Выбрать главу

Хлопчыкi селi да стала i пачалi ўплятаць з такiм смакам, што бацька з мацi нагледзецца не маглi. За вячэрай малыя расказалi бацькам, якога нацярпелiся ў лесе страху, i, расказваючы, увесь час перабiвалi адно аднаго. Добрыя сяляне вельмi радавалiся, што iх дзецi зноў разам з iмi, ды радасцi гэтай хапiла роўна настолькi, на колькi хапiла дзесяцi экю. А калi грошы скончылiся, бацькоў зноў апанаваў вялiкi смутак, i яны вырашылi зноў завесцi дзяцей у лес. Але каб не зрабiць памылкi другi раз, яны дамовiлiся завесцi iх яшчэ далей.

I ўсё ж, як нi сакрэтнiчалi дрывасек з дрывасечыхай, а Малое Пальчанё, iх меншы сын, усё роўна ўсё пачуў i зноў прыдумаў, як яму выкруцiцца. Рана ранiцай ён устаў i хацеў быў пайсцi на ручай па каменьчыкi, але нiчога ў яго не выйшла: дзверы ў хаце былi зачыненыя аж на два павароты. Бедны хлопец не ведаў, што рабiць. Але за снеданнем, калi дрывасечыха дала сынам па лусце хлеба, ён вырашыў, i замест каменьчыкаў будзе кiдаць паўсюль, дзе яны будуць iсцi, хлебныя крошкi. З тым ён i схаваў свой кавалак у кiшэню.

Бацька i мацi завялi дзяцей у сама глухi i змрочны кут лесу, а самi збочылi на кружную сцежку i ўцяклi. Але Малое Пальчанё гэта не надта засмуцiла: хлопец думаў, што па хлебных крошках знайсцi дарогу дадому будзе даволi лёгка. Але як ён здзiвiўся, калi не знайшоў нiводнага драбочку! Усё падзяўблi лясныя птушкi.

Хлопчыкi зусiм разгубiлiся. Чым далей яны iшлi, тым болей блудзiлi i яшчэ глыбей заходзiлi ў лес. Iм здавалася, што з усiх бакоў выюць ваўкi, падкрадаючыся, каб iх з'есцi. Ад страху яны маўчалi, як вады ў рот набраўшы, i баялiся нават павярнуць галаву. Раптам пайшоў моцны дождж, i малыя прамоклi аж да рубчыка. На кожным кроку яны слiзгалiся, падалi ў гразь, уставалi ўсе перапэцканыя i не ведалi, куды дзець брудныя рукi.

Нарэшце Малое Пальчанё вырашыў узлезцi на высокае дрэва i паглядзець, цi не вiдаць чаго-небудзь зверху. Ён зiрнуў ва ўсе бакi i вельмi далёка, аж на самым ускрайку лесу заўважыў маленькi агеньчык. Гэта вельмi ўзрадавала яго. Ён хуценька злез з дрэва, але апынуўшыся зноў на зямлi, агеньчыка ўжо не бачыў. Гэта яго крыху засмуцiла. I ўсё ж браты вырашылi пайсцi ў тым кiрунку, дзе, на iх думку, павiнна была стаяць хатка, у якой гарэла святло. Доўга цi мала яны iшлi, ды нарэшце выйшлi на ўзлессе i тут зноў убачылi той самы агеньчык.

Яшчэ не раз яны хвалявалiся, калi агеньчык раптам знiкаў. А гэта здаралася кожны раз, як хлопчыкi спускалiся ў лагчыну, але неўзабаве яны падышлi да хаткi, за акном якой гарэла маленькая свечка.

Яны пастукалiся ў дзверы, i iм адчынiла кабета. Яна запыталася, што iм трэба i што яны тут робяць так позна. Малое Пальчанё сказаў, што яны бедныя дзецi, што яны заблудзiлiся i ласкава просяць пусцiць iх на ноч. Убачыўшы перад сабой такiх мiлых дзетак, добрая жанчына заплакала.

- Ах, бедныя вы мае! - сказала яна. - Куды ж вы прыйшлi? Хiба вы не ведаеце, што тут жыве людаед, якi есць дзяцей?

- А што ж нам рабiць, панi, - адказаў Малое Пальчанё, якi, як i браты, аж калацiўся ад страху, - калi вы не згодзiцеся нас прытулiць, нас з'ядуць у лесе ваўкi. Дык хай ужо лепей нас з'есць людаед. Можа, вы папросiце яго, i ён пашкадуе нас?

Людаедава жонка падумала, што, можа, ёй сапраўды ўдасца схаваць дзяцей ад мужа да заўтрашняй ранiцы, i ўпусцiўшы iх у хату, пасадзiла грэцца каля агню, на якiм людаеду на вячэру смажыўся i цэлы баран.

