Чараўніца
Жыла сабе раз удава, і былі ў яе дзве дачкі. Старэйшая і з характару, і з твару была вельмі падобная да маці, — такая падобная, што людзі, убачыўшы іх разам, не маглі адрозніць, дзе адна, а дзе другая. Абедзве яны былі такія агідныя і такія фанабэрыстыя, што жыць з імі было немагчыма. А вось меншая дачка сваёй дабрынёй і сумленнасцю была чысты бацька. І апроч таго яна была такая прыгожая, што другой такой не было нідзе ў свеце. Ды ўсё ж, вядома, падобнага да сябе любяць болей, і таму ўдава вельмі любіла старэйшую дачку і трываць не магла малодшай. Яна прымушала яе есці толькі на кухні і ўвесь час давала ёй якую-небудзь цяжкую працу.
Абавязкам беднай дзяўчыны было двойчы на дзень хадзіць па ваду аж за дзве вярсты ад дома, і кожны раз яна павінна была прынесці вялізны збан, поўны да берагоў. І вось аднаго разу, калі яна была ля крыніцы, да яе падышла бедная кабета і папрасіла напіцца.
— Зараз, зараз, цётачка, — сказала прыгожая дзяўчына.
Яна хуценька спаласнула збан, наліла ў яго вады з найчысцейшага месца ў крыніцы і падала яго кабеце. Каб той зручней было піць, дзяўчына ўвесь час яго падтрымлівала. Напіўшыся, кабета сказала:
— Ты такая прыгожая, такая добрая і такая ветлівая, што я хачу зрабіць табе падарунак (а гэта была чараўніца, якая наўмысна абярнулася беднай сялянкай, каб пабачыць, якое сумленне ў гэтай дзяўчыны).
— Я вырашыла надзяліць цябе дарам, — сказала чараўніца. — Дзякуючы яму пры кожным слове, якое ты вымавіш, з рота ў цябе будзе выпадаць кветка або каштоўны камень.
Неўзабаве дзяўчына вярнулася дадому. Маці адразу накінулася на яе сварыцца, што яна так доўга хадзіла па ваду.
— Калі ласка, мама, даруйце, што я так спазнілася, — сказала бедная дзяўчына.
І пры гэтых словах з рота ў яе ўпалі дзве ружы, дзве перліны і два вялікія дыяменты.
— Што такое? — крыкнула маці, вельмі здзівіўшыся. — Па-мойму, у яе з рота выпалі дзве перліны і два дыяменты?! Адкуль гэта ў цябе, дачушка мая? (Гэта быў першы раз, калі яна назвала яе дачушкай.)
Бедная дзяўчына шчыра распавяла ёй пра ўсё, што з ёй здарылася, і насыпала пры гэтым безліч дыяментаў.
— Вось табе маеш! — сказала маці. — Трэба будзе паслаць туды і маю старэйшую. Чуеш, Фаншона? Пабач, што падае ў тваёй сястры з рота, калі яна гаворыць! Хочаш мець такі дар? Тады бяры збанок, ды схадзі па ваду да крыніцы, а калі якая-небудзь бедная кабета папросіць у цябе напіцца, налі ёй у збанок вады ды напаі.
— Яшчэ чаго! — груба адказала Фаншона. — Ніколі такога не будзе, каб я пайшла на крыніцу!
— А я кажу, што пойдзеш, — паўтарыла маці, — і зараз жа.
Давялося такі старэйшай дачцэ ісці, хоць яна ўвесь час незадаволена бурчала. А з сабой яна ўзяла найлепшы срэбраны збанок, які быў у хаце. І вось, ледзь яна паспела падысці да крыніцы, як убачыла, што з лесу выйшла раскошна апранутая пані. Гэта была тая самая чараўніца, якая раней гутарыла з яе сястрой, а цяпер абярнулася прынцэсай, каб пабачыць, наколькі гэтая дзяўчына можа быць несумленная. Яна падышла да старэйшай сястры і папрасіла ў яе напіцца.
— Яшчэ чаго! — груба крыкнула чараўніцы фанабэрыстая дзяўчына. — Што я сюды прыйшла вам ваду падаваць?! Ці вы думаеце, я прынесла гэты срэбраны збанок, каб вы з яго тут пілі! Вось што я вам скажу: піце проста з крыніцы, калі вам так хочацца.
— Вы вельмі няветлівая, — адказала чараўніца, але на твары ў яе не выявілася ніякага гневу. — Ну што ж, калі вы такая грубая, я надзялю вас дарам: пры кожным слове, якое вы скажаце, з рота ў вас будзе выскокваць гадзіна ці рапуха.
Яшчэ здалёк заўважыўшы сваю любую дачушку, маці закрычала:
— Ну што, дачушка мая?
— А нічога, мая матухна… — адказала грубіянка, і з рота ў яе выскачылі дзве рапухі і дзве гадзіны.
— О неба! — крыкнула маці. — Што я бачу? Усё гэта з-за тваёй сястрыцы! Ну, яна ўжо мне заплаціць!