Таго ж вечара вярнуўся з вандроўкі Сіняя Барада. Ён сказаў жонцы, што па дарозе атрымаў ліст, у якім яму паведамлялі, што справа, дзеля якой ён ехаў, вырашылася на яго карысць. Жонка ўсімі спосабамі старалася паказаць, як радуецца, што ён так хутка вярнуўся.
Назаўтра ён папрасіў у жонкі ключы. І калі яна іх аддавала, рукі ў яе так калаціліся, што Сіняя Барада адразу здагадаўся пра ўсё, што здарылася.
— Чаму гэта, — спытаў ён, — разам з іншымі няма ключыка да каморкі?
— Я, напэўна, пакінула яго наверсе, у сябе ў пакоі на стале, — адказала яна.
— Прынясі мне яго, — сказаў Сіняя Барада, — і хутчэй.
Пасля розных адцяжак ды адгаворак, ключык давялося такі аддаваць. Сіняя Барада агледзеў яго і сказаў:
— Адкуль гэта на ключы кроў?
— Не ведаю, — адказала няшчасная жанчына і спалатнела як нежывая.
— Ты не ведаеш?! — перапытаў Сіняя Барада. — Ну, дык я ведаю! Ты хацела ўвайсці ў каморку! Што ж, добра. Ты ўвойдзеш туды — і зоймеш сваё месца побач з іншымі жанчынамі, якіх ты там бачыла.
Яна кінулася мужу ў ногі, пачала плакаць, прасіць прабачэння і, па ўсім відаць, шчыра раскайвалася, што была такая непаслухмяная. Здаецца, нават камень расчуліўся б ад маленняў такой прыгажуні. Але ў Сіняе Барады сэрца было чарсцвейшае за камень.
— Ты павінна памерці, — прамовіў ён, — і зараз жа!
— Калі ўжо я павінна памерці, — сказала жонка, гледзячы на яго вачыма, поўнымі слёз, — дык дай мне хоць трошкі часу памаліцца Богу.
— Даю табе паўчвэрткі гадзіны, — адказаў Сіняя Барада, — і ні хвіліны болей.
Калі ён пайшоў і бедная жанчына засталася адна, яна паклікала сваю сястру і сказала ёй:
— Сястра мая Ганна (а так яе звалі), прашу цябе, падыміся на вежу ды паглядзі, ці не едуць нашыя браты, яны абяцалі сёння завітаць да мяне ў госці. Калі іх убачыш, дай ім знак, каб яны паспяшаліся.
Сястра Ганна паднялася на вежу, а нябога ў вялікім смутку час ад часу гукала яе:
— Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?
А сястра Ганна адказвала:
— Не відаць нічога, толькі сонейка яснее, толькі траўка зелянее.
Тым часам Сіняя Барада схапіў вялізны нож і крыкнуў на ўсё горла:
— Ану, спускайся хутчэй, ці зараз я сам да цябе падымуся!
— Зараз, зараз, калі ласка, яшчэ хвілінку, — адказала жонка і зноўку ледзь чутна гукнула:
— Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?
А сястра Ганна адказвала:
— Не відаць нічога, толькі сонейка яснее, толькі траўка зелянее.
— Ану, спускайся хутчэй, — крыкнуў Сіняя Барада, — ці зараз я сам да цябе падымуся!
— Ужо іду, — адказала жонка, а сама зноў гукнула сястру. — Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?
— Бачу, бачу! — адказала сястра Ганна. — Вялізны слуп пылу! Ён набліжаецца да нас…
— Ці не нашыя гэта браты?
— Ах, сястра мая, на жаль, не, гэта статак бараноў…
— Ці спусцішся ты нарэшце? — крыкнуў Сіняя Барада.
— Яшчэ адну хвілінку, — адказала жонка і зноў гукнула сястру. — Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?
— Бачу, — адказала тая, — два коннікі скачуць сюды, але яны яшчэ вельмі далёка.
І праз хвіліну дадала:
— Дзякуй Богу, гэта нашыя браты! Зараз я дам ім знак, каб яны паспяшаліся.
Тут Сіняя Барада закрычаў так моцна, што ўвесь палац скалануўся. Нябога выйшла да мужа і ў слязах, з раскудлачанымі валасамі, кінулася яму ў ногі.
— Усё дарма, — сказаў Сіняя Барада. — Настаў твой смяротны час!
Ён ухапіў яе адной рукою за валасы, другой падняў свой страшны кухонны нож і ўжо мерыўся быў адсячы ёй галаву… Бедная кабета зірнула на мужа змярцвелымі вачыма і апошні раз папрасіла:
— Дай мне яшчэ хоць адно імгненне.
— Не, не! — адказаў ён. — Бог за цябе памоліцца.
Ён падняў руку і…
У гэтую хвіліну пачуўся такі моцны грукат у браму, што ад нечаканасці Сіняя Барада спыніўся. Брама не вытрымала, расчынілася, і на двор уляцелі два коннікі. Яны адразу выхапілі шпагі і кінуліся да Сіняе Барады.
Убачыўшы братоў сваёй жонкі — а з іх адзін быў драгун, а другі мушкецёр — Сіняя Барада кінуўся наўцёкі. Але браты дагналі яго раней, чым ён паспеў узбегчы на ганак. Яны працялі яго наскрозь шпагамі і кінулі паміраць. Бедная жонка Сіняе Барады была і сама ледзь жывая, у яе не было сілы нават падняцца і абняць сваіх ратаўнікоў.
Сталася так, што ў Сіняе Барады зусім не было спадкаемцаў, і ўсе яго скарбы засталіся ягонай жонцы. Адну частку мужавага багацця яна выкарыстала, каб выдаць сястру Ганну за маладога пана, які быў даўно ў яе закаханы; на другую — купіла братам капітанскія чыны, а за астатняе — сама згуляла вяселле з вельмі сумленным і добрым чалавекам, з якім хутка забылася на ўсё гора, што ёй давялося перажыць з Сіняю Барадой.