошта ты ехаў у гэтым цягніку?
— Каб даведацца, чаму ў сланяняці такі доўгі нос.
— Вось, з гэтага і пачнём. Падымайся!..
ЛІС
Пустыня ўжо даўно схавалася за іхнімі спінамі. Камяністыя пагоркі сталі полем, якое неўзабаве ператварылася ў лес.
— Куды мы ідзём?
— Да Непаседы Дыяса.
— Хто ён такі?
— Занадта многа пытанняў, чалавеча. Дыяс сам адкажа. Ён можа адказаць на ўсе пытанні. І хто ён, і чаму ў сланяняці такі нос... Але не трэба расслабляцца, бо спачатку трэба заскочыць яшчэ ў адно месца.
— Ты чуеш? — Данелю здалося недалёкае рыканне і жалобныя стогны.
— А, мусіць грашогі кагосьці зноў заелі. Іх тутака шмат бегае. Хадзем, гэта не наша справа.
— Грашогі?
— Ну, ведаеш, калі нештачка знікае, напрыклад, грошы на мабілцы, то гэта з’ядаюць монстры грашогі. Яны знішчаюць забытыя рэчы і падарожнікаў, якія заблукалі...
— Трэба дапамагчы! — сказаў Данель, і, схапіўшы нейкую ламачыну, пабег на гукі праз хмызняк.
— От, вар’ят! Тут я табе не памочнік! — крыкнуў наўздагон Локі.
Данель выскачыў на пералесак і рынуўся ў мітуслівую гушчу маленькіх валасатых істот. Махнуў сваёй доўбіняй сюды-туды, раскідваючы са свістам грашогаў. Тыя шыпелі ды кусаліся, спрабуючы падскочыць і ўрваць Данеля за горла.
— Прэч! — Данель адагнаў апошняга грашога сучынай куды далей.
Перад вачыма Данеля ляжаў раздзёрты ліс. Цяжка дыхаючы, ён не зводзіў з Данеля блакітных вачэй.
— Усё роўна сканае! — матэрыялізаваўся побач Локі. — Намахаўся ўволю? Тады хадзем!
— Як яму дапамагчы? — Данель глядзеў на ліса, які ўжо амаль не рухаўся.
На баку і шыі было некалькі цяжкіх ран. Кроў аніяк не спынялася. Замусоленая ў брудзе поўсць здавалася чорнай, хвост быў абадраны, лапы, касцянеючы, пачалі дрыжаць, і толькі чыстыя, як празрыстая вада, вочы пільна глядзелі ў шэрыя вочы Данеля.
— Дапамагчы? Ну ты дзівак! — усміхнуўся Локі. — Яго час выйшаў. Хіба ж толькі ў цябе недзе захавалася малако Чарнявай.
— Ты ж выратаваў тую нябожчыцу!
— Тая нябожчыца была з твару нічога, ды ўвогуле. А навошта мне душа гэтае недарэчнае жывёліны? Досыць! Я пайшоў. Даганяй!
Локі знік. Данель сядзеў ля ліса і глядзеў яму ў вочы. Бо нічога іншага не заставалася. Шэрыя вочы поўніліся слязьмі, а блакітныя ўсміхаліся. І ад гэтае простае ўсмешкі Данелю рабілася так балюча і горача...
СІВЫ ХЕЛЬГ
— Падарыў? — незадаволена спытаў Локі.
— Так! — Данель запыхаўся, даганяючы Шэрага, але яго твар свяціўся ад радасці.
— Глупства! Патраціць Камень Трахэнберга на нейкага паўдохлага ліса!
— Дарэчы, ты мог яго выратаваць сам.
— Дурань!
— Я зрабіў так, бо лічыў, што так зрабіць трэба і.
— Вар’ят!
— ...І ніколечкі не шкадую...
— І што ты цяпер будзеш рабіць? — дула пісталета Локі было накіравана ў крупну між вачэй Данеля. — Ты цяпер можаш памерці не тое што ад маёй кулі, — нават ад простага катару! Але ж мы ўжо прыйшлі, — Локі схаваў зброю.
Падарожнікі выйшлі з лесу і сталі перад падножжам вялізнай гары, якая рохкала.
— Бачыш дымок на вяршыні? Г эта Сівы Хельг кіпяціць ваду.
— Мо будзем піць гарбату?
— Тую ваду Хельг кіпяціць са свайго нараджэння. Паспрабуеш хоць кропельку — нават малако Чарнявай табе не дапаможа. Няма мацней атруты за гэтую ваду. Толькі глядзі не навярніся, як будзеш лезці ўверх. — Шэры падскочыў і знік.
— Нешта ты доўга, — пазяхаючы, прамовіў Локі.
— Трэба было як тую нябожчыцу, за валасы! — абліваючыся потам, адказаў Данель.
— Што ты прычапіўся да нябожчыцы? Лепш знаёмся — Хельг. Хельг, гэта Данель.
Сівы Хельг сядзеў спінаю да падарожнікаў на маленькім зэдліку. Перад ім праз расколіну ў камені прабіваліся маленькія языкі полымя. Над агеньчыкам завіс у паветры чайнік, у якім бурболіла змярцвелая вада. Хельг, не адрываючыся ад свайго занятку, кіўнуў гасцям, але, як потым высветлілася, ён так ківаў час ад часу на працягу ўсяго свайго існавання.