Каб дзяўчаты маглі пазнаёміцца з ім трошкі лепей, запрасіў іх Сіняя Барада, разам з маці і трыма-чатырма сяброўкамі ды некалькімі хлопцамі з суседзяў, у адзін свой загарадны маёнтак, дзе гасцявалі яны цэлы тыдзень. Увесь час госці толькі гулялі ці хадзілі на шпацыр, палявалі ці лавілі рыбу, ладзілі скокі, строілі банкеты ды балі. Пра сон ніхто і не думаў, і ўсе ночы госці пацяшаліся, выдумляючы розныя штукі ды жарты. Усё было так добра, што малодшай дачцэ пачало нават здавацца, быццам барада ў гаспадара не такая ўжо сіняя, дый сам ён — чалавек вельмі прыстойны. І вось па вяртанні ў горад яны адразу згулялі вяселле.
Месяцам пазней сказаў Сіняя Барада сваёй жонцы, што трэба яму па адной важнай справе без адкладу ехаць у вёску — тыдняў, прынамсі, на шэсць. І папрасіў яе не вельмі журыцца, а знайсці якую забаву: няхай, сказаў, калі захоча, пакліча сябровак, можа, паедзе з імі за горад, а галоўнае, дзе б ні была, няхай не забывае як след есці ды піці.
— А гэта вось табе ключы, — дадаў ён. — Гэтыя да дзвюх галоўных камораў, гэтыя — да залатога і срэбнага посуду, што ставяць на стол толькі на святы, гэтыя — да куфраў з залатымі і срэбнымі манетамі, гэтыя — да скрыняў з каштоўным каменнем, а гэтым можна адчыніць усе пакоі ў палацы. І вось яшчэ маленькі ключык — да каморкі на ніжнім паверсе, у самым канцы вялікага калідора. Можаш хадзіць паўсюль, усё адчыняць, але ў гэтую каморку ўваходзіць я строга забараняю. Забараняю так, што калі гэта здарыцца, ты павінна любой бяды чакаць ад майго гневу.
Жонка паабяцала выконваць усё, як было загадана, а Сіняя Барада пацалаваў яе, сеў у карэту і пакаціў.
Суседкі і сяброўкі вырашылі не чакаць, пакуль маладая гаспадыня запросіць іх у госці, а ўсе прыйшлі самі — так ім карцела паглядзець на багацці, якіх у яе, па чутках, быў повен дом. Пры мужы яны баяліся да яе прыходзіць, бо іх вельмі палохала яго сіняя барада. А цяпер усе адразу кінуліся аглядаць пакоі, каморы ды гардэробы, і чым далей, тым болей захапляліся іх хараством і багаццем. Калі ж яны зайшлі ў кладоўкі, іх захапленню зусім не стала ні краю ні берагу — чаго там толькі не было: і раскошныя дываны, і пышныя ложкі, і канапы, і шафы, і столікі, і сталы, і люстры, у якіх можна бачыць сябе з галавы да пят, — адны ў каляровых шкляных рамах, другія ў срэбных, трэція ў залачоных, і ўсе такія дзівосныя і такія прыгожыя, што такіх у жыцці ніхто ніколі не бачыў. Суседкі і сяброўкі безупынку хвалілі маладую гаспадыню і вельмі зайздросцілі яе шчасцю. А дзяўчыну зусім не цешылі ўсе гэтыя скарбы: ёй рупіла хутчэй пайсці і адчыніць каморку ўнізе, у канцы калідора.
Цікаўнасць настолькі апанавала яе, што яна і не падумала, як няветліва кідаць гасцей адных, і цішком пабегла ўніз па маленькай патаемнай лесвіцы ды так спяшалася, што ледзь галаву сабе не скруціла. Каля дзвярэй у каморку яна спынілася і раптам успомніла, што муж забараніў у яе ўваходзіць. «Ах! — падумала яна. — Будзе мне ліханька, што я не паслухалася.» Але спакуса была такая вялікая, што дзяўчына не магла ўжо яе адолець: яна ўзяла ключык і дрыготкай рукой адчыніла дзверы ў каморку.
Спачатку яна нічога не ўбачыла: у каморцы было цёмна, вокны былі зачыненыя. Але праз хвіліну яна заўважыла, што ўся падлога заліта спечанаю крывёй і ў гэтай крыві адбіваюцца целы нежывых кабет, прыкутых уздоўж муроў, — гэта былі жанчыны, з якімі Сіняя Барада спачатку жаніўся, а потым забіваў адну за адной. Яна ледзь не памерла ад жаху, і ключык, які яна ўжо выняла, выпаў у яе з рукі.
Калі ж яна нарэшце апамяталася, яна падняла ключык, зачыніла дзверы і паднялася да сябе ў пакой, каб трошкі ачуцца. Але яна была такая перапалоханая, што супакоіцца ёй ніяк не ўдавалася.
Раптам яна заўважыла, што ключык запэцкаўся ў крыві. Яна паспрабавала яго абцерці — і раз, і другі, і трэці, але кроў не адставала. Яна яго і мыла, і нават церла пяском і жвірам, а кроў усё роўна заставалася. Ключык быў чарадзейны, і адчысціць яго было немагчыма: абатрэш кроў з аднаго боку, а яна выступае з другога.