— Дарагая прынцэса, я не разумею, што можа засмучаць такую чароўную дзяўчыну, як вы — бо, хоць я і магу пахваліцца, што бачыў нямала прыгажунь, але я не бачыў ніводнай, чыя прыгажосць параўналася б з вашай.
— Пан вельмі ласкавы, — адказала прынцэса і змоўкла.
— Прыгажосць настолькі каштоўная рэч, — зноў сказаў Чубаты Рыкэ, — што здольная замяніць сабою ўсё астатняе. Таго, хто яе мае, нішто, на мой розум, засмучаць не можа.
— А мне, наадварот, хацелася б лепей быць такою брыдкаю, але і такою разумнаю, як вы, — адказала прынцэса, — чым такою як я — прыгожай і такою дурною.
— Але нішто, дарагая прынцэса, гэтак не сведчыць пра розум, як думка, што яго не стае. Розум якраз у тым і ёсць, што чым больш яго маеш, тым болей думаеш, што яго мала.
— Не ведаю, — адказала прынцэса. — Я ведаю толькі, што я вельмі дурная. Гэта мяне й гняце.
— Але, прынцэса, калі толькі гэта вас засмучае, то я магу лёгка пакласці канец вашым пакутам.
— Як? — запыталася прынцэса.
— У мяне ёсць дар, — адказаў Чубаты Рыкэ, — і дзякуючы гэтаму дару я магу надзяліць сама вялікім розумам тую, каго пакахаю болей за ўсіх. А таму, што болей за ўсіх я кахаю вас, то цяпер толькі ад вас усё і залежыць. Досыць вам пагадзіцца пайсці за мяне замуж, і вы адразу зробіцеся разумнаю.
Прынцэса вельмі сумелася, пачуўшы гэтыя словы, і нічога не змагла адказаць.
— Відаць, мая прапанова вас трошкі бянтэжыць, — сказаў Чубаты Рыкэ, — і гэта не дзіўна. Але, каб вы маглі ўсё добра ўзважыць, я даю вам цэлы год.
У прынцэсы быў такі малы розум, і ёй так карцела хутчэй паразумнець, што ёй здалося, што цэлы год чакаць яна не вытрывае ніколі, і яна адразу згадзілася на прынцаву прапанову. Не паспела яна паабяцаць, што налета, роўна праз год, выйдзе за Чубатага Рыкэ замуж, як адразу адчула сябе зусім іншаю — цяпер яна вельмі лёгка магла казаць усё, што хацела, і ў яе словах адчувалася разважнасць і натуральнасць. Яна адразу павяла з Чубатым Рыкз лёгкую і далікатную размову і з такім бляскам выявіла свае новыя здольнасці, што Чубаты Рыкэ ўжо быў падумаў, ці не даў ён прынцэсе болей розуму, чым пакінуў сабе.
Калі ж прынцэса вярнулася ў палац, прыдворныя не маглі зразумець, што здарылася і чым растлумачыць такую нечаканую і незвычайную змену, бо як раней усе смяяліся з прынцэсіных бязглуздых і недарэчных думак, так цяпер усіх здзіўлялі яе дасціпныя і разумныя разважанні. Усе так гэтаму ўзрадваліся, што і сказаць немагчыма. Толькі малодшая сястра была не вельмі радая: цяпер у яе не было ранейшае перавагі над старэйшай сястрой і побач з ёю яна выглядала толькі яшчэ больш непрыгожаю.
Кароль пачаў цяпер прыслухоўвацца да меркаванняў старэйшай дачкі і часам, нават, хадзіў да яе ў пакой, каб спытаць парады. Пагалоска пра гэтую перамену хутка абляцела ўсе суседнія каралеўствы. Адусюль пачалі з'язджацца маладыя прынцы, і ўсе стараліся дамагчыся прынцэсінага кахання, усе прасілі ў яе рукі. Але ніхто не здаваўся прынцэсе сапраўды разумным. Яна ўважліва слухала кожнага, але нікому нічога не абяцала. Але аднойчы прыехаў у палац прынц, які быў такі багаты, такі дужы, такі разумны і такі прыгожы, што прынцэса не змагла не зачаравацца ім. Бацька-кароль заўважыў гэта і сказаў, што пара ўжо ёй абраць сабе жаніха: няхай ім будзе той, каго яна сама назаве. Але ж чым чалавек разумнейшы, тым цяжэй яму рашыцца ў такой складанае справе. І таму, падзякаваўшы бацьку, прынцэса папрасіла даць ёй часу падумаць.
І вось, выправіўшыся неўзабаве на шпацыр, каб паразважаць у цішы, што ёй рабіць, яна выпадкова зайшла ў той самы лес, дзе некалі спаткала Чубатага Рыкэ. Яна ішла ў глыбокім задуменні — і раптам пачула пад нагамі нейкі шоргат, быццам нехта бегаў ды мітусіўся туды-сюды пад зямлёй. Прынцэса прыслухалася ўважлівей і пачула, як нечый голас сказаў: «Гэй, нясі сюды гэты рондаль». — «Ану, падай мне той саганок», — сказаў другі. «Падкінь дроў у вогнішча», — пачуўся трэці. У тую ж хвіліну зямля расчынілася, і прынцэса ўбачыла каля самых сваіх ног агромністую кухню, у якой было поўна кухараў, кухарчукоў і сама рознай абслугі, якая гатавала стравы на нейкі святочны банкет. З кухні выйшлі чалавек дваццаць ці трыццаць, усе ў лісіных шапках і з пожагамі ў руках. Яны паселі вакол вельмі доўгага стала, што стаяў пасярод лясных прысадаў, заспявалі хвацкую песню і пачалі шпігаваць мяса.