Нарэшце радасны дзень настаў, і сёстры выправіліся на баль. Папялушка доўга, як магла, праводзіла іх вачыма, а калі карэта знікла за павароткай, горка заплакала. Хросная ўбачыла, што дзяўчына плача, і спыталася, што здарылася?
— Мне так хацелася б… мне так хацелася б…
Але Папялушка плакала так горка, што не здолела дагаварыць.
Тады хросная, якая была чараўніца, сказала:
— Ты, напэўна, вельмі хочаш на баль?
— Але! Вельмі хачу, — адказала Папялушка і сумна ўздыхнула.
— Ну што ж, калі ты будзеш паслухмяная дзяўчынка, — паабяцала хросная, — то я зраблю, каб ты туды трапіла.
Яна завяла яе ў свой пакой і сказала:
— Ідзі ў сад ды прынясі мне гарбуз.
Папялушка адразу пабегла ў сад, выбрала там найлепшы гарбуз і прынесла яго хроснай. Але яна ніяк не магла зразумець, як гэты гарбуз можа дапамагчы ёй трапіць на баль? Хросная тым часам вычысціла гарбуз, пакінуўшы адну лупіну, дакранулася да яго чарадзейнаю палачкай, і гарбуз адразу ператварыўся ў чароўную залачоную карэту.
Потым хросная пайшла да мышынае пасткі, дзе аказалася шэсць мышак. Яна загадала Папялушцы трошкі адчыніць дзверцы, і калі мышы адна за адной пачалі выскокваць, дакраналася да кожнай чарадзейнаю палачкай, і мышы адразу ператвараліся ў коней. Праз хвіліну перад імі стаяў ужо выдатны шасцярык шэрых мышастых коней.
Папялушка заўважыла, што хросная задумалася, з чаго ёй зрабіць фурмана, і сказала:
— Чакайце, пайду я гляну, можа ў вялікую пастку трапіў пацук? З яго і зробім фурмана.
— І то праўда, — пагадзілася хросная. — Ідзі зірні.
Папялушка прынесла вялікую пастку. А ў ёй сядзелі тры тлустыя пацукі. Чараўніца выбрала таго, у якога былі даўжэйшыя вусы, дакранулася да яго палачкай, і пацук перавярнуўся ў пузатага фурмана з такімі раскошнымі вусамі, якіх ніхто ніколі не бачыў. Тады хросная сказала Папялушцы:
— А цяпер ідзі ў сад, і там за калодзежам убачыш шэсць яшчарак. Прынясі іх мне.
Прынесла Папялушка яшчарак, і хросная адразу ператварыла іх у шэсць прыгожа апранутых лёкаеў, якія адразу сталі на запяткі, нібыта ўсё жыццё толькі гэтае і рабілі.
Тады чараўніца сказала Папялушцы:
— Ну вось, цяпер у цябе ёсць на чым ехаць на баль. Ты рада?
— Вядома, рада, — адказала Папялушка. — Але як жа я паеду ў такой брыдкай вопратцы?
Хросная толькі дакранулася да яе сваёй палачкай, і ў тую ж хвіліну Папялушчына сукенка ператварылася ў дзівоснае ўбранне, абсыпанае каштоўным каменнем. Потым хросная дала дзяўчыне пару найпрыгажэйшых у свеце крышталёвых пантофлікаў.
Калі Папялушка, багата прыбраная, ужо села ў карэту, хросная яе папярэдзіла, што, як бы там ні было, але на балі яна не павінна заставацца пазней за поўнач, бо калі яна запозніцца хоць на хвіліну, яе карэта зноў зробіцца гарбузам, коні — мышамі, лёкаі — яшчаркамі, а адзенне набудзе свой ранейшы выгляд.
Дзяўчына паабяцала хроснай, што да поўначы абавязкова пакіне баль, і, не помнячы сябе ад радасці, ад'ехала.
Сын караля, якому паведамілі аб прыездзе нікому не вядомай важнай і багатай прынцэсы, сам выйшаў яе сустракаць. Каб дапамагчы ёй выйсці з карэты, ён падаў ёй руку і правёў у залу, дзе сабраліся госці. Адразу ж запанавала поўная цішыня, усе кінулі танцаваць, скрыпкі змоўклі — так моцна ўсе былі ўражаныя незвычайнаю прыгажосцю незнаёмай прынцэсы. Чуўся толькі прыглушаны шэпт: «Ах! Якая яна прыгожая!» Нават кароль, хоць быў ужо вельмі стары, не мог звесці з яе вачэй і ціхутка прызнаўся каралеве, што даўно ўжо не бачыў такой прыгожай і прыемнай асобы. Усе паненкі ўважліва разглядалі яе прычоску і вопратку, каб заўтра зрабіць сабе такую самую, калі знойдуцца прыдатная тканіна і ўмелыя швачкі.
Сын караля пасадзіў прынцэсу на сама пачэснае месца, а потым запрасіў яе на танец. Яна танцавала так зграбна, што ўсе яшчэ больш замілаваліся ёю. Потым прынеслі сама раскошныя стравы, але малады прынц амаль нічога не еў: ён увесь час толькі і пазіраў на Папялушку. А яна села побач са сваімі сястранкамі і пачала іх усяляк хваліць. Яна пачаставала сясцёр апельсінамі ды цытрынамі, якія падаў ёй прынц, і гэта іх вельмі здзівіла, бо яны зусім не пазнавалі Папялушкі.
Але тут, гамонячы з сёстрамі, Папялушка пачула, як гадзіннік прабіў без чвэрткі поўнач. Яна адразу раскланялася перад гасцямі і як мага хутчэй пабегла з палаца.
Калі яна вярнулася дадому, яна пайшла да хроснай і вельмі ёй падзякавала. А потым прызналася, што і заўтра таксама хацела б паехаць на баль, бо яе запрашаў каралевіч. І вось, калі яна сядзела і распавядала хроснай пра тое, як праходзіў баль, у дзверы пастукаліся сёстры. Папялушка пабегла ім адчыняць.