— Ах, божачкі! Дзе ж цяпер нашы бедныя дзеткі? Як бы яны добра паелі, у нас жа столькі яшчэ засталося! Гэта ты, Гіём, захацеў кінуць іх у лесе. А я казала табе: будзем потым пакутаваць. Ах, небаракі, што яны робяць цяпер у дрымучым лесе? Ах, вох, напэўна, іх ужо задралі ваўкі! І якім жа трэба быць жорсткім чалавекам, каб кінуць сваіх дзяцей!
Яна разоў дваццаць паўтарыла, што яны будуць пакутаваць і што яна гэта прадказвала, калі дрывасек нарэшце не сцярпеў і прыстрашыў жонку, што зараз паб'е, калі яна не змоўкне. Дрывасеку і так было цяжка на сэрцы, і ён, мабыць, сам дакараў сябе яшчэ болей, чым жонка, ды вельмі ўжо яна яму назаляла. У яго ж быў такі самы характар, як у большасці мужчын: ён вельмі любіў, калі жанчыны казалі слушна, але цярпець не мог, калі яны казалі слушна заўсёды.
А дрывасечыха толькі яшчэ мацней заплакала:
— Ах, божачка! Дзе ж гэта цяпер мае дзеткі, бедныя мае сыночкі!
Адзін раз яна крыкнула так гучна, што дзеці, якія стаялі каля дзвярэй, пачулі матчыны словы і разам загаласілі:
— Мы тут! Мы тут!
Маці кінулася да дзвярэй, адчыніла іх і моцна сціснула дзяцей у абдымках.
— Якая радасць, што вы зноў са мной, мілыя мае дзеткі! — сказала яна. — Вы ж, напэўна, стаміліся і вельмі галодныя. Ай-ай, П'еро, як ты ўпэцкаўся! Ану, хадзі, я цябе пачышчу.
П'еро быў старэйшы сын, і дрывасечыха любіла яго болей за іншых, таму што ён быў рыжы, як і маці.
Хлопчыкі селі да стала і пачалі ўплятаць з такім смакам, што бацька з маці нагледзецца не маглі. За вячэрай малыя расказалі бацькам, якога нацярпеліся ў лесе страху, і, расказваючы, увесь час перабівалі адно аднаго. Добрыя сяляне вельмі радаваліся, што іх дзеці зноў разам з імі, ды радасці гэтай хапіла роўна настолькі, на колькі хапіла дзесяці экю. А калі грошы скончыліся, бацькоў зноў апанаваў вялікі смутак, і яны вырашылі зноў завесці дзяцей у лес. Але каб не зрабіць памылкі другі раз, яны дамовіліся завесці іх яшчэ далей.
І ўсё ж, як ні сакрэтнічалі дрывасек з дрывасечыхай, а Малое Пальчанё, іх меншы сын, усё роўна ўсё пачуў і зноў прыдумаў, як яму выкруціцца. Рана раніцай ён устаў і хацеў быў пайсці на ручай па каменьчыкі, але нічога ў яго не выйшла: дзверы ў хаце былі зачыненыя аж на два павароты. Бедны хлопец не ведаў, што рабіць. Але за снеданнем, калі дрывасечыха дала сынам па лусце хлеба, ён вырашыў, і замест каменьчыкаў будзе кідаць паўсюль, дзе яны будуць ісці, хлебныя крошкі. З тым ён і схаваў свой кавалак у кішэню.
Бацька і маці завялі дзяцей у сама глухі і змрочны кут лесу, а самі — збочылі на кружную сцежку і ўцяклі. Але Малое Пальчанё гэта не надта засмуціла: хлопец думаў, што па хлебных крошках знайсці дарогу дадому будзе даволі лёгка. Але як ён здзівіўся, калі не знайшоў ніводнага драбочку! Усё падзяўблі лясныя птушкі.
Хлопчыкі зусім разгубіліся. Чым далей яны ішлі, тым болей блудзілі і яшчэ глыбей заходзілі ў лес. Ім здавалася, што з усіх бакоў выюць ваўкі, падкрадаючыся, каб іх з'есці. Ад страху яны маўчалі, як вады ў рот набраўшы, і баяліся нават павярнуць галаву. Раптам пайшоў моцны дождж, і малыя прамоклі аж да рубчыка. На кожным кроку яны слізгаліся, падалі ў гразь, уставалі ўсе перапэцканыя і не ведалі, куды дзець брудныя рукі.
Нарэшце Малое Пальчанё вырашыў узлезці на высокае дрэва і паглядзець, ці не відаць чаго-небудзь зверху. Ён зірнуў ва ўсе бакі і вельмі далёка, аж на самым ускрайку лесу заўважыў маленькі агеньчык. Гэта вельмі ўзрадавала яго. Ён хуценька злез з дрэва, але апынуўшыся зноў на зямлі, агеньчыка ўжо не бачыў. Гэта яго крыху засмуціла. І ўсё ж браты вырашылі пайсці ў тым кірунку, дзе, на іх думку, павінна была стаяць хатка, у якой гарэла святло. Доўга ці мала яны ішлі, ды нарэшце выйшлі на ўзлессе і тут зноў убачылі той самы агеньчык.
Яшчэ не раз яны хваляваліся, калі агеньчык раптам знікаў. А гэта здаралася кожны раз, як хлопчыкі спускаліся ў лагчыну, але неўзабаве яны падышлі да хаткі, за акном якой гарэла маленькая свечка.
Яны пастукаліся ў дзверы, і ім адчыніла кабета. Яна запыталася, што ім трэба і што яны тут робяць так позна. Малое Пальчанё сказаў, што яны бедныя дзеці, што яны заблудзіліся і ласкава просяць пусціць іх на ноч. Убачыўшы перад сабой такіх мілых дзетак, добрая жанчына заплакала.
— Ах, бедныя вы мае! — сказала яна. — Куды ж вы прыйшлі? Хіба вы не ведаеце, што тут жыве людаед, які есць дзяцей?
— А што ж нам рабіць, пані, — адказаў Малое Пальчанё, які, як і браты, аж калаціўся ад страху, — калі вы не згодзіцеся нас прытуліць, нас з'ядуць у лесе ваўкі. Дык хай ужо лепей нас з'есць людаед. Можа, вы папросіце яго, і ён пашкадуе нас?
Людаедава жонка падумала, што, можа, ёй сапраўды ўдасца схаваць дзяцей ад мужа да заўтрашняй раніцы, і ўпусціўшы іх у хату, пасадзіла грэцца каля агню, на якім людаеду на вячэру смажыўся і цэлы баран.