Чубаты Рыкэ
Жыла сабе адна каралева, і нарадзіла яна такога брыдкага і выродлівага сына, што многія засумняваліся нават, ці чалавек гэта ўвогуле? Але чараўніца, якая прыехала на радзіны, супакоіла ўсіх і запэўніла, што хлопчык вырасце і будзе прывабны, бо ў яго будзе вельмі вялікі розум. Апроч гэтага яна сказала, што дзякуючы яе дару, ён здолее сам даць столькі ж розуму той, каго моцна пакахае. Усё гэта трошкі суцешыла бедную каралеву, якая вельмі журылася, што ў яе нарадзілася такое агіднае дзіця.
І праўда, ледзьве малое навучылася гаварыць, як адразу пачало казаць вельмі слушныя рэчы, і ўсе яго ўчынкі былі такія разважныя, што можна было толькі дзівіцца. Я забыўся, дарэчы, сказаць, што хлопчык нарадзіўся з невялічкім чубком, і таму яму далі мянушку — Чубаты Рыкэ, бо Рыкэ было прозвішча ў іх сям'і.
Праз сем ці восем гадоў у каралевы аднаго суседняга каралеўства нарадзіліся дзве дачкі. Першая была прыгажэйшая за сонейка, і каралева так гэтаму радавалася, што ўсе нават спалохаліся, каб ад вялікай радасці яна зусім не страціла розум. На радзіны да каралевы прыехала тая самая чараўніца, што была пры нараджэнні Рыкэ, і, каб трошкі паменшыць каралевіну радасць, сказала, што ў маленькай прынцэсы не будзе ані кропелькі розуму і што наколькі яна будзе прыгожая, настолькі ж і дурная. Гэтыя словы вельмі засмуцілі каралеву, але неўзабаве яна засмуцілася яшчэ больш, бо другая дачка, якую яна нарадзіла, была вельмі брыдкая.
— Не бядуйце, Вашамосць, — сказала ёй чараўніца. — У вашай дачкі будуць іншыя перавагі: яна будзе такая разумная, што ніхто не заўважыць, што ёй не стае прыгажосці.
— Дай божа, — адказала каралева. — Але ці няможна даць хоць бы крышачку розуму маёй старэйшай? Яна такая прыгожая!
— На жаль, Вашамосць, з розумам я ніяк не магу ёй дапамагчы, — сказала чараўніца, — але затое, што да яе прыгажосці, я здольная зрабіць усё. І каб вас задаволіць, я падару ёй здольнасць надзяляць прыгажосцю кожнага, хто ёй спадабаецца.
Час ішоў, прынцэсы раслі, і іх вартасці большалі разам з імі. Паўсюль ішла пагалоска пра хараство старэйшай ды розум малодшай. З часам, праўда, павялічваліся і заганы дзяўчат. Малодшая на вачах рабілася ўсё больш непрыгожая, а старэйшая ўсё болей дурнела. Калі ў яе што-небудзь пыталіся, яна ці маўчала ўвогуле, ці вярзла нейкую лухту. Апроч таго яна была такая няўклюда, што не магла расставіць на камінку нават чатыры статуэткі, каб адну не пабіць, а калі піла са шклянкі, дык заўсёды палавіну вылівала на сябе.
Хоць прыгажосць і вялікае шчасце для кожнай маладой дзяўчыны, але госці ўсё-такі больш любілі быць побач з малодшай, чым са старэйшаю. Спачатку, праўда, усе кідаліся да прыгажэйшай: паглядзець на яе, палюбавацца яе прыгажосцю, але хутка вярталіся да разумнейшай, бо з ёю было прыемна гутарыць пра сама розныя рэчы. І не дзіва, што не праходзіла і чвэрці гадзіны, як побач са старэйшай нікога ўжо не было, і ўсе збіраліся вакол малодшай. Старэйшая дачка хоць і была вельмі дурная, але добра заўважала гэта і не пашкадавала б усёй сваёй прыгажосці, каб мець хоць бы палову розуму сваёй малодшай сястры. Маці-каралева была жанчына разважная, але і яна часам не магла ўтрымацца, каб не папракнуць дачку за яе бязглуздасць. А беднай прынцэсе рабілася ад гэтага так горка, што яна ўжо, здавалася, гатовая была лепей памерці.
Аднойчы, калі прынцэса пайшла ў лес, каб там на самоце пабедаваць ад свайго няшчасця, да яе падышоў нейкі чалавек. Ён быў вельмі непрыгожы і брыдкі, хоць быў апрануты ў сама раскошныя строі. Гэта быў прынц Чубаты Рыкэ. Некалі ён убачыў прынцэсін партрэт і закахаўся ў яе без памяці. І тады ён вырашыў пакінуць бацькоўскае каралеўства і на свае вочы ўбачыць прынцэсу, каб пагутарыць з ёю. Узрадаваны, што сустрэў дзяўчыну адну, ён загаварыў з ёю з усёй пашанай і ветлівасцю, на якія толькі быў здольны. Але пасля звычайных лёстак, якія кажуць у такіх выпадках, прынц заўважыў, што твар у дзяўчыны вельмі журботны. І тады ён сказаў: