Выбрать главу

— Дэйсі, ты не казала мне, што чакаеш ліст, — сказала цётка Аўгуста абвінавачвальным тонам і працягнула мне адкрыты канверт. Не ведаю, паспела яна прачытаць увесь ліст цалкам ці толькі першыя радкі, але да канца сняданку яна раз-пораз паглядала на мяне з сумессю здзіўлення і дакору. Нават не ведаю, чым яна была незадаволена больш: тым, што трапіла ў няёмкае становішча, прачытаўшы чужы ліст, тым, што яе падчарцы піша нейкі падазроны ананім, ці тым, што змест ліста быў загадкавым і незразумелым, а выхаванне не дазваляла цётцы накінуцца на мяне з пытаннямі. У такія моманты я выразна адчуваю, што я ёй не родная. З Алісы ці Эмы яна б усю душу вытрасла, не чакаючы канца сняданку.

«Мілая Дэйсі, — пісаў сэр Лемюэль Грымсвотн-малодшы, — прайшло ўжо шмат часу з моманту нашай сустрэчы, а я бесперастанку думаю пра вас. Учора я перабіраў сямейны архіў і знайшоў адну надзвычай цікавую паперку. Буду рады, калі вы наведаеце мяне ў любы зручны для вас час і азнаёміцеся з гэтым дакументам. Магчыма, у ім змяшчаецца менавіта тое, што вы шукаеце. Нямышы перадаюць прывітанне і махаюць лапкамі. Ваш пакорлівы слуга Л.».

Я перачытала ліст тройчы, потым успомніла пра астылую гарбату. Усё сямейства глядзела на мяне. Вось так, дзякуючы сэру Лемюэлю-малодшаму, я стала крышачку бачнай.

Вядома, мне было да смерці цікава, што ж такое адшукаў у прадзедавых паперах сэр Лемюэль. Адрас злога чараўніка, які заваражыў мяне? Рэцэпт здабыцця бачнасці? Карту, на якой крыжыкам пазначана сакрэтнае месца, дзе закапана бутэлечка з патрэбным мне зеллем? А можа, фатаграфію прабабулі і прадзеда, дзе яны дружна паказваюць языкі і дражняцца?

Я ўзяла сябе ў рукі. Хопіць! Я больш не дазволю сабе адчуць надзею, каб потым ізноў не парэзаць рукі, збіраючы аскепкі пабітай мары. Гэтак па-мастацку разважаючы, я прыбрала ліст у скрыню з рукадзеллем і стала жыць далей. І толькі праз два тыдні, калі цётка Аўгуста з дочкамі паехала на нечы дзень нараджэння, я апавясціла

бабулю, што адпраўляюся ў Млынавы Раўчук за пакупкамі. Я і праўда збіралася набыць трохі тасьмы і чарніл, так што зусім не хлусіла. Можа быць, і бабулі купіць чаго-небудзь? Шкіпінару дзёгцевага мыла ці, магчыма, піва для смоўжавых пастак? Бабуля пакруціла галавой.

— Я б не раіла табе звязвацца з гэтымі Грымсвотнамі, — сказала яна пахмурна. — Нічога добрага ты ад іх не дачакаешся.

Я прамаўчала. Тое, што бабуля не любіць Грымсвотна-старэйшага, я ўжо зразумела. Цяпер выявілася, што яе нелюбоў распаўсюджваецца на ўсё сямейства. Сямейства ведзьмака. Цікава, можа, і праўнук зарабляе тым жа, проста мне не прызнаўся? Ды я ж і не пыталася.

Частка 7

У гэты раз я спачатку справіла пакупкі і на Самшытавай вуліцы з’явілася ўжо з пакункамі. І чым бліжэй падыходзіла да дому, тым больш гэта месца зноў здавалася мне знаёмым. Быццам я бывала тут шмат разоў.

Дзіўна, але сэр Лемюэль-малодшы сапраўды чакаў майго візіту. Чыста паголены, прычасаны, у свежай кашулі, ён сустрэў мяне ля брамкі і паведаміў, што ўбачыў маё набліжэнне ў падзорную трубу.

— Ледзь паспеў спусціцца з грушы! — сказаў ён радасна.

— З грушы? — перапытала я. У нашай сям’і ніхто не лазіць па дрэвах, і я крыху разгубілася, не разумеючы, жартуе ён ці гаворыць сур’ёзна.

— Ну так, — ён паказаў рукой у сад, — калі ўзлезці на верхнія галінкі, можна ўбачыць усю Самшытавую вуліцу і кавалачак Галоўнага праспекта. Наогул, я правяраў гняздо мазгаклюя, ці не вылупіліся яшчэ птушаняты. А заадно і прасторы акінуў вокам, прадзедаву трубу трэба час ад часу выводзіць пагуляць. Вы ішлі павольна. Напэўна, у вас цяжкія пакупкі ці каменьчык нацёр нагу?

Пакупкі былі няцяжкія, але не распавядаць жа яму пра мой каменьчык? Таму я прамаўчала і загадкава ўсміхнулася. Гэты ўрок я засвоіла з ранняга дзяцінства, калі дарослыя невыразна ўсміхаліся ў адказ на мае няёмкія пытанні.

— Я так рады, што вы знайшлі час і выбраліся ў дарогу, — казаў сэр Лемюэльмалодшы, адчыняючы перада мной парадныя дзверы. — Ведаеце, наша гутарка не выходзіла ў мяне з галавы. Каюся, я нават распавёў пра вас маёй матухне. Не, не хвалюйцеся, — выклікнуў ён, заўважыўшы маё хваляванне, — я распавёў усё самае лепшае пра вас! І мая матухна сказала, што калі вы шукалі прадзеда, то, відавочна, вам і праўда вельмі патрэбна дапамога. Я быў зусім немаўлём, калі прадзед памёр, і, на жаль, дрэнна яго памятаю. Але мама распавяла мне шмат чаго. Ён дапамог столькім людзям! Пагалоска пра яго чароўныя зеллі разышлася далёка па краіне, і амаль кожны дзень да яго прыязджалі людзі ды казалі гэтак жа, як і вы: «Сэр Лемюэль, толькі вы можаце мне дапамагчы!» І ён дапамагаў! Мама нават паказала мне кнігу з падзякамі.