Калi яны крыху абагрэлiся, у дзверы нехта моцна пагрукаў. Гэта вяртаўся людаед. Ягоная жонка адразу загадала хлопчыкам хутчэй лезцi пад ложак, а сама пайшла адчыняць. Ледзь пераступiўшы парог, людаед спытаў, цi гатовая вячэра ды цi прынеслi вiна i адразу сеў да стала. Баран, якi вiсеў над агнём, быў яшчэ ўвесь у крывi, але ад гэтага здаваўся людаеду яшчэ смачнейшым. Ён пачаў прынюхвацца то направа, то налева i раптам сказаў, што чуе чалавечы пах.

- Мусiць, гэта цялё, якое я толькi што разабрала, - адказала яму жонка.

- Ды якое цялё! Я кажу табе: пахне чалавечынай! - паўтарыў людаед i падазрона зiрнуў на жонку. - Нешта тут не так...

З гэтымi словамi ён устаў з-за стала i пашыбаваў да ложка.

- Ага! - крыкнуў ён. - Дык вось як ты, шэльма, хацела мяне ашукаць! Не ведаю, чаму я цябе саму дагэтуль не з'еў! Тваё шчасце, што ты такая кашчавая ды старая. Але я рады, што тут такая добрая здабыча: будзе чым пачаставаць маiх прыяцеляў-людаедаў. Яны якраз павiнны завiтаць да мяне гэтымi днямi.

I ён аднаго за адным павыцягваў хлопцаў з-пад ложка. Напалоханыя дзецi ўкленчылi перад людаедам i пачалi прасiць у яго прабачэння, але гэта быў сама люты людаед на свеце. Ён нават не думаў лiтавацца i ўжо глытаў хлопчыкаў вачыма, вясёла кажучы жонцы, што з iх выйдзе смачнае рагу, калi яна прыгатуе добрую полiўку. Ён прынёс доўгi нож i пачаў яго вастрыць на вялiзным брусе на вачах у бедных дзяцей. Потым, схапiўшы аднаго хлопца, ён ужо сабраўся яго зарэзаць, i тут жонка сказала яму:

- Што гэта вы надумалiся на ноч гледзячы? Цi ж заўтра часу не будзе?

- Сцiхнi! - адказаў людаед. - Калi я iх сёння запраўлю, дык заўтра яны будуць толькi смачнейшыя.

- Але ж у вас яшчэ столькi мяса, - сказала жонка, - i цяля, i два бараны, i палавiна парсючка!

- Ну, добра, - пагадзiўся людаед, - дай iм уволю паесцi, каб не схуднелi, ды вядзi хутчэй спаць.

Добрая жанчына вельмi ўзрадавалася. Яна падала хлопчыкам смачную вячэру, але яны былi такiя напалоханыя, што зусiм не маглi есцi. А людаед пачаў пiць вiно ды ўсё цешыўся, што яму цяпер ёсць чым пачаставаць сваiх сяброў.

Было ў людаеда сем маленькiх дачок. Усе яны былi таўсмаценькiя ды чырванашчокiя, бо, як i бацька, заўсёды елi свежае мяса. Але вочкi ў iх былi шэрыя, круглыя, насы кручкаватыя, а раты вялiкiя, з доўгiмi, рэдкiмi i вельмi вострымi зубамi. Нораў яны мелi яшчэ не надта злы, але часам ужо, здаралася, кусалi дзяцей, каб пасмактаць з iх кроў.

Дачок рана паклалi спаць, i ўсе яны ляжалi ў адным вялiкiм ложку, а на галаве ў кожнай была залатая карона. У пакоi быў яшчэ адзiн такi самы ложак, i на iм людаедава жонка паклала спаць семярых хлопчыкаў, а сама пайшла ў спальню да мужа.

Малое Пальчанё ўбачыў, што на людаедавых дочках залатыя кароны, i, баючыся, каб людаед не перадумаў ды не прыйшоў зарэзаць яго з братамi пасярод ночы, цiхенька ўстаў, зняў з братоў начныя чапцы i надзеў iх на галовы людаедавым дочкам. А залатыя кароны надзеў на сябе i братоў, каб людаед у цемры ўсё пераблытаў i палiчыў iх за сваiх дачок, а сваiх дачок - за хлопцаў, якiх збiраўся зарэзаць.

Усё ўрэшце так i выйшла: апоўначы людаед прачнуўся i пашкадаваў, што адклаў на заўтра тое, што мог бы зрабiць адразу. Ён жвава саскочыў з ложка i, схапiўшы вялiзны нож, сказаў: