Калі яны крыху абагрэліся, у дзверы нехта моцна пагрукаў. Гэта вяртаўся людаед. Ягоная жонка адразу загадала хлопчыкам хутчэй лезці пад ложак, а сама пайшла адчыняць. Ледзь пераступіўшы парог, людаед спытаў, ці гатовая вячэра ды ці прынеслі віна і адразу сеў да стала. Баран, які вісеў над агнём, быў яшчэ ўвесь у крыві, але ад гэтага здаваўся людаеду яшчэ смачнейшым. Ён пачаў прынюхвацца то направа, то налева і раптам сказаў, што чуе чалавечы пах.
— Мусіць, гэта цялё, якое я толькі што разабрала, — адказала яму жонка.
— Ды якое цялё! Я кажу табе: пахне чалавечынай! — паўтарыў людаед і падазрона зірнуў на жонку. — Нешта тут не так…
З гэтымі словамі ён устаў з-за стала і пашыбаваў да ложка.
— Ага! — крыкнуў ён. — Дык вось як ты, шэльма, хацела мяне ашукаць! Не ведаю, чаму я цябе саму дагэтуль не з'еў! Тваё шчасце, што ты такая кашчавая ды старая. Але я рады, што тут такая добрая здабыча: будзе чым пачаставаць маіх прыяцеляў-людаедаў. Яны якраз павінны завітаць да мяне гэтымі днямі.
І ён аднаго за адным павыцягваў хлопцаў з-пад ложка. Напалоханыя дзеці ўкленчылі перад людаедам і пачалі прасіць у яго прабачэння, але гэта быў сама люты людаед на свеце. Ён нават не думаў літавацца і ўжо глытаў хлопчыкаў вачыма, вясёла кажучы жонцы, што з іх выйдзе смачнае рагу, калі яна прыгатуе добрую поліўку. Ён прынёс доўгі нож і пачаў яго вастрыць на вялізным брусе на вачах у бедных дзяцей. Потым, схапіўшы аднаго хлопца, ён ужо сабраўся яго зарэзаць, і тут жонка сказала яму:
— Што гэта вы надумаліся на ноч гледзячы? Ці ж заўтра часу не будзе?
— Сціхні! — адказаў людаед. — Калі я іх сёння запраўлю, дык заўтра яны будуць толькі смачнейшыя.
— Але ж у вас яшчэ столькі мяса, — сказала жонка, — і цяля, і два бараны, і палавіна парсючка!
— Ну, добра, — пагадзіўся людаед, — дай ім уволю паесці, каб не схуднелі, ды вядзі хутчэй спаць.
Добрая жанчына вельмі ўзрадавалася. Яна падала хлопчыкам смачную вячэру, але яны былі такія напалоханыя, што зусім не маглі есці. А людаед пачаў піць віно ды ўсё цешыўся, што яму цяпер ёсць чым пачаставаць сваіх сяброў.
Было ў людаеда сем маленькіх дачок. Усе яны былі таўсмаценькія ды чырванашчокія, бо, як і бацька, заўсёды елі свежае мяса. Але вочкі ў іх былі шэрыя, круглыя, насы кручкаватыя, а раты вялікія, з доўгімі, рэдкімі і вельмі вострымі зубамі. Нораў яны мелі яшчэ не надта злы, але часам ужо, здаралася, кусалі дзяцей, каб пасмактаць з іх кроў.
Дачок рана паклалі спаць, і ўсе яны ляжалі ў адным вялікім ложку, а на галаве ў кожнай была залатая карона. У пакоі быў яшчэ адзін такі самы ложак, і на ім людаедава жонка паклала спаць семярых хлопчыкаў, а сама пайшла ў спальню да мужа.
Малое Пальчанё ўбачыў, што на людаедавых дочках залатыя кароны, і, баючыся, каб людаед не перадумаў ды не прыйшоў зарэзаць яго з братамі пасярод ночы, ціхенька ўстаў, зняў з братоў начныя чапцы і надзеў іх на галовы людаедавым дочкам. А залатыя кароны надзеў на сябе і братоў, каб людаед у цемры ўсё пераблытаў і палічыў іх за сваіх дачок, а сваіх дачок — за хлопцаў, якіх збіраўся зарэзаць.
Усё ўрэшце так і выйшла: апоўначы людаед прачнуўся і пашкадаваў, што адклаў на заўтра тое, што мог бы зрабіць адразу. Ён жвава саскочыў з ложка і, схапіўшы вялізны нож, сказаў:
— Ану, паглядзім, што там робяць нашыя галубочкі. І не будзем болей адцягваць справы.
Навобмацак ён падняўся ў пакой да сваіх дачок і падышоў да ложка, на якім ляжалі хлопчыкі. З усіх братоў не спаў толькі Малое Пальчанё. Ён вельмі спалохаўся, калі людаед пачаў абмацваць яго галаву рукой. Але намацаўшы на хлопцах залатыя кароны, людаед падумаў, што гэта ягоныя дочкі, і сказаў:
— Ну і ну! Вось дык штуку я ледзь не ўпар! Відаць, сапраўды я выпіў учора лішку.
Потым ён падышоў да ложка, на якім ляжалі ягоныя дочкі, і, адчуўшы пад рукой начныя чапцы, крыкнуў:
— Ага! Вось вы дзе, шалапуты! Дык папрацуем жа ў ахвотку!
І з гэтымі словамі ён, не вагаючыся, парэзаў усіх дачок. Вельмі задаволены тым, што зрабіў, ён вярнуўся ў спальню і спакойна лёг спаць побач з жонкай.
Як толькі Малое Пальчанё пачуў, што людаед захроп, ён разбудзіў братоў і загадаў ім хутчэй апранацца і йсці за ім. Яны ціха спусціліся ў сад, пераскочылі цераз мураваную агароджу і кінуліся наўцёкі. Ад страху яны беглі ўсю ноч, самі не ведаючы куды.
А людаед прачнуўся раніцай і сказаў жонцы:
— Ідзі наверх ды прыбяры галубочкаў, што заляцелі да нас учора.