Выбрать главу

Калі здарылася гэтая бяда, добрая чараўніца, якая ўратавала прынцэсе жыццё, замяніўшы смерць стогадовым сном, была ў некаторым царстве, у далёкім гаспадарстве, за цэлы тузін тысяч вёрст. Але вестка пра няшчасце была ёй перададзеная ў адно імгненне, і зрабіў гэта карлік, у якога былі сямімільныя боты (а гэта былі такія боты, у якіх адным крокам можна было прайсці ажно сем міль). Чараўніца адразу рушыла ў дарогу і ўжо праз гадзіну пад'язджала да палаца на вогненнай калясніцы, запрэжанай цмокамі.

Кароль выйшаў яе сустракаць, падаў руку і дапамог сысці з калясніцы. Чараўніца ўхваліла каралёвыя загады, але як бо была вельмі прадбачлівая, падумала, што прынцэса засмуціцца, калі прачнецца ў старым палацы зусім адна. І вось што яна зрабіла.

Яна дакранулася сваёй чарадзейнаю палачкай да ўсяго, што было ў палацы (апроч караля з каралевай): да гувернантак, фрэйлін, пакаёвак, кавалераў, служак, дварэцкіх, кухараў, кухарчукоў, брамнікаў, пажоў, лёкаяў. Яна дакранулася таксама да коней у стайнях і да канюшнікаў, да вартавых сабак на птушыным двары і да маленькага Пуфіка, прынцэсінага сабачкі, які ляжаў каля ложка. І ледзь яна да іх дакранулася, як усе адразу пазасыналі, каб прачнуцца разам са сваёй гаспадыняй і быць гатовымі ёй служыць, калі ў тым будзе патрэба.

Нават ражны ў печы разам з нанізанымі на іх курапаткамі ды фазанамі — і тыя заснулі, і агонь — таксама. Усё гэта адбылося ў адну хвіліну, бо чараўніцам не трэба шмат часу, каб зрабіць сваю справу.

Тады кароль з каралевай пацалавалі сваю дарагую дачушку, што спала нязбудным сном, і, пакідаючы палац, загадалі, каб ніхто да яго блізка не падыходзіў. Ды гэтага й не трэба было загадваць, бо ўжо праз чвэртку гадзіны парк вакол палаца зарос такім густым хмызняком, калючымі цернямі, ды вялікімі і маленькімі дрэвамі, што праз іх не змаглі б прадзерціся ні звер, ні чалавек. Палац зусім схаваўся за гэтым зараснікам, і цяпер можна было ўбачыць адны яго вежы, дый тое здалёк. Ніхто не сумняваўся, што і тут чараўніца паклапацілася, каб прынцэса спала спакойна і каб яе не турбавалі ніякія цікуны.

Праз сто гадоў давялося паляваць у тых краях сыну караля, што кіраваў тады каралеўствам (а паходзіў ён ужо не з таго роду, з якога была прынцэса). І вось, калі прынц убачыў па-над лясною гушчэчай нейкія незнаёмыя вежы, ён пачаў пытацца ў людзей: што гэта такое? Кожны адказваў па-рознаму: адны казалі, што гэта замак, у якім жывуць здані, другія — што сюды на шабас з усяго наваколля збіраюцца ведзьмары і вядзьмаркі. Але большасць былі ўпэўненыя, што ў замку жыве людаед, які хапае маленькіх дзетак і зацягвае іх у сваё логвішча, каб спакойна есці, не баючыся пагоні, бо ніхто, апроч яго, не можа пралезці скрозь такую непралазную нетру.

Прынц не ведаў, каму даваць веры, і тут да яго падышоў адзін стары селянін і сказаў:

— Мой гаспадару, гадоў таму пяцьдзесят, а мо й болей, чуў я ад свайго бацькі, што ў гэтым палацы ляжыць найпрыгажэйшая ва ўсім свеце прынцэса і што яна павінна праспаць сто гадоў. А потым яе, нібыта, разбудзіць малады каралевіч, якому яна і будзе суджаная.

Пры гэтых словах прынца як агнём апаліла. Ён зразумеў, што пакласці крэс гэтым чарам, без сумнення, выпадае яму. І, прагнучы кахання і славы, ён пастанавіў, што зараз жа пойдзе і ўбачыць прынцэсу. Ледзь толькі ён рушыў да зарасніка, як усе дрэвы, і хмызняк, і калючае церне самі сабой расступіліся і далі яму дарогу. Ён пабег да замка, які віднеўся ў канцы гэтага вялікага праходу, і яго толькі трошкі здзівіла, што ніхто з яго світы не здолеў пайсці за ім, бо як толькі ён ступаў крок наперад, дрэвы за спінаю ў яго зноў спляталіся шчыльнай сцяной. Але ж таму, хто малады і закаханы, нічога не страшна, і прынц смела ішоў наперад.

Неўзабаве ён апынуўся на вялікім двары перад палацам. Тое, што адкрылася тут ягоным вачам, магло б кожнага ўвагнаць у жах: тут стаяла страшная цішыня, паўсюль паўставалі выявы смерці, вакол ляжалі нерухомыя целы людзей і жывёл… Але зірнуўшы на прышчавыя насы і чырвоныя твары брамнікаў, прынц адразу здагадаўся, што яны зусім не памерлі, а ўсяго толькі спяць, і што, калі іх адолеў сон, яны проста мірна пілі віно, бо і цяпер яшчэ ў руках у іх былі недапітыя кубкі.

Прынц прайшоў праз другі двор, брукаваны мармурам, падняўся па лесвіцы і ўвайшоў у вартаўнічую залу. Там са стрэльбамі на плячах роўнымі шэрагамі стаяла варта і храпла сабе на ўсю моц. Прынц рушыў далей, адну за адной праходзячы залы, у якіх — хто стоячы, хто седзячы — спалі прыдворныя кавалеры і дамы. Нарэшце ён увайшоў у залачоны пакой, і тут яго вачам адкрылася такое хараство, якога яму яшчэ ніколі не даводзілася бачыць. На ложку з рассунутымі фіранкамі ляжала прынцэса. З выгляду ёй было гадоў пятнаццаць-шаснаццаць, і ўся яна нібыта свяцілася дзівосным, незямным бляскам.