Выбрать главу

— Ну, што стаў? Адлі крыху вады і рушым далей.

Хельг кіўнуў

— Я не маю ніякае пасудзіны.

— О, чаму ты ўвесь час ныеш? Усё яму не падабаецца: не страляй у яго, сядзі з ім побач да канца сусвету, адначасова збірай яму тару і выратоўвай усялякую блышывую дробязь, — Хельг кіўнуў. — На, трымай! — Локі працягнуў Данелю бутэльку ад «Стэла Артуа».

Данель, набліжаючыся да чайніка, не ўтрымаўся, каб не зазірнуць у твар Хельгу. Абвіслая сухая скура, запалыя вочы, бяззубы рот, скулы ды нос, якія выпіралі праз тую скуру, стваралі не вельмі добрае відовішча.

— Як ён яшчэ не зваліўся з зэдліка? Гэта ж труп!

Хельг кіўнуў.

— А што яму? Сядзі ды глядзі. Вось і ўсё. Ты лепей паспяшай.

Хельг кіўнуў.

Данель нахіліў носік чайніка, і ў бутэльку палілася самая празрыстая вада, якую толькі бачыў у сваім жыцці.

— А нашто ён гэта робіць? — спытаў Данель, закручваючы крышку.

— Таму што больш нічога рабіць не ўмее.

Хельг кіўнуў

— Як гэта жудасна!

Хельг кіўнуў

— Калі не ён, дык нехта іншы. Не забівай галаву.

Хельг кіўнуў

Данель зірнуў апошні раз на твар Хельга. На імгненне вочы Сівога ажылі. У іх з’явілася неверагодная стома і самота, а скурчанныя пальцы пацягнуліся да бутэлькі Данеля. Бяззубы рот паціху заварушыўся, вызваляючы ціхі шэпт:

— Шпыні... Шпыні ўшо гэта.

Але рука Хельга зноў апусцілася, а вочы па-ранейшаму ўтаропіліся на чайнік.

— Бывай, стары! — развітаўся Локі.

Хельг кіўнуў.

НЕПАСЕДА ДЫЯС

— «Лазня», — прачытаў Данель літары на шыльдзе. — Нам сюды?

Яны стаялі перад маленькім драўляным будынкам. Праз запацелае шкло вокнаў нічога не было відаць.

— Заходзь, — прамовіў Локі.

Пераступіўшы парог, Данель застыў у нерашучасці: кафля... усюды была багатая кафля. Кафляй абліцавана велізарная зала, у якой месціўся агромністы басейн. Святло трапляла зверху, праз вялікія круглыя ілюмінатары ў даху. Пасярод басейна плаваў драўляны плыт. Побач з вялікай бочкай на плыце стаяла крэсла з чырвананосым Непаседам Дыясам, які ляніва махаў трызубцам.

— Прывітанне, Дыяс! — Локі сеў на борцік басейна, спусціўшы ногі ў ваду. — Усё сінячыш?

— Жыццё такое! — усміхнуўся Дыяс і пачаў, нібы вяслом, грэбці трызубцам да борціка. — Што, Данель, маеш пытанні да мяне?

— Так, — Данель сеў побач з Локі.

— Відаць, сёння давядзецца аднаму піць, — уздыхнуў Непаседа.

— Чаму так, а мы? — здзівіўся Локі.

— Ну, Данель адмовіцца, а на цябе, Шэры, толькі пітво марнаваць.

На вечку ад бочкі, што стаяла на плыце Дыяса, знаходзіліся графінчык і тры гранёныя шклянкі. Непаседа начапіў графінчык на свой трызубец і зачэрпаў вады з басейна. Патросшы ваду ў графінчыку, ён наліў крыху ў шклянку.

— Ну, за нагоду! — заплюшчыў вочы ды залпам гэтую шклянку асушыў. Дыяс моцна зажмурыўся, торкнуў трызубцам у сярэдзіну бочкі, выцягнуў адтуль сушаную рыбіну, занюхаў ёю і кінуў зноўку ў бочку.

— А вось цяпер можна пачынаць, — лагодна ўсміхнуўся Дыяс. — У цябе ёсць тры пытанні!

— Тры? — здзівіўся Данель. — Трэба прыдумаць астатнія два. Так. Перш-наперш, адкажы, чаму ў сланяняці такі доўгі нос!

— Гэта лёгка! У даўнія часіны, мой даражэнькі, слон не меў хобата. У яго быў толькі чарнявы тоўсты нос, памерам з бот, які хістаўся з боку ў бок, і падымаць ім слон нічога не мог. Але з’явіўся на свеце адзін.

— Не, гэтую байку я ведаю! Адна мая знаёмая прасіла мяне даведацца сапраўдную гісторыю.

— Сапраўдную гісторыю? — Непаседа Дыяс перайшоў на шэпт. — Малады чалавек, некаторыя веды не прыносяць нічога, акрамя болю. Ёсць на свеце таямніцы, якія мусяць такімі застацца. Ты ўпэўнены, што хочаш гэта ведаць?..

— Дарэчы, Локі, гурыі ў трэцяй зале, — Дыяс наліў яшчэ ў сваю шклянку.

— Вось з гэтага і трэба было пачынаць! — адразу ажывіўся Локі. — Не буду вам перашкаджаць, — з гэтымі словамі Шэры знік.

— Раней у сланяняці сапраўды быў нос як бот, — распачаў Непаседа, — а болей за ўсё на зямлі яно любіла кветкі! І была адна ружа, да якой сланяня ўсё ніяк не магло дабрацца, бо расла гэтая ружа ў непралазных і вельмі вострых калючках. Як бы ні старалася сланяня, але ўвесь час ружа заставалася далёка, а яно само было пасля вельмі моцна паколата. Ад такое бяды перастала сланяня есці і піць. За гэта родныя ўвесь час сварыліся з ім:

— Патрэбна табе гэта зелле! Зноў прыйшло парэпанае. А ўсё праз твой дапытлівы нос!