— Як доўга вас не было! — сказала яна, пазяхаючы, і пачала церці вочы і пацягвацца, быццам толькі што прачнулася. Між тым яна і не думала спаць з той хвіліны, як яны рассталіся.
— Каб ты была на балі, — сказала ёй адна сястра, — табе не давялося б так нудзіцца. Там была такая прыгожая прынцэса, найпрыгажэйшая ў свеце! Яна нагаварыла нам столькі прыемных словаў! І яшчэ пачаставала апельсінамі і цытрынамі!
Папялушка, не помнячы сябе ад радасці, спытала, а як звалі тую прынцэсу? Але сёстры адказалі, што, на жаль, не ведаюць яе імя і што сын караля быў гэтым таксама вельмі засмучаны і аддаў бы ўсё на свеце, каб даведацца, хто яна і адкуль. Папялушка ўсміхнулася і сказала:
— Няўжо яна была такая прыгожая? Божа мой! Якія вы шчаслівыя! Як бы я хацела хоць раз зірнуць на яе. Ах! Мілая Жавота, пазычце мне ваш жоўты гарнітур, у якім вы ходзіце кожны дзень.
— Ага, — сказала Жавота, — так я і згадзілася! Аддаць ёй свой гарнітур, гэтай бруднай Папялдупцы! Трэба, каб я раней звар'яцела!
Папялушка чакала, што ёй адмовяць, і толькі парадавалася гэтаму, бо каб сястра згадзілася пазычыць ёй сваё адзенне, яна апынулася б у даволі цяжкім становішчы.
Назаўтра абедзве сястры зноў былі на балі, і Папялушка — таксама, але ў яшчэ прыгажэйшым убранні, чым мінулы раз. Сын караля ўвесь час завіхаўся вакол яе і безупынна абсыпаў рознымі пяшчотамі. Дзяўчыне зусім не было часу нудзіцца, і яна забылася на тое, пра што яе папярэджвала хросная. Ёй здавалася, што яшчэ толькі адзінаццаць, калі раптам гадзіннік выбіў першы ўдар, абвяшчаючы поўнач. Яна падскочыла і жвава, як касуля, кінулася ўпрочкі. Прынц пабег быў за ёю, але дагнаць так і не здолеў. Па дарозе дзяўчына згубіла адзін крышталёвы пантофлік, і прынц пяшчотна падабраў яго. Без карэты, без лёкаеў, задыханая, Папялушка прыбегла дамоў. Яна зноў была ў сваім агідным адзенні, і з усяе пышнасці ў яе застаўся толькі адзін пантофлік — такі самы, як той, што яна згубіла.
У брамнікаў запыталіся, ці не бачылі яны, каб з палаца выходзіла прынцэса. Але яны адказалі, што бачылі толькі нейкую вельмі неахайную дзяўчыну, падобную больш да сялянкі, чым да паненкі.
Калі сёстры вярнуліся з балю, Папялушка спытала, ці добра яны прабавілі час і ці была на балі тая прыгожая пані? Сёстры адказалі, што была, але калі гадзіннік адбіў поўнач, яна так хутка пабегла, што нават згубіла адзін крышталёвы пантофлік, такі прыгожы, што ва ўсім свеце такіх ні ў кога няма. Сёстры сказалі, што сын караля падабраў той пантофлік і да канца балю ўжо толькі і глядзеў на яго, таму што, вядома ж, вельмі закахаўся ў чароўную ўладальніцу гэтага пантофліка.
Яны казалі праўду, бо праз некалькі дзён сын караля пры ўсім народзе абвясціў, што ажэніцца з той, каму гэты пантофлік будзе акурат па назе. Спачатку яго паперамервалі ўсе прынцэсы, потым графіні і ўся дворня, але ўсё дарма. Нікому ён не падыходзіў.
Прынеслі яго і да дзвюх сясцёр. Як толькі яны не высільваліся, каб усунуць нагу ў пантофлік! Ды нічога ў іх не выйшла. Папялушка пазнала свой пантофлік і, з усмешкай гледзячы на сясцёр, сказала:
— Дайце, я памераю, ці не падыдзе ён мне?
Сёстры пачалі смяяцца і кпіць з дзяўчыны. Але прыдворны, які насіў пантофлік, зірнуўшы на Папялушку, заўважыў, што яна прыгожая, і сказаў, што яна мае рацыю, бо ён атрымаў загад даваць мерыць пантофлік усім дзяўчатам. Ён запрасіў Папялушку сесці і паднёс пантофлік да яе ножкі. І тут усе ўбачылі, што пантофлік лёгка надзеўся на нагу і аказаўся ў самы акурат, нібыта быў на яе зроблены. Здзіўленне ў сясцёр яшчэ больш павялічылася, калі Папялушка дастала з кішэні другі такі самы пантофлік і надзела яго на другую нагу. У гэты момант у пакой увайшла хросная. Яна дакранулася да Папялушчынага адзення чарадзейнаю палачкай, і яно зрабілася яшчэ прыгажэйшым, чым ранейшыя два разы.
І тады нарэшце сёстры прызналі ў ёй тую прыгожую прынцэсу, якую бачылі на балі. Яны кінуліся Папялушцы ў ногі, пачалі перапрашаць за ўсё дрэннае, што ёй даводзілася ад іх цярпець. Але Папялушка папрасіла іх падняцца і сказала, што ўсё шчыра ім даравала і хоча, каб яны заўсёды яе любілі.
Ва ўсім гэтым прыгожым убранні Папялушку правялі да маладога прынца. Прынцу яна здалася яшчэ прыгажэйшаю, чым раней, і праз некалькі дзён яны пажаніліся. Папялушка, у якой дабрыні было не меней, чым прыгажосці, запрасіла сясцёр жыць у палац і ў той самы дзень ажаніла іх з двума знатнымі панамі з каралеўскай дворні.