Выбрать главу

Цётачка Мод аказалася ветлівай карпулентнай дамай нявызначанага ўзросту. Вы заўважалі, што худыя жанчыны ў старасці пакрываюцца сетачкай маршчын, як старадаўнія кітайскія вазы, а поўныя застаюцца пры гладкай скуры, як туга набітыя пухам падушачкі? Цётачка Мод уся складалася з падушачак, вобразна кажучы. І ўвесь у падушачках быў яе дом. Калі б існавалі вымяральнікі ўтульнасці, што ацэньвалі б інтэр’ер па ступені напоўненасці котачкамі, ружачкамі, рушачкамі, то ў доме цётачкі Мод такой утульнамер ашалеў бы, зашкаліў і назаўжды сапсаваўся. Але, увогуле, кароткачасовы візіт да гэтай дамы не мог нанесці сур’ёзнай шкоды чалавеку са здаровай псіхікай.

Цётачка сустрэла нас гарачымі абдымкамі. Пахла ад яе таксама, як ад утульнай і старадаўняй канапавай падушачкі — трохі кававым зернем, трохі зляжалай тканінай, трохі кніжным пылам, і да ўсяго гэтага прымешваўся цяжкаваты і салодкі пах прагорклых ад часу духоў. Нас правялі ў гасціную, пасадзілі на мяккую пульхную канапку, абклалі падушачкамі, сунулі пад ногі зручныя пуфы і прыняліся разглядаць. Для бессямейных пажылых людзей візіт маладога пляменніка з’яўляецца вялікай падзеяй, а ўжо калі гэты пляменнік прыводзіць з сабой незнаёмую дзяўчыну.

— Якія вы лапачкі, успомнілі пра старую цётачку Мод, — ціўкала яна, разлі ваючы гарбату па ўзорыстых кубачках і прысоўваючы да нас бліжэй цукерніцы і бісквітніцы, поўныя разнастайных страў. — Ах, Лем, дзетка, я ж памятаю цябе зусім малюсенькім, вось такусенькім, — і яна паказала вялікім і ўказальным пальцамі нешта, што памерамі нагадвала багоўку.

— Аднойчы ён запоўз пад стол, каб дастаць мячык, а потым падняўся на ногі і выцяўся галавой аб стальніцу, — звярнулася яна да мяне. — Як ён рыдаў, небарака! Мне давялося падарыць яму свой скураны футляр для акуляраў, ён любіў гуляцца з ім, ты памятаеш, Лемюэль? — зарагатала цётачка, як сава. — Ён трымаў у маім футляры жукоў-ванючак!

Лемюэль усміхаўся, чакаючы зручнага моманту, каб завесці гаворку пра сакрэтнік.

— Дэйсі, у вас ёсць браты ці сёстры? — тым часам дапытвалася цётачка. — Сёстры? Гэта цудоўна. Калі ў сям’і шмат дзяўчынак, яны вырастаюць умелымі

гаспадынямі, і старэйшыя могуць навучаць малодшых розным жыццёвым прамудрасцям, пакуль маці занята.

Бачыла б яна Алісу, падумалася мне.

— Вы ведаеце, Дэйсі, няма большага шчасця на зямлі, чым сям’я, — працягвала вухкаць цётачка Мод. — Я так рада, што дажыла да вяселля Лема. Ён мой любімчык, але такі педантычны і пераборлівы. Я ўжо думала, што ён ніколі не ажэніцца!

— Вяселле? — перапытала я здзіўлена і зірнула на Лемюэля, а ён (якая прыкрасць!) адвёў вочы, нібы яму было няёмка, што ўтаіў такі важны факт ад мяне.

— Спачатку я памкнулася была да краўца, — працягвала цётачка, — падумала замовіць новую сукенку. Але з іншага боку, тую глазетавую, з палярынкай, я апранала толькі два разы. Ах, Дэйсі, я люблю вяселлі, а вы?

Мне давялося прамямліць, што і я люблю іх таксама. Хоць насамрэч я цярпець не магу вяселлі. Можа, таму, што пышнае святкаванне ператвараецца потым у аднастайныя будні, і, гледзячы на сямейныя пары розных узростаў, што часта бываюць у нашым доме, я ніяк не магу зразумець: куды знік той бляск вачэй, тая святочная прыўзнятасць, чаму нядаўна ён насіў яе на руках і ўхутваў сваім шалікам, а сёння строга вымаўляе праз лішнюю лыжку цукру ці мізэрную пераплату за ваду, а яна глядзіць на яго з нянавісцю, калі ён павучальным тонам пачынае напышліва распавядаць прысутным, як трэба правільна выхоўваць дзяцей… Можа, я разважаю пастарэчы, але мне і сапраўды здаецца, што вяселле — наскрозь фальшывая падзея, дзе сталыя госці, што ўжо ведаюць праўду, прыкідваюцца, як могуць, каб не засмуціць наіўных маладых, якія лічаць, што менавіта ў іх усё абавязкова складзецца інакш… А можа, уся справа ў тым, што да нас — у дом цёткі Аўгусты — не прыходзяць па-сапраўднаму шчаслівыя пары?

Частка 9

Мае дамашнія праводзілі мяне вачыма, калі я вярнулася і без адзінага гуку прайшла ў свой пакой, дзе і правяла вечар, не спусціўшыся на вячэру. Наступныя некалькі дзён я была яшчэ больш маўклівай, чым звычайна. Мяне не чапалі, не распытвалі, але я адчувала трывожную і цікаўную ўвагу. Хвалявалася бабуля. Яна, якніяк, гадавала мяне з самага маленства, і, нягледзячы на сваю штучную суровасць, вельмі мяне любіла, а строга ставілася таму, што хацела з дзяцінства загартаваць і прызвычаіць да няпростага жыцця. Што ж, бабуля, мабыць, я з тых персон, хто вучыцца выключна на сваіх памылках.

Цётка Аўгуста і сёстры не перажывалі за мяне, але ім было вельмі цікава, куды ж я ездзіла і што за мужчына піша мне ліст за лістом. Так, я атрымала яшчэ некалькі лістоў ад Лемюэля. Прачытала іх усе: спадзявалася, што ён знайшоў дзверцы з драконамі, за якімі хаваецца самы дзейсны сродак са старонкі 87. Але не, Лем нават не згадваў пра ключ. Пісаў усялякае глупства пра нямышаў, у якіх нарадзіліся нашчадкі, пра мазгаклюя, што выседжваў птушанят на старой грушы, пра завяртушак, якія зноў пакінулі сляды ў пыле, — пэўна, намякаюць, што нядрэнна б прыбрацца. Усе гэтыя выдумкі перамяжоўваліся ўспамінамі пра нашы сустрэчы, але таксама нейкім j дзіўным чынам. «Ты вельмі спадабалася цётачцы Мод, — пісаў ён, напрыклад. — Яна кліча цябе ў госці і хоча падарыць сваё футравае манто, пакуль яго яшчэ не з’ела моль. Я цалкам яе падтрымліваю. Упэўнены, ты разбрярэшся з падарункам значна лепш за моль. Зрэшты, калі ты вырашыш усё ж з’есці гэта футра, мы з цётачкай не будзем перашкаджаць, у кожнага свае дзівацтвы, і трэба ставіцца да іх паважліва». Яшчэ ён згадваў пра сваё хуткае вяселле: «Я абую цёмна-фіялетавыя туфлі з вострымі мысамі, а ў пятліцу ўстаўлю ранункулюс. Як ты думаеш, вясельны букет з ружовых ранункулюсаў — гэта не занадта задзірліва? Мая нявеста вельмі строгіх правіл, і як бы мне не атрымаць гэтым букетам па галаве